Новы Арлеан: жыццё пасля катастроф

29 жніўня мінула 5 гадоў пасля найбуйнейшага ў гісторыі ЗША ўрагану “Катрына, які пранёсся над Мексіканскім залівам і ўдарарыў па ўзбярэжжы штатаў Флорыда і Луізіяна. Толькі ў Новым Арлеане, сталіцы Луізіаны, 20% бяднейшага насельніцтва якога (а разам з прыгарадамі гэта больш як 250 тысяч чалавек) не здолела своечасова пакінуць горад, колькасць ахвяраў склала 1836 чалавек, эканамічныя страты — каля 81 мільярдаў долараў. Насельніцтва цэнтральнай часткі горада скарацілася з 484 тысяч у 2000 годзе да 311 тысяч у 2008-м.



38811c5285e34e2e3319ab7d9f2cfa5b.jpg

29 жніўня мінула 5 гадоў пасля найбуйнейшага ў гісторыі ЗША ўрагану “Катрына, які пранёсся над Мексіканскім залівам і ўдарарыў па ўзбярэжжы штатаў Флорыда і Луізіяна. Толькі ў Новым Арлеане, сталіцы Луізіаны, 20% бяднейшага насельніцтва якога (а разам з прыгарадамі гэта больш як 250 тысяч чалавек) не здолела своечасова пакінуць горад, колькасць ахвяраў склала 1836 чалавек, эканамічныя страты — каля 81 мільярдаў долараў. Насельніцтва цэнтральнай часткі горада скарацілася з 484 тысяч у 2000 годзе да 311 тысяч у 2008-м.

(Цэнтр Новага Арлеана 29 жніўня 2005 г.)


І тут новая бяда — 20 красавіка 2010 года на нафтавай платформе BP (British Petroleum) Deepwater Horizon у Мексіканскім заліве ў 80 кіламетрах ад узбярэжжа Луізіяны адбыўся выбух. У выніку ў воды заліва за некалькі месяцаў вылілася ад 4,1 да 4,9 мільёна барэляў нафты — найбольшая колькасць за ўсю гісторыю падобных аварый. Загінула 11 са 126 нафтавікоў на вышцы. 22 красавіка платформа затанула.
Толькі 19 верасня сусветныя СМІ паведамілі: уцечка нафты з аварыйнай свідравіны канчаткова спынена. Выдаткі кампаніі на працэдуру ачысткі наваколля склалі 8 мільярдаў долараў, на кампенсацыі пацярпелым зарэзервавана 20 мільярдаў, агульныя выдаткі, праўдападобна, дасягнуць 32 мільярдаў. Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ўрад краіны прыкладзе ўсе намаганні, каб ліквідаваць наступствы ўцечкі нафты: «Гэты шлях будзе няпросты, але мы працягнем шчыльна супрацоўнічаць з людзьмі, што жывуць на ўзбярэжжы, каб аднавіць іх крыніцы існавання, а таксама навакольнае асяроддзе».
Пра наступствы тых катастроф я папрасіў расказаць іх відавочца, сталага жыхара Новага Арлеана, Джона Экснішаса, які апошнія 15 гадоў працаваў ва ўрадзе штата Луізіана. Перад тым ён некалькі разоў бываў на Беларусі, у першыя гады нашай незалежнасці праводзіў у рамках дзейнасці фонда The Krieble Institute семінары для бізнесоўцаў («Як напісаць бізнес-план з заходнім партнёрам») і палітычных актывістаў. Памятаецца, з якім жахам перад выбарамі ў 1994 годзе на двухдзённых занятках у Магілёве Джон спрабаваў пераканаць аслепленых харызмай Лукашэнкі дэмакратаў, што перад імі — трывіяльны папуліст, ад якога краіна яшчэ нацерпіцца. Як у ваду глядзеў. Прапаную яго каментар па трагічных падзеях на ўласнай радзіме.
Аляксей Хадыка

