Брэст. Японія выдзеліла 100 тысяч долараў на медыцынскае абсталяванне

У Брэсцкім аблвыканкаме 5 сакавіка адбылося падпісанне кантракта на выдзяленне гранта ўрадам Японіі ў памеры 100 тыс. долараў для набыцця медыцынскага абсталявання Брэсцкаму абласному эндакрыналагічнаму дыспансэру.



get_img110.jpg

Як паведаміў журналістам часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі Міморы Сігехіра, сродкі выдзелены ў межах праграмы "Карані травы" па грантавай дапамозе для праектаў па бяспецы насельніцтва, якая рэалізуецца ўрадам Японіі ў Беларусі з 2004 года.
 


"Мы набудзем высокага класа ўльтрагукавы апарат японскай вытворчасці. Гэта дазволіць павысіць якасць дыягнастычнага працэсу, убачыць тое, што мы не маглі бачыць раней, і знізіць рызыкі ў людзей цяжкіх захворванняў, у тым ліку запушчаных форм раку шчытападобнай залозы", — сказаў галоўны ўрач Брэсцкага абласнога эндакрыналагічнага дыспансэра Артур Грыгаровіч. Паводле яго інфармацыі, на ўліку ў дыспансэры знаходзяцца прыкладна 36 тыс. жыхароў вобласці. "Паля аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло столькі гадоў, але рак шчытападобнай залозы застаецца на высокіх лічбах. У год у сярэднім мы выяўляем каля 200 такіх захворванняў", — сказаў ён.


Як зазначалася на мерапрыемстве, агульная сума японскіх грантаў для медыцынскіх устаноў, што знаходзяцца ў пацярпелых ад ЧАЭС рэгіёнах, склала больш за 2 млн. долараў.

Ларыса Шыганава, БелаПАН