Падарожжа ў краіну мерчаў
Падаецца, беларускія ўлады не на жарт захапіліся мерчамі (ад political merchandise, што значыць палітычная сувенірная прадукцыя), запусціўшы ў продаж адзенне з цытатамі АГЛ. Чым не нагода, каб узгадаць самыя славутыя «мерчы» ў гісторыі.
Пачаць, напэўна, можна з гузікаў у гонар інаўгурацыі Джорджа Вашынгтона, якія накляпалі ў далёкім 1789 для аматараў першага прэзідэнта ЗША. Праўда, стаць уладальнікам сувеніра маглі далёка не ўсе. Каб набыць такі гузік, трэба было працаваць амаль паўгода. Таму дазволіць яго сабе магла толькі эліта. Сёння тыя гузікі таксама не ўсім па кішэні. Сярэдні кошт адной штукі на рынку складае каля 7500 долараў.
У 1860 г. у political merchandise адбыўся сапраўдны прарыў. У першыню на значках з выявай кандыдата ў прэзідэнты ЗША было выкарыстана фота палітыка — Абрахама Лінкольна.
Прыкладна ў той жа час пачаліся эксперыменты з выкарыстаннем для палітычнай рэкламы прадметаў гардэробу. Піянерамі тут былі, у тым ліку, актывісткі руху суфражыстак, які змагаўся за выбарчыя правы для кабет. Вельмі часта яны насілі жоўтыя паясы з надпісам «Голас для жанчын».
Што тычыцца футболак, то з імі справа цікавая. Доўгі час яны самі па сабе мелі палітычны падтэкст нават без усякіх надпісаў. Усё праз тое, што дэманстрацыя бялізны на публіцы аўтаматычна значыла дулю на адрас існуючых у грамадстве нормаў.
Зрэшты, паціху густы мяняліся. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 1948 года ў ЗША на арэну выходзяць футболкі з палітычнымі лозунгамі. Прэса і публіка ацаніла дызайн мерча кандыдата Томаса Дзьюі з надпісам «Dew it with Dewey». Нягледзячы на тое, што Дзьюі прайграў тыя выбары Гары Трумэну, ён атрымаў іншую перамогу — яго перадвыбарчая футболка цяпер вядомая як адзін самых славутых мерчаў.
Прайграў прэзідэнцкія выбары ў 1952 г. і Адлай Стывенсан. Пераможцам (дарэчы, прадказальна) тады стаў герой вайны Дуайт (Айк) Эйзенхауэр, выбарчы штаб якога раздаваў значкі з надпісам «Я люблю Айка». Піяршчыкі Стывенсана прыдумалі арыгінальны контрход: яны нарабілі значкі «Мне раней падабаўся Айк, цяпер я за Стывенсана!» Такога гісторыя political merchandise на той час яшчэ не ведала. Той значок — сапраўдная каштоўнасць для калекцыянераў мерчаў.
А вось сябры штабу Ніксана ў 1962 г. яўна нешта не пралічылі. Яны вырашылі спакусіць жаночую частку электарату халяўнай папяровай сукенкай з надпісам «Ніксан». Жанчыны ахвотна бралі сувенір, хаця насіць такую сукенку можна было толькі адзін раз. Але на выбарах большасць з іх прагаласавала за Джона Кенэдзі, які больш сімпатычна выглядаў на экране падчас дэбатаў кандыдатаў. З таго часу падобныя мерчы на выбарах у Штатах не ўжываліся.
У 1970-я пачалася эра панк-рока, прыхільнікі якога шукалі эфектыўныя сродкі для эпатажу і праявы бунту. Натуральна, яны не прыйшлі міма футболак. Менавіта тады з'явілася знакамітая кашуля God Save The Queen (названая ў гонар песні Sex Pistols), якую прыдумала вядомы мадэльер Dbdbty Dtcndel (Vivienne Westwood).
Напэўна, усе бачылі знак сонца, што смяецца (анл: Smiling Sun), які часта выяўляюць разам з дэвізам «Ядзерная энергетыка? Не, дзякуй». Лагатып Smiling Sun быў распрацаваны ў 1975 годзе дацкай актывісткай Эн Лунд, якая ўваходзіла ў мясцовую экалагічную арганізацыю. З таго часу Smiling Sun з'яўляецца сімвалам руху супраць ядзернай сілы. Усяго па ўсім свеце было выраблена больш за 20 мільёнаў значкоў з такім лагатыпам. Гэта яшчэ без уліку футболак з адпаведным малюнкам.
Часам для таго, каб мерч меў поспех, трэба ісці на рызыку. Так зрабіла дызайнерка Кэтрын Хамнетт (Katharine Hamnett), якую запрасілі ў 1984 г. на фуршэт з нагоды пачатку тыдня моды да прэм’ера Маргарэт Тэтчер. Кэтрын таемна пранесла на вечарыну футболку з надпісам «58% не хочуць Першынг». (Першынг — амерыканскія атамныя ракеты, якія Тэтчер жадала размясціць у Брытаніі насуперак жаданню 58% брытанцаў). Акурат перад фотасесіяй з Тэтчер дызайнерка нацягнула кашулю і выйшла да журналістаў. Акцыя зрабіла Кэтрын зоркай, а футболкі пра «Першынг» сапраўдным хітом.
Ну і, нарэшце, апошні піск у свеце мерчаў — бейсболкі з надпісам «Зрабіць Амерыку зноў вялікай», які прыдумаў Дональд Трамп. Мерч з’явіўся падчас выбараў 2016 года і выклікаў сапраўдны фурор. Прычым, як сапраўдны бізнесмен Трамп прымудрыўся не раздаваць сувеніры, а прадаваць. У выніку амерыканцы купілі тых бейсболак аж на 45 мільёнаў долараў.
Як бачым, стваральнікам мерчаў з цытатамі АГЛ ёсць куды імкнуцца. А бюджэтнікам варта задумацца наконт перспектывы атрымліваць заробак футболкамі з надпісам «Раздеваться и работать».