--------------------------------------------------------------------------
— Як аварыя на нафтавай платформе паўплывала на Новы Арлеан?
— Паколькі Новы Арлеан не выходзіць непасрэдна да заліву, экалагічна ён не пацярпеў. Шкода нанесена навакольным балотам і ліманам, але яна меншая, чым чакалася ў выніку такога вялікага выкіду нафты. Шмат нафты прыбралі непасрэдна ў моры, а выкарыстанне дысперсантаў забяспечыла выпарэнне і распад нафты. Большасць, якую немагчыма палічыць, знікла: тое, што трапіла на ўзбярэжжа, прыбралі, нешта засталося ў багністых берагах.
На думку эколагаў, асноўная маса нафты пакуль застаецца ў заліве, у той час як дзяржаўныя чыноўнікі і ВР сцвярджаюць, што яна выпарылася, разбураная мікраарганізмамі, або, распаўшыся на малыя часцінкі, апусцілася на дно.
Галоўны вынік — сапсаваны турыстычны сезон на пляжах Флорыды і Алабамы, у той час як Луізіана больш пацярпела ад закрыцця рыбных промыслаў. Болей за 40 працэнтаў прадуктаў мора ў ЗША здабываюцца ў Луізіане. Прамысловая нарыхтоўка устрыц, крэветак, крабаў — пацярпела ўсё. Нямала рыбакоў, пазбаўленых магчымасці здабываць рыбу, уладкаваліся на ВР па зборы разлітай нафты, і, падобна, зарабілі больш грошай, чым на сваім звычайным промысле.
Больш непакоіць доўгатэрміновае падзенне рэпутацыі нашых морапрадуктаў. Падаецца, што мільярдная сума, патрачаная на ачыстку і рамонт вышкі са свідравінай, перавышае кошт недаатрыманых даходаў ад рыбалоўства, турызму і рэстараннага бізнесу. Як заўсёды, ёсць тыя, хто выйграў і хто прайграў. Асноўная частка гараджан не мела іншага клопату, апрача паху нафты, які часам прыносіў вецер з поўдня. Недальнабачны мараторый на вытворчасць у заліве, накладзены Абамай, сур’ёзней б’е па Луізіане, чым сама аварыя: тысячы людзей на мностве працоўных месцаў па-за берагам зараз вымушаны прастойваць. Мараторый мог паўздзейнічаць на вытворчасць на платформах у глыбокіх, аддаленых ад берага месцах. Але гэта дарагія праекты, і гаспадары вялікіх нафтаздабываючых платформ ужо папросту перасунулі іх да ўзбярэжжаў Бразіліі і Афрыкі.

Затопленыя кварталы Новага Арлеана. Здымак Джона Экснішаса.


— Ці адчуваецца ў рэгіёне сур’ёзны ўплыў экалагічнай катастрофы, ці штосьці змянілася ў жыцці горада і навакольных раёнаў?
— З Новым Арлеанам усё ў парадку. Нягледзячы на шкоду рыбалоўству, выплачаны вялікія кампенсацыі, таму і доўгатэрміновыя перспектывы не выгляда­юць такімі сумнымі, як падавалася напачатку.
— Ці праўда, што аварыя можа мець глабальнае ўздзеянне: праз змяншэнне выпарэнняў у Мексіканскім заліве — на рух Гальфстрыму і аж да змяненняў клімату?
— Падаецца, гэта перабольшванне. Тая мёртвая рыба, знойдзеная ў заліве, — вынік з’яўлення вуглекіслаты ў вадзе з-за вялікай колькасці парэшткаў сельскагаспадарчых угнаенняў, якія штогод у гэтыя месяцы нясе ў мора Місісіпі. Шматлікія тэсты морапрадуктаў на атручванне даюць адмоўны вынік. У тое, што кажуць эколагі, не варта верыць больш чым на 10%.
— Ці ёсць сацыяльныя вынікі аварыі?
— У асноўным гэта масавыя злоўжыванні з мэтай атрымаць кампенсацыю, таксама як гэта рабілася пасля ўрагану “Катрына. Падобныя катастрофы здольныя высвечваць у чалавечай натуры як добрае, так і злое. Напрыклад, пацярпелі бедныя рыбакі, якія звычайна прадавалі здабычу за наяўныя, пазбягаючы падаткаў, і таму не маглі прад’явіць паперы для кампенсацыі. Іншыя ж толькі зарабілі.
— А як з “Катрынай, ці пераадолены ў Луізіане наступствы ўрагану пяцігадовай даўніны?
— Пяць гадоў пасля ўрагану некаторыя часткі гораду — пераважна бедныя — выглядаюць, як быццам ён здарыўся 3 месяцы таму. Прыкладна чвэрць гарадскога насельніцтва пераехала ў пошуках лепшага жыцця ці перасялілася з горада ў навакольныя раёны. У той час, як мой раён (Нэльсан Стрыт), дзе вада падымалася толькі на 3 футы, ужо праз год вярнуўся да нармальнага жыцця.
— Наколькі змянілася атмасфера гарадскога жыцця, склад насельніцтва?
— Усё залежыць ад раёна. Прыехала багата мексіканцаў, гішпанамоўных рабочых (многія нелегальна), і значная іх частка засталася. Яны вынеслі асноўны цяжар адбудовы горада. Колькасць чорнага насельніцтва скарацілася на 10% — з 70% да 60%, так што пасля ўрагану белыя партыі ўпершыню за доўгі час аказаліся здольныя выйграць выбары. Тысячы белых валанцёраў з усёй краіны прыехалі ў складзе дабрачынных царкоўных груп, некаторыя вырашылі застацца, каб зрабіцца персанальнай часткай аднаўлення жыцця горада. А так — з Катрынай звязана больш міфаў, чым праўды.

Катрына ў Новым Арлеане: вада і полымя.


— Які стан знакамітага культурнага жыцця горада, асабліва музычных фестываляў, Mardi Gras і іншых?
— The FQ (французскі квартал, гістарычная частка ў цэнтры горада) застаўся некранутым стыхіяй: паколькі лепшыя кварталы будаваліся на ўзвышшы. Культурная атмасфера засталася некранутай, ужо амаль аднавіўся ўзровень турызму. Рэстарацый увогуле адчынена болей, чым да “Катрыны, прытым што насельніцтва скарацілася амаль на 100 тысяч. Mardi Gras, Jazz Fest і сотні іншых фестываляў праводзяцца, як нічога не было.
Што засталося ў памяці пасля “Катрыны: як кожная катастрофа, яна выклікала праявы крайнасцяў: жыццё рэзка мянялася, адбыўся выбух самагубстваў, былі напады на суды і паліцыю. Частка людзей паводзіла сябе гераічна, частка — займалася рабаўніцтвам і падпаламі…

Нафта на берагах Луізіаны. Лета 2010 г.


P. S. Новы Арлеан, ці Горад паўмесяца («Crescent city»), такую назву-мянушку ён атрымаў за прыгожы выгін магутнай ракі Місісіпі, аднаўляецца. Аднаўляецца адзін са старэйшых цэнтраў ЗША, сталіца поўдня, унікальнае месца сустрэчы рознанацыянальных культур. Заснаваны ў 1718 годзе французамі, якія захапілі гэтыя землі ў апошняй чвэрці XVII стагоддзя, названы ў гонар Філіпа Арлеанскага, рэгента пры малалетнім каралі Францыі Людовіку XV. У 1763 годзе ён перайшоў да іспанцаў, у 1800-м — зноў да французаў. Нарэшце, быў прададзены Напалеонам за 15 мільёнаў долараў ЗША ў 1803 годзе — адна з буйнейшых у гісторыі зямельных здзелак.
Так французскія і іспанскія ўплывы перапляліся з мясцовымі крэольскімі і індзейскімі, спалучаючы моцныя каталіцкія традыцы з незвычайнымі магічнымі культамі, накшталт вуду. Французскія дыялекты, закансерваваныя з XVIII стагоддзя, жывыя ў прыгарадах Новага Арлеана і дагэтуль.
Тут упершыню ў ЗША ў 1790-х гадах пачалі даваць оперы. А ў дамах белых гаспадароў, у старасвецкіх будынках з белымі калонамі на фасадах, што знаёмыя ўсім па «Знесеных ветрам» Маргарэт Мітчэл, невялічкія аркестры выконвалі танцавальную музыку: рэгтаймы, салонныя п’ескі, маршы і песенькі з аперэт. Калі да рэпертуару дадалі «гарачыя» імправізацыйныя тэмы, з гэтай сумесі на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў тут нарадзіўся джаз. Тут нарадзіўся і кароль джаза — Луі Армстронг (1901–1971) .
Фестываль Mardi Gras, пярэсты карнавал і бясконцы музычны фэст (у перакладзе з французскай мовы — «тлусты аўторак», аналаг нашай Масленіцы) у 2006 годзе, праз паўгады пасля “Катрыны, прайшоў у 150-ы раз. «Гэта «вяртанне года», знак, што горад адраджаецца», — напісала тады «Нью-Ёрк Таймс».
Непаўторную атмасферу Новага Арлеана можна ўявіць па фільмах Джыма Джармуша, які некалькі гадоў таму ў інтэрв’ю польскай «Газеце Выборчай» паведаміў, што яго продкі па прозвішчу Jarmusz, паходзяць, відаць, аднекуль з Рэчы Паспалітай.
Адсюль паходзіць «наш забойца амерыканскага прэзідэнта Кенедзі» — колішні мінчук Лі Харві Освальд.
А хто не памятае пранізлівы хіт «The Animals», бязмежны блюз-рок «Дом узыходзячага сонца», пераспяваны папулярнымі беларускімі выканаўцамі ў праекце «Я нарадзіўся тут»? Так што Новы Арлеан — горад памежжа культур — не такі далёкі Беларусі. І ён вяртаецца да нармальнага жыцця.
---------------------------------------------------------------------------
Даведка
Джон А. Экснішас (John A. Exnicios) — юрыст і палітычны кансультант. У 1989–1995 гадах працаваў з дэмакратычнымі групамі ў краінах былога савецкага блоку. Затым дзейнічаў як грамадскі адміністратар у кіраўнічых органах Новага Арлеану, двойчы абіраўся ў Цэнтральны Камітэт штата Луізіана. Палкоўнік у адстаўцы. Жыве з жонкай у Новым Арлеане.