Прэзідэнтка Грузіі пра магчымасць памілавання Саакашвілі: ніколі
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выключае магчымасць прыняцця рашэння аб памілаванні асуджанага па шэрагу крымінальных спраў былога прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, які ў пятніцу быў затрыманы ў Грузіі, паведамляе interfax.by.
«Многія пытаюцца сёння, ці не плануе прэзідэнт памілаваць яго — адказ адзін, просты і канчатковы: не і ніколі», — сказана ў заяве Зурабішвілі, якую распаўсюдзіла адміністрацыя грузінскай прэзідэнткі.
У заяве яна выказвае падзяку праваахоўным органам, якія правялі аперацыю па затрыманні Саакашвілі «на высокім прафесійным узроўні».
«Дзяржава і яе інстытуты не распаліся і наадварот ўзмацніліся... Абаронена мяжа, тэрыторыя, парадак і вяршэнства закона», — заявіла прэзідэнтка.
Паводле яе слоў, для яе як для прэзідэнткі краіны не з'яўляецца прыемным, калі былога прэзідэнта затрымліваюць перад камерамі, аднак «справядлівасць і вяршэнства закона гэтага патрабуюць, і перад законам усе роўныя».
Зурабішвілі пры гэтым адзначае, што ніколі не забудзе вачэй тых людзей, хто пацярпеў у перыяд кіравання Саакашвілі, «чакаў справядлівасці і не дажыў да сённяшняга дня».
Яна нагадала пра тое, што таксама змагалася з рэжымам Саакашвілі, які «растаптаў правы чалавека, свабодны бізнес і закон... ахвяраваў здароўем і жыццямі людзей дзеля захавання сваёй улады».
Зурабішвілі таксама падвергла крытыцы рашэнне Саакашвілі адмовіцца ад грамадзянства Грузіі і прыняць грамадзянства Украіны.
«І сёння з парушэннем мяжы і закона ўварваўся на грузінскую тэрыторыю і гэтым спрабаваў паквапіцца на аўтарытэт дзяржаўных праваахоўных органаў. І, што самае галоўнае, відавочна, прыбыў, каб пасеяць дэстабілізацыю ў краіне, нягледзячы на ўсе міжнародныя парады і папярэджанні, якія ён атрымаў у апошні перыяд», — заявіла прэзідэнтка, адзначыўшы, што ніякіх масавых выступаў і пратэстаў у Грузіі не будзе.
«Краіна стамілася і марыць пра справядлівасць і спакой», — падкрэсліла яна.