Румынія: Расследаванне ролі TikTok у перамозе кандыдата, якога падазраюць у сувязях з Крамлём
Ультраправы палітык Кэлін Джэарджэску, які перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, вёў сваю перадвыбарчую кампанію пераважна ў інтэрнэце, на платформе TikTok. Цяпер улады Румыніі спрабуюць высветліць, якую ролю кітайская сацсетка TikTok магла адыграць у сенсацыйных выніках першага тура выбараў, якія прайшлі ў краіне на выходных.
![Дэманстрацыя пратэсту ў Румыніі фота, EPA-EFE/REX / Shutterstock Дэманстрацыя пратэсту ў Румыніі фота, EPA-EFE/REX / Shutterstock](/img/v1/images/rumynija_akcyja_pratestu.webp?f=f&h=396&o=0&u=1732779827&w=528)
Дэманстрацыя пратэсту ў Румыніі фота, EPA-EFE/REX / Shutterstock
На выбарах у Румыніі ў першым туру нечакана для ўсіх першае месца заняў незалежны ўльтраправы палітык Кэлін Джэарджэску, якога абвінавачваюць у сувязях з Крамлём, піша ВВС.
У чацвер Вышэйшая Рада нацыянальнай абароны Румыніі правядзе экстраннае пасяджэнне, каб абмеркаваць, якія рызыкі для выбарчага працэсу і краіны ў цэлым могуць несці сацыяльныя сеткі і іншыя папулярныя інтэрнэт-платформы.
Як паведамляецца ў заяве канцылярыі кіраўніка Рады дзейнага прэзідэнта Румыніі Клаўса Ёханіса, пасяджэнне будзе прысвечанае аналізу «магчымых рызык для нацыянальнай бяспекі, выкліканых дзеяннямі дзяржаўных і недзяржаўных кібер-гульцоў».
62-гадовы Джэарджэску быў практычна невядомы за межамі Румыніі. Да апошняга часу ён не лічыўся сур'ёзным кандыдатам у прэзідэнты і вёў сваю перадвыбарчую кампанію пераважна ў інтэрнэце, на платформе TikTok.
Тым не менш у першым туры ён нечакана для ўсіх здолеў заняць першае месца — заручыўся падтрымкай каля 23% выбаршчыкаў і выбіў з гульні пяцярых супернікаў, у тым ліку прэм'ер-міністра краіны Марчэла Чолаку.
У другім туры, прызначаным на 8 снежня, яму будзе супрацьстаяць Алена Ласконі, якая ўзначальвае правацэнтрысцкую ліберальную партыю «Саюз выратавання Румыніі». (У першым туры яна атрымала каля 19% галасоў).
Двое з кандыдатаў, якія выбылі ў першым туры, ужо аспрэчылі вынікі выбараў у Вярхоўным судзе Румыніі. Яны патрабуюць адмяніць вынікі галасавання на той падставе, што Джэарджэску нібыта не даў справаздачу аб крыніцах фінансавання сваёй перадвыбарнай кампаніі.
У перадвыбарным штабе самога Джэарджэску гэтую заяву пакуль ніяк не пракаментавалі.
Глядзіце таксама
![Ху із ху, спадар Джорджэску? Паваротны момант Румыніі](/img/v1/images/calin_e1608194215330.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1732541505&w=660)
Як перамог Джэарджэску
Вядома, што немалую частку сваіх галасоў Джэарджэску атрымаў ад маладых выбаршчыкаў і грамадзян Румыніі, якія жывуць за мяжой, а перадвыбарчую агітацыю вёў пераважна онлайн, у асноўным на платформе TikTok.
У аўторак Нацыянальная аўдыявізуальная рада Румыніі заклікала Еўрапейскую камісію расследаваць ролю TikTok у выніках галасавання з-за «падазрэнняў у маніпуляванні грамадскай думкай».
Як паведаміў напярэдадні пасяджэння ў чацвер віцэ-прэзідэнт Аўдыявізуальнай рады Валянцін-Аляксандр Юкан, паводле яго інфармацыі, алгарытмы платформы больш дапамагалі распаўсюджваць матэрыялы, спрыяльныя для канкрэтнага кандыдата. Пры гэтым, паводле яго, было зусім незразумела, хто і як аплачваў гэтую перадвыбарчую агітацыю.
У сераду ўвечары кіраўнік румынскага рэгулятара ANCOM заявіў, што на час расследавання магчымых маніпуляцый на выбарах ён будзе прасіць аб часовым прыпыненні дзеяння TikTok на тэрыторыі краіны.
1 снежня ў Румыніі таксама павінны адбыцца выбары ў парламент.
У кіраўніцтве TikTok адхілілі абвінавачванні Бухарэста на свой адрас.
«Паведамленні аб выбарах у Румыніі недастаткова дакладныя і ўводзяць у зман, паколькі акаўнты ў TikTok маюць большасць кандыдатаў, а пераможцы вялі кампанію і на іншых лічбавых платформах, не толькі на нашай», — заявілі прадстаўнікі сацыяльнай сеткі.
Глядзіце таксама
![Як змяніліся Балгарыя і Румынія пасля далучэння да Еўрапейскага саюза? Як змяніліся Балгарыя і Румынія пасля далучэння да Еўрапейскага саюза?](/img/v1/images/untitled_design_54_1920x1080.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Глядзіце таксама
![Хапун, што змяніў краіну Хапун, што змяніў краіну](/img/v1/images/ap_8912270314_pic4_zoom_1500x1500_7553.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)