Польшча абвінаваціла Мінск у новай тактыцы па кіраванні мігрантамі на мяжы

Цяпер невялікія групы людзей адначасова спрабуюць перасячы мяжу ў некалькіх розных месцах, а працэс кантралююць беларускія сілавікі, заявіў кіраўнік Мінабароны Польшчы.

59778717_303.jpg


Улады Польшчы лічаць, што беларускія сілавікі змянілі тактыку па кіраванні групамі бежанцаў на мяжы. З такой заявай выступіў міністр абароны краіны Марыюш Блашчак у эфіры радыёстанцыі RMF FM, паведамляе DW.

Цяпер невялікія групы людзей адначасова спрабуюць перасячы мяжу ў некалькіх розных месцах, падкрэсліў Блашчак. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра «новы метад» перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі, і няма ніякіх сумневаў у тым, што дзеянні мігрантаў кантралююцца беларускімі ўладамі.

Польскія памежнікі таксама паведамілі 20 лістапада пра спробы вялікай колькасці маленькіх груп людзей прарвацца на тэрыторыю краіны.

Раней памежнікі паведамлялі пра шматлікія спробы прарыву праз мяжу вялікіх груп мігрантаў. Самая буйная група налічвала да 200 чалавек.

Агулам у ноч на 20 лістапада памежнікі прадухілілі 195 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Мігранты былі агрэсіўныя: кідалі камяні і феерверкі, выкарыстоўвалі слезацечны газ, паведамілі ў пагранслужбе Польшчы.

Акрамя таго, паводле звестак польскай паліцыі, у памежным раёне таксама былі затрыманыя дзевяць меркаваных кантрабандыстаў, якія арганізуюць нелегальную перапраўку людзей у краіны ЕС. Сярод затрыманых — грамадзяне Польшчы, Украіны, Германіі, Азербайджана і Грузіі. Агулам яны перавозілі 34 мігранты.

У інтэрв'ю брытанскай медыякампаніі BBC 19 лістапада Лукашэнка дапусціў, што беларусы дапамаглі мігрантам трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза. «Абсалютна магчыма», што беларускія вайскоўцы дапамагалі мігрантам перасячы мяжу з Польшчай, заявіў ён. «Мы славяне. У нас ёсць сэрца. Нашы войскі ведаюць, што мігранты накіроўваюцца ў Германію», — растлумачыў ён.

«Можа быць, ім (мігрантам) хтосьці дапамог. Я нават не буду ў гэта ўнікаць», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што не запрашаў мігрантаў у Беларусь. «Я казаў, што не збіраюся сілай утрымліваць мігрантаў на мяжы або адводзіць іх сілай... Я не буду спыняць іх, таму што яны едуць не ў маю краіну, а ў вашу», — падкрэсліў ён.

З траўня 2021 года Польшча, Літва і Латвія адзначаюць павялічаны паток мігрантаў з краін Блізкага Усходу. Яны