Паспяховы гандаль: Іран абмяняў 5 закладнікаў на размарожванне 6 мільярдаў долараў
Іран вызваліў пяцёра амерыканскіх грамадзян у рамках здзелкі з ЗША. Гэта адбылося пасля таго, як былі размарожаныя іранскія актывы на шэсць мільярдаў долараў.
Пяцёра амерыканскіх грамадзян, якія ўтрымліваліся ў іранскай турме для палітвязняў «Эвін», вылецелі з Тэгерана. Гэта адбылося ў рамках здзелкі, заключанай паміж Іранам і ЗША пры пасярэдніцтве Катара. Пра гэта паведаміла Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы, але неўзабаве гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Белым доме.
Самалёт з пяццю амерыканцамі, якія маюць адначасова грамадзянства і Ірана, і ЗША, у суправаджэнні катарскага амбасадара адправіўся ў сталіцу Катара Доху. Пасля гэтага яны вылецяць адтуль у ЗША.
Паводле звестак Reuters, сярод вызваленых — бізнэсоўцы Сіямак Намазі і Эмад Шаркі, а таксама 67-гадовы эколаг Морад Тахбаз.
CNN перадае, яны знаходзіліся ў зняволенні ў Іране больш за пяць гадоў. У жніўні, пасля заключэння здзелкі паміж Вашынгтонам і Тэгеранам, яны былі пераведзеныя пад хатні арышт. Імёны двух іншых зняволеных не выдаюцца.
Узамен ЗША вызваляць пяцярых іранцаў, затрыманых у краіне. Іх падазравалі ў парушэнні санкцый і працы на іранскія ўлады. Трое з іх вырашылі не вяртацца ў Іран пасля вызвалення, адзначае Reuters.
Акрамя таго, згодна з умовамі дамоўленасці, Іран атрымае доступ да замарожаных актываў на шэсць мільярдаў долараў. Яны былі атрыманыя ад продажу нафты і затым замарожаныя на рахунках у Паўднёвай Карэі. Цяпер гэтыя грошы адпраўленыя на рахункі ў Катары.
У адміністрацыі Джо Байдэна заявілі, што Іран можа выкарыстоўваць гэтыя сродкі толькі для гуманітарных мэтаў, а кожная транзакцыя будзе кантралявацца Мінфінам ЗША.
Каго вызвалілі ўлады Ірана
ЗША лічаць, што вызваленыя Сіямак Намазі, Морад Тахбах і Эмад Шаргі былі асуджаныя па беспадстаўным абвінавачваннях.
Марад Тахбаз быў арыштаваны ў Тэгеране ў 2018 годзе разам з васьмю іранскімі абаронцамі прыроды. Яны здымалі жывёл (азіяцкіх гепардаў, якія знаходзяцца пад пагрозай), але былі абвінавачаныя ў шпіянажы. Тахбаз адмаўляў абвінавачванні, але атрымаў 10 гадоў турмы.
Сіямак Намазі — менеджэр нафтавай кампаніі, які працаваў у Дубаі, і быў арыштаваны ў 2015 годзе. Праз год улады Ірана затрымалі яго пажылога бацьку, Бакера (да гэтага таму дазволілі наведаць сына). Абодва атрымалі 10 гадоў пазбаўлення волі за »супрацоўніцтва з замежным ворагам". Гэтыя абвінавачванні яны адмаўлялі. У 2022 годзе Бакеру дазволілі выйсці на волю для лячэння.
Эмад Шаргі быў арыштаваны ў 2018 годзе, калі ён працаваў у іранскім венчурным фондзе. Шаргі вызвалілі пад заклад і знялі з яго абвінавачванні ў шпіянажы. Але ў 2020 годзе суд паведаміў яму, што яго завочна прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Шаргі быў зноў вызвалены да разгляду апеляцыі, а 2021 годзе затрыманы пры спробе нелегальна пакінуць Іран праз заходнюю мяжу.
Міт Ромні: "Плаціць за вызваленне закладніка — жудасная ідэя"
Пагадненне паміж Вашынгтонам і Тэгеранам раскрытыкавалі рэспубліканцы ў амерыканскім кангрэсе. «Калі мы будзем плаціць па мільярду долараў за кожнага выкрадзенага чалавека, то будзе яшчэ больш выкраданняў. Вось чаму вы не вядзеце перамоваў з тэрарыстамі, вось чаму вы не вядзеце перамоваў з выкрадальнікамі. Ідэя плаціць за вызваленне закладніка — жудасная ідэя", — заявіў сенатар Міт Ромні ў каментары The Hill.
CNN адзначае, што менавіта Катар выступіў у якасці ключавога пасярэдніка пагаднення. Праца над пагадненнем вялася некалькі месяцаў. Паводле тэлеканала, іранскія і амерыканскія перагаворшчыкі збіраліся ў розных гатэлях, размешчаных недалёка адзін ад аднаго ў Досе, а катарскія дыпламаты перасоўваліся паміж імі і ўзгаднялі дэталі здзелкі.
Джо Байдэн у сваёй заяве з нагоды вызвалення амерыканцаў заклікаў іранскіх рэжым "даць поўную справаздачу" аб тым, што здарылася з былым супрацоўнікам ФБР Робертам Левінсанам, які знік у Іране ў сакавіку 2007 года.
- У сувязі з гэтым прэзідэнт ЗША абвясціў аб увядзенні санкцыі ў дачыненні да былога прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада і Міністэрства інфармацыі і нацбяспекі Ірана за дачыненне да незаконных затрыманняў.
- У пачатку верасня The New York Times пісала, што Тэгеран арыштоўвае людзей з падвойным грамадзянствам (Ірана і яшчэ якой-небудзь краіны) і замежнікаў па надуманых абвінавачваннях — і спрабуе такім чынам абмяняць іх на іранцаў, якія ўтрымліваюцца ў Еўропе ці ЗША, а таксама выкарыстоўваючы іх як рычаг для атрымання грошай і розных саступак.
- У сакавіку 2022 года іранскія ўлады вызвалілі брытанска-іранскую падданую, журналістку Назанін Загары-Рэткліф, асуджаную да пяці гадоў зняволення па абвінавачванні ў злачынствах супраць нацыянальнай бяспекі. Пры гэтым Вялікабрытанія пагадзілася выплаціць Ірану доўг у 400 мільёнаў фунтаў за не пастаўленыя ў 1979 годзе танкі.
Паводле www.bbc.com, meduza.io