Памежныя спрэчкі, або Дацкі мір
Правыя папулісты Даніі заклікалі да перагляду мяжы з Германіяй. Заяву, якая, падавалася, вартая выключна ўсмешкі, немцы ўспрынялі вельмі сур’ёзна.

Дацка-нямецкая мяжа — напэўна, адна з самых старых у гісторыі. Паводле адмыслоўцаў, упершыню яе дэфініравалі яшчэ ў 811 годзе. Адпаведную дамову заключыў славуты Карл Вялікі і адзін з правадыроў вікінгаў. Праходзіла памежная лінія ўздоўж ракі Эйдэр (Eider), што і заклала бомбу з гадзіннікавым механізмам, якая выбухнула толькі зараз.
Пасля 811 года памежныя слупы шмат разоў перасоўвалі туды-сюды. Самыя буйныя змены, напэўна, адбыліся ў 1866-м — пасля таго, як Прусія перамагла Данію падчас войнаў за нямецкае адзінства. Пры гэтым немцы па выніках кампаніі прасунуліся далёка на поўнач, захапіўшы ўвесь рэгіён Шлейзвіг. У 1920 годзе Данія дамаглася правядзення шэрагу мясцовых плебісцытаў наконт таго, дзе павінна праходзіць мяжа з Германіяй. У выніку мяжа крыху зрушылася на поўдзень, аднак да берагоў Эйдэра не дайшла, што і стварыла ў дацкіх правых траўму.
Так ці інакш, усё было стабільным аж да 24 лютага 2017-га, калі пра жаданне вярнуць Даніі нямецкі Шлезвіг заявіў намеснік старшыні правапапулісцкай Дацкай народнай партыі (DF) Сёрэн Эсперсэн (Søren Espersen). Ён выказаў спадзеў на тое, што «Данія будзе даходзіць да Эйдэра».

Фота wikipedia.org
Выхадку дацкага папуліста можна было б успрыняць як жарт. Сама мяжа паміж краінамі-сябрамі ЕС дастаткова ілюзорная. Доўгі час тут не было ніякага нават паліцэйскага кантролю. Толькі пасля крызісу з уцекачамі, які выбухнуў у ФРГ, датчане пачалі правяраць пашпарты на нямецкім участку мяжы. Апроч таго, сама ідэя аднабаковага перагляду межаў у сучаснай Еўропе ўспрымаецца як замах на ўсю кантынентальную стабільнасць, як рымейк таго, што Пуцін зрабіў у Крыме.
Хаця пазней Эсперсэн заявіў, што адмаўляецца ад сваіх слоў наконт ідэі рэвізіі мяжы, дыскусія вакол яго ідэі трывае ў нямецкіх СМІ ўжо другі тыдзень.
Па-першае, акрамя прыгаданых вышэй слоў палітык, як высветлілася, раней казаў яшчэ шмат цікавага. У тым ліку дазваляў сабе такія перлы: «Данія да Эйдэра — гэта надзея і мара адначасова. Гэта (мяжа па Эйдэру) павінна стаць ідэяй дацкай меншасці ў Германіі. Інакш я не разумею ўвогуле, для чаго існуе дацкая меншасць. Нічога ў гісторыі няма статычнага. Межы таксама могуць мяняцца».
Эсперсэн таксама неаднаразова крытыкаваў пазіцыю дацкага ўраду пасля Другой сусветнай вайны па пытанні Гальштэйна. Пасля вайны ў Даніі былі рэваншысцкія галасы за далейшае прасоўванне межаў на поўдзень, што падтрымлівалі брытанцы. Аднак дацкі парламент не ўхваліў той ініцыятывы, і нават абвясціў за гэта вотум недаверу прэм'ер-міністру.

Літагарфія, 1875 г
Адзначаецца, што Эсперсэн нават пераплюнуў Гітлера, які пасля акупацыі Даніі катэгарычна выказаўся супраць аднаўлення старых межаў і вяртання паўночнага Шлезвіга Германіі. Такім чынам, дацка-нямецкая мяжа стала адзінай з навязаных Антантай Германіі, якую Гітлер так і не падкарэктаваў. І вось раптам праект перагляду межаў зноў агучваецца ў публічнай дыскусіі. Прычым, аўтар праекту — не нейкі маргінал, а намеснік урадавай — другой па колькасці парламенцкіх мандатаў — партыі ў Даніі, якой з’яўляецца DF. Прычым, рэйтынгі партыі працягваюць расці.
Аднак асноўная прычына для алармізму ў Германіі — не сам Эсперсэн, а нядаўняе вяртанне кантролю на межах Даніі. У выніку памежныя гарады ФРГ перапоўненыя мігрантамі, якіх выставілі з суседняй краіны. Гэта выклікае не толькі гнеў бюргераў, аднак і сімпатыі на адрас дацкіх папулістаў, якія, маўляў, не цацкаюцца з нелегаламі. У такой напружанай атмасферы міжволі ўзнікае думка пра вяртанне пад дацкую карону…
Абураны Берлін і тым, што яго фактычна вінавацяць ў парушэнні правоў нацыянальных меншасцяў. Яшчэ ў 1954 годзе быў прыняты закон, які павінен быў гарантаваць асаблівыя правы немцам дацкага паходжання. Напрыклад, SSW — мясцовая дацкая партыя, — можа праходзіць у муніцыпальныя саветы нават без пераадолення бар’еру ў пяць працэнтаў, як патрабуе нямецкі закон для іншых партый. Дарэчы, спікеры SSW ужо асудзілі ідэю Эсперсэна наконт рэінтэграцыі паўднёвага Шлезвіга з гістарычнай бацькаўшчынай, што, на іх думку, «не мае сэнсу».
Нягледзячы на такую пазіцыю, SSW стаў ахвярай атак нямецкіх правых. Найбольш адмарожаныя правыя радыкалы кажуць пра існаванне ў кіраўніцтва DF плану «Вялікай Даніі». Паводле яго, «дацкі мір» уключае нават Альтону — квартал Гамбурга, які калісьці быў пад кантролем дацкай арміі. Больш умераныя хрысціянскія дэмакраты ў зямельным Ландтагу заклікалі спецслужбы вывучыць дзейнасць SSW, паколькі часткова яна фінансуецца з Капенгагену. Нарэшце, сацыял-дэмакраты запатрабавалі афіцыйнага прабачэння ад дацкага ўраду за словы «народніка». У адказ дырэктар МЗС Даніі заявіў, што нічога пра выхадку Эсперсэна не ведае. Такія паводзіны дазваляюць выданню “Die Zeit” сумна канстатаваць: карнавал вакол мяжы з Даніяй будзе працягвацца.