25 год аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Германіяй і Беларусь

13 сакавіка Федэратыўная Рэспубліка Германія і Рэспубліка Беларусь адзначаюць 25-годдзе аднаўлення дыпламатычных адносін.

Фота з сайта n-europe.eu

Фота з сайта n-europe.eu

З гэтай нагоды Беларусь наведае дзяржаўны міністр па справах Еўропы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі Міхаэль Рот. У Мінску адбудзецца сустрэча дзяржаўнага міністра Міхаэля Рота з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, прысвечаная юбілею.

Важным пунктам у праграме візіту будзе адкрыццё падрыхтаванай сумесна абодвума бакамі вандроўнай выставы “Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць”, якая адлюстроўвае смутную старонку германа-беларускага мінулага. У перыяд з 1942 па 1944 гг. у Малым Трасцянцы знаходзіўся самы вялікі нямецкі лагер смерці на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.

Першыя дыпламатычныя кантакты паміж былой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і Германскай імперыяй былі ўсталяваны ў 1923 годзе.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь дыпламатычныя адносіны былі адноўлены: 13 сакавіка 1992 года ў Мінску міністр замежных спраў Ганс-Дзітрых Геншэр падпісаў Пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германія і Рэспублікай Беларусь. Праз месяц у Беларусі быў акрэдытаваны першы германскі пасол.

У верасні 1992 года старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч наведаў Германію з дзяржаўным візітам. Першы беларускі пасол у Германіі быў акрэдытаваны ў снежні 1992 годзе. У красавіку 1995-га ў Бундэстагу была створана Германа-Беларуская парламенцкая група.

Адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Германія за мінулую чвэрць стагоддзя атрымалі значнае развіццё ў многіх галінах. Гэта тычыцца сфер культуры, адукацыі, навукі, эканомікі, а таксама супрацоўніцтва па лініі грамадзянскай супольнасці, асабліва ў справе пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў Рэспубліцы Беларусь. Пасля адмены большасці санкцый Еўрапейскага Саюза ў лютым 2016 года палітычны дыялог паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германія і Рэспублікай Беларусь прыкметна актывізаваўся.

Паводле прэс-службы Пасольства Германіі ў Мінску