Паваротны момант Румыніі

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі 24 лістапада нечакана выйграў правы папуліст Кэлін Джорджэску. Цікава, што апошнія перадвыбарныя апытанні адводзілі Джорджэску толькі шостае месца  сярод кандыдатаў. Фаварытам лічыўся цяперашні прэм'ер-міністр Румыніі Марчэл Чалаку, які ішоў ад Сацыял-дэмакратычнай партыі. Але ў дзень выбараў сацыялагічныя касандры селі ў лужыну.

Кэлін Джорджэску

Кэлін Джорджэску

Мала таго, Чолаку не выйшаў нават у фінальны пул. Першае месца з 22,94% галасоў сенсацыйна заняў Кэлін Джорджэску, імя якога нічога не гаворыць нават некаторым румынам. Ху із ху, спадар Джорджэску?

Гэта 62-гадовы інжынер-педолаг (навука, якая вывучае глебы), былы дакладчык наконт правоў чалавека щ структурах ААН. Раней уваходзіў ва ўльтраправы «Альянс за аб'яднанне румынаў», мэта якога — аб'яднанне Румыніі і Малдовы, але на гэтыя выбары пайшоў незалежным кандыдатам.

Сваю сенсацыйную перамогу ён пракаментаваў наступным чынам: «Эканамічная нестабільнасць ператварылася ў палітычную нестабільнасць. Мая перамога адлюстроўвае абуджэнне народа, які стаміўся ад знявагі».

Відавочна, яго антысістэмны і суверэнітэцкі мэседж знайшоў водгук сярод многіх румынаў. Можна дапусціць, што папулярнасць Джорджэску забяспечыў арыгінальны фармат ягонай кампаніі. У адрозненне ад сапернікаў, палітык не меў буйных сродкаў для самарэкламы і зрабіў стаўку на TikTok, дзе размяшчаў відэа з царквы і з заняткаў дзюдо. Гэтыя ролікі стварылі яму імідж кандыдата ад народа. Некаторыя публікацыі сабралі больш за 3,2 мільёны праглядаў.

«Вялікія партыі, якія прайгралі на гэтых выбарах, не зразумелі, што правілы гульні змяніліся. Сацыяльныя сеткі стварылі платформу для папулісцкіх і экстрэмісцкіх выступаў. Гэтыя пасланні пачула значная частка электарату», — адзначае адзін з румынскіх палітолагаў. Акрамя таго, дзяжурныя абяцанні структурных рэформаў з боку старых палітыкаў, якія калісьці ўсялялі вялікія надзеі, даўно ўсім надакучылі. Гэта і стварыла вакуум на традыцыйнай палітычнай сцэне.

Імідж антысістэмнага палітыка ўзмацнілі заявы Джорджэску датычныя знешняй палітыкі. Яго пазіцыя радыкальна кантрастуе з цяперашняй выразна празаходняй лініяй эліты. Кэлін Джорджэску адкрыта крытыкуе NATO, мяркуючы, што «супрацьракетны шчыт NATO — гэта ганьба». «Гаворка ідзе не пра абарону, а пра палітыку канфрантацыі. Гэта не прынясе нам міру», — казаў ён.

Прарыў Кэліна Джорджэску выклікае занепакоенасць унутры NATO, які разглядае Румынію як стратэгічную апору еўрапейскай абароны. У краіне, нагадаем, размешчана некалькі баз Паўночнаатлантычнага альянсу.

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў пройдзе 8 снежня. Трэба прызнаць, што шанцы на поспех у Джорджэску ёсць. Хаця б таму, што яшчэ адзін правы папуліст Джордж Сіміён, лідар партыі ўльтранацыяналістычны Альянс за Саюз румынаў (AUR) атрымаў 13,87%. Акрамя таго, 1 снежня румыны будуць абіраць парламент. Якім будзе іх выбар у цяперашніх умовах — вялікая інтрыга.

«Калі правы папуліст атрымае пасаду прэзідэнта, гэта можа паставіць пад сумнеў еўрапейскі выбар Румыніі. Гэта паваротны момант», — піша адзін з лакальных румынскіх экспертаў.