Палацы і дыктатары
Кадры з палаца Міжгор’е, якія абышлі ўвесь свет, — добрая нагода, каб прааналізаваць, якое месца аўтарытарныя палітыкі і дыктатары адводзяць сваім рэзідэнцыям і наколькі жыццё ў раскошы спрыяе падзенню іх дыктатур?
Тое, што ўнутранае аздабленне палаца Януковіча ў Міжгор’і ўяўляе нешта фантастычнае, людзі здагадваліся даўно. Дастаткова ўзгадаць тое, што некалькі месяцаў таму ў прэсу трапілі рахункі на набыццё нейкай панелі для лесвіцы ў рэзідэнцыі Януковіча. Гэта невялікая дэталь з асобай пароды дрэва каштавала аж 200 тысяч долараў. Не дзіўна, што пасля такой інфармацыі ў народзе пачаў гуляць міф пра нязлічоныя багацці Міжгор’я. Жывілі гэты міф і спробы журналістаў пранікнуць на аб’ект. Часам ім удавалася зрабіць нейкія фотаздымкі, што давала волю фантазіі, нават пра ўнітаз з чыстага золата.
Залатога ўнітаза ў Міжгор’і так і не знайшлі. Аднак уразіла іншае: на 140 гектарах комплексу, які, дарэчы, абгароджвалі 5 (!) платоў, знайшлі заапарк, гольф-клуб, конны клуб, тэнісны корт, угоддзі для палявання, асабісты аўтапарк дарагіх машын, і нават рэстаран на вадзе. Па сутнасці, рэпартажы з Міжгор’я канчаткова падарвалі давер да Януковіча нават сярод яго самых заўзятых аматараў.
Пры гэтым заходнія журналісты, якія наведалі Міжгор’е, адзначылі адну цікавую дэталь: унутраны інтэр’ер палаца Януковіча вельмі падобны на стыль палацаў Кадафі, Хусейна і іншых зрынутых дыктатараў. Напрыклад, манументальныя жывёлы, які стаяць на газоне ў Міжгор’і, вельмі нагадваюць статуі каней у палацы Bab al-Aziziya, які калісьці належаў Кадафі.
Відавочна, што тэма асабістай рэзідэнцыі і яе ўнутраны строй займаюць асаблівае месца ў псіхалогіі дыктатараў. Напрыклад, Садам Хусейн, які часта называў сябе каралём Усходу, меў царскае хобі — пабудову сваіх палацаў. Афіцыйна ён меў 28 рэзідэнцый, але відавочцы кажуць, што іх было нашмат больш. Садам Хусейн ніколі не начаваў у адным палацы дзве ночы запар.
Яго галоўная рэзідэнцыя называлася «Зялёны палац». «Зялёны палац» быў пабудаваны на беразе возера Тартар у 1993 годзе і меў агульную плошчу 6,5 квадратных
кіламетраў. У палацы былі 45 спальняў, вокны якіх выходзілі на возера. Таксама ў «Зялёным палацы» дыктатар меў у сваім распараджэнні падземныя бункеры для захоўвання зброі і розныя
навуковыя лабараторыі. Увогуле, Хусейн любіў, каб яго палацы неслі нейкую дадатковую функцыю. Так, у адным з іх знаходзілася турма на 5 тысяч чалавек.
«Палац вясны», дзе пражывала сямейства Чаўшэску, адрозніваўся раскошай, вялікай колькасцю самых дарагіх прадметаў (нават краны ў ваннай у Чаўшэску былі залатымі, а ў яго жонкі — срэбранымі). Вялікае месца ў палацы адводзілася яго гардэробным пакоям. Баючыся павольна дзеючых ядаў, якімі ворагі маглі атруць яго вопратку, Чаўшэску тры разы на дзень мяняў свой гардэроб. Прыгатаваныя для аднаразовага выкарыстання гарнітуры, кашулі, абутак і г.д. утрымліваліся ў адмысловым памяшканні пры пэўнай тэмпературы пад узмоцненай аховай і наглядам інжынера-хіміка. Пасля ўжывання яны проста знішчаліся. Падобнае захапленне мела жонка філіпінскага дыктатара Маркаса. У яе палацы знайшлі 1200 пар абутку. Праўда, гэта быў проста асабісты бзік жанчыны, які не меў нічога агульнага з патрэбай бяспекі.
Даследаванне схемы палацавых комплексаў дыктатараў выразна выяўляе агульную для ўсіх рысу асобы — страх. Практычна кожны палац мае нейкі сакрэтны тунэль, каб гаспадары маглі ў выпадку пагрозы збегчы. Так, пад палацам Чаўшэску знайшлі цэлы лабірынт хадоў, якія вялі ў розныя дзяржаўныя аб’екты, аэрапорт, асабісты бункер.
Прычым калі мы кажам пра бункер у палацы дыктатара, то гэта не проста падземны пакой, каб перасядзець нейкую бамбардзіроўку. Пасля таго, як у прыгарадзе Бенгазі праціўнікі Муамара Кадафі захапілі і разграмілі яго палац, там быў таксама знойдзены сакрэтны бункер. Ён быў прыстасаваны для таго, каб можна было выжыць у выніку ядзернай атакі. Памяшканне было забяспечана сістэмай паветранай фільтрацыі, запаснымі энергаблокамі, сістэмай супрацьпажарнай бяспекі. Таксама быў адпаведны запас ежы і вады. Хавацца ў бункеры можна было на працягу некалькіх месяцаў. Да таго ж у бункеры быў запасны выхад для ўцёкаў.
Наступная агульная для ўсіх дыктатараў рыса — вельмі кепскі густ. Хаця для будаўніцтва палацаў запрашаліся прафесійныя дызайнеры, апошняе слова, відавочна, меў уладальнік палаца. Напрыклад, той жа Хусейн патрабаваў, каб унутраны інтэр’ер яго палацаў вельмі часта быў у стылі ракако. У Януковіча, мяркуючы па ўсім, была любоў да вялізных крыштальных свяцільняў, што вісяць у шматлікіх памяшканнях Міжгор’я.
Самае цікавае, што ўсё гэта каштавала вялізарных сродкаў. Таму нельга не пагадзіцца з брытанская газетай «The Guardian», якая піша: «Абсурдная дэманстратыўная раскоша — галоўная рыса стылю ўнутранага ўбранства палацаў былых дыктараў і аўтакратаў».
Культуролагі лічаць, што вялізарныя інвестыцыі ў такую раскошу — нейкі псіхалагічны прыём. Дыктатар як бы жадае тым самым давесці, што ён тут будзе назаўсёды, адагнаць думку аб рэвалюцыі. Аднак у выніку гэта гуляе з імі кепскі нумар. Відавочна, што жыццё ў залатой клетцы ізалюе палітыка ад кантактаў з людзьмі, ён пачынае фармаваць сваё бачанне свету за кошт выключна рапартаў чыноўнікаў, губляе інтуіцыю, што ў выніку і прыводзіць да фатальных няправільных рашэнняў, вынікам якіх ёсць калапс палітычнай сістэмы.
Што тычыцца палацаў, якія пераходзяць у рукі новых уладаў, то іх чакае розны лёс. Рэзідэнцыя Хосні Мубарака каля плошчы Тахрыр была цалкам спаленая маніфестантамі. Такі ж лёс напаткаў палац Кадафі ў Трыпалі. Цяпер мясцовыя ўлады думаюць зрабіць на яго месцы парк. Некаторыя палацы, як, напрыклад, комплекс Хусейна ў Басры, ператвораныя ў музеі. Што тычыцца Міжгор’я, то ён вернуты ў дзяржаўную ўласнасць. Чакаецца, што комплекс аддадуць пад дзіцячы дом.
Увогуле, гісторыя Міжгор’я не закончылася. Комплекс стаў міжнародным сімвалам карупцыі. У той жа Расіі патрабуюць пусціць журналістаў на дачы Пуціна. Палац Януковіча ўразіў нават брытанцаў. Тут пасля рэпартажаў з Міжгор’я пачалі крытыкаваць міністраў, якія маюць прыватныя палацы. Дасталася нават брытанскай каралеве, якая, як вядома, мае сетку палацаў па ўсёй краіне.