Новыя прыгоды Саакашвілі
Былы прэзідэнт, а зараз галоўны антаганіст цяперашняга грузінскага ўрада Міхаіл Саакашвілі па вяртанні ў Грузію быў хутка арыштаваны. Аднак ён паспеў заклікаць да рэвалюцыі, якую прызначыў на заўтра.
Многія, напэўна, яшчэ памятаюць кадры рэзананснага інцыдэнту на польска-ўкраінскай мяжы ўвосень 2018-га, калі Саакашвілі прарываўся на тэрыторыю Украіны. Гэта быў трыумф экс-прэзідэнта Грузіі, якому раней прэзідэнт Пётр Парашэнка забараніў уезд у краіну. Ігнаруючы забароне «барыгі» (так наш грузін любіў называць Парашэнку ў сваіх маналогах), ён і яго тыфозі літаральна змялі памежны патруль.
Пакуль паўтарыць поспех у Саакашвілі не атрымліваецца. Учора пасля вяртання на Радзіму былы прэзідэнт быў затрыманы. Цяпер ён знаходзіцца ў турме горада Руставі.
Няма сумневаў, што Саакашвілі вырашыў стаць рэпатрыянтам не праз жаданне загладзіць віну перад грузінскай Фемідай. Нагадаем, што раней ён быў асуджаны грузінскімі судамі сумарна на дзевяць гадоў па справах аб забойстве супрацоўніка аднаго з банкаў і перавышэнне паўнамоцтваў. Але самае інтрыгоўнае — адна са спраў яшчэ ў стадыі следства. Саакашвілі падазраюць у дачыненні да гібелі прэм’ер-міністра краіны Зураба Жваніі ў лютым 2005 года.
У роліку, які быў зняты адразу пасля прыбыцця, Саакашвілі заклікаў выбаршчыкаў ісці на мясцовыя выбары, якія праходзяць у краіне 2 кастрычніка і якія, па яго словах, павінны стаць уверцюрай новага Майдану. «Калі нас будзе 100 тысяч чалавек, нас ніхто не зможа перамагчы, і Грузія зноў стане на шлях развіцця. Гэтай галечы і жаху прыйдзе канец», — кажа ён на відэа.
Пакуль учынкі і заявы Саакашвілі выглядаюць, хутчэй, авантурызмам. У Грузіі сапраўды няпросты палітычны расклад — з-за серыі дэмаршаў кіруючай партыі «Грузінская мара» (ГМ). Улетку яна адмовілася выконваць умовы дагавора з апазіцыяй, які быў заключаны пры пасярэдніцтве Захаду.
Адносіны паміж «ГМ» і Захадам яшчэ больш пагоршыліся пасля вераснёўскай адмовы ўрада Грузіі ад крэдыту ЕС. У Бруселі падазраюць, што прычыны адмовы — нежаданне Тбілісі рэфармаваць судовую сістэму ў адпаведнасці з дамоўленасцямі з Еўропай. Канфрантацыя з Захадам на вачах расхіствае адзінства партыйных шэрагаў «мараўцаў».
У логіцы апісаных падзей мясцовыя выбары 2 кастрычніка набываюць характар плебісцыту наконт даверу рэжыму Іванішвілі (алігарх і нефармальны лідар «Грузінскай Мары»). Паводле дамоў, калі «Мара» атрымае агулам менш за 43%, у наступным годзе адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары. Таму радыкальная апазіцыя, нефармальным лідарам якой з'яўляецца Саакашвілі, разглядае іх як «гадзіну Х».
Аднак пакуль наўрад ці можна казаць пра агонію рэжыму. Нават незалежныя сацыялагічныя канторы даюць «ГМ» больш працэнтаў падтрымкі за апазіцыю. Сілавікі, як мы бачым, паслухмяна выканалі загад дырэктара МУС аб арышце галоўнага апазіцыянера. А прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі заявіла, што амністыі за свае былыя фокусы экс-гарант ад яе не дачакаецца.
Акрамя таго, пры ўсёй антыпатыі на адрас Іванішвілі ў ЕС, падобна, не гараць вялікім жаданнем займець новую «гарачую кропку» на Каўказе. «У ЕС няма ні рэсурсу, ні жадання працаваць па яшчэ адным непатрэбным палітычным крызісе, які абавязкова паўстане ў выпадку вяртання Саакашвілі. Пра гэта мы яму сказалі. Такую ж пазіцыю падзяляюць іншыя інстытуты Еўрасаюза», — заявіла ўчора адна з дэпутатаў Еўрапарламента.
Рэпутацыю Саакашвілі таксама падмачыў ад’юльтэр, факт якога цяпер ахвотна раскручвае грузінскі афіцыёз. Дэпутатка Вярхоўнай рады Украіны Лізавета Ясько апублікавала сумесны відэазварот з Міхаілам Саакашвілі, запісаны напярэдадні яго дэсанту ў Грузію. У роліку парачка распавядае пра інтымныя адносіны, хоць Міхаіл — не разведзены. Афіцыйная жонка Саакашвілі — галандка Сандра Рулафс, — была адным з сімвалаў яго адміністрацыі.
Зрэшты, пры ўсіх мінусах, рэвалюцыйныя праекты Саакашвілі не выглядаюць адназначна правальнымі. Экс-прэзідэнт заклікаў сваіх прыхільнікаў на наступны дзень пасля выбараў выйсці на плошчу Свабоды ў Тбілісі. Калі заўтра грузіны масава адгукнуцца на яго заклік, цяперашні вязень турмы ў Руставі можа змяніць камеру на высокі дзяржаўны кабінет.
Біяграфія Міхаіла Саакашвілі ведала і не такія піруэты.