Палітыкі тыдня: Харыка Курода, Леанід Кучма, Дзітрых Кітнер

Харыка Курода   Новы кіраўнік банка Японіі абяцае перамагчы шматгадовую дэфляцыю. Цяпер Харыка Курода ўзначальвае Азіяцкі банк развіцця. Прэм’ер-міністр Японіі Сіндзо Абэ павінен афіцыйна высунуць кандыдатуру 68-гадовага Куроды ў сярэдзіне тыдня, пасля чаго яна павінна быць ухвалена парламентам, піша “MarketWatch”.



nn20130224a2a.jpg

Курода, які ў 1999–2003 гадах займаў пасаду намесніка міністра фінансаў, вядомы як крытык палітыкі Банка Японіі. У інтэрв’ю ён казаў, што, калі яму прапануюць узначаліць ЦБ, ён павялічыць аб’ём і пашырыць наменклатуру актываў, якія набывае Банк Японіі. У прыватнасці, паводле яго слоў, гэта могуць быць карпаратыўныя аблігацыі і нават акцыі. «Існуе велізарная прастора для манетарнага змякчэння», — казаў ён, у прыватнасці, у інтэрв’ю “The Wall Street Journal”. Курода лічыць рэальным дасягнуць 2-працэнтнай інфляцыі на працягу 2 гадоў, перамогшы тым самым шматгадовую дэфляцыю.

У той жа час афіцыйных пацверджанняў хуткага вылучэння Куроды на пасаду кіраўніка Банка Японіі пакуль няма. Прызначэнне новага кіраўніка ЦБ — частка перадвыбарных абяцанняў прэм’ера, які хацеў прымусіць Банк Японіі заняць больш актыўную пазіцыю ў барацьбе з дэфляцыяй і ў стымуляванні росту эканомікі. Цяперашні кіраўнік ЦБ сыходзіць са сваёй пасады 19 сакавіка.


Леанід Кучма

15_192_.jpg

Экс-прэзідэнт Украіны стаў часткай глабальнай інтрыгі, якую вядзе ўлада супраць Юліі Цімашэнка. Генпракурор Украіны Рэнат Кузьмін стаў актыўна капацца ў гісторыі забойства журналіста Георгія Гангадзе, за якое нядаўна судзілі генерала Пукача. Непасрэдна Кузьмін дае зразумець, што да справы можа быць прыцягнуты і Кучма, які быў непасрэдным кіраўніком Пукача. На думку журналістаў, такі нездаровы інтарэс да былога гаранта звязаны са справай Яўгена Шчэрбаня (данецкі губернатар, забіты ў 1996 годзе).

Цяпер у судзе слухаецца справа пра тое, што забойства губернатара замовіла Юлія Цімашэнка. Аднак доказаў пракурору яўна не хапае, а галоўнаму сведку абвінавачання, былому бандыту, увогуле ніхто не верыць, паколькі ён дасюль праходзіць па незачыненай справе пра гандаль зброяй і цалкам залежыць ад улады. А вось сведчанні Леаніда Кучмы супраць Цімашэнка маглі б сапраўды быць моцным. Пакуль Кучма не паддаецца на шантаж.

Калі ўсё гэта праўда, то застаецца толькі аддаць належнае маральным прынцыпам Леаніды Кучмы. Як вядома, ён і Цімашэнка вельмі ненавідзелі адзін аднаго, аднак былы прэзідэнт адмаўляецца кіравацца асабістымі матывамі.


Дзітрых Кітнер

kittner123_v_contentgross.jpg

Кандыдат на пасаду прэзідэнта ФРГ у 2009 годзе, адзін з кіраўнікоў партыі Левыя ў зямлі Ніжняя Саксонія памёр на мінулым тыдні ва ўзросце 77 гадоў. Гэта выклікала заўважны рэзананс як у палітычных, так і культурных колах.

Справа ў тым, што Кітнер быў, напэўна, самым вядомым акторам палітычнага кабарэ ў Германіі. Ён пачаў весяліць публіку на палітычныя тэмы яшчэ студэнтам універсітэта. У 1960 годзе разам з іншымі студэнтамі Кітнер заснаваў першае кабарэ, каб прафесійна займацца акторскай дзейнасцю. Яго зорны час прыйшоўся на 1960–1970-я гады, калі яго туры па ФРГ збіралі больш за мільён чалавек.

Лічыцца, што адзін з яго канцэртаў у Гановеры супраць росту коштаў на транспарт прымусіў улады адмовіцца ад такога кроку. Кітнер таксама праславіўся ў той час сваімі перформансамі супраць закону аб надзвычайным становішчы, які дыскутаваўся ў ФРГ. Так, Дзітрых быў арыштаваны за тое, што хадзіў па гораду ў вайсковай касцы, што стала нацыянальнай падзеяй.

Цікава, што дзейнасць Кітнера вельмі падабалася кіраўніцтву ГДР. Кітнеру нават дазвалялі выступаць на пляцоўках ГДР. Сімпатыі да ўсходняй Германіі каштавалі яму партбілета партыі сацыял-дэмакратаў. Праўда, у Кампартыю ён таксама адмовіўся ўступаць, аддаўшы перавагу працы ў рэдакцыі аднаго з пацыфісцкіх часопісаў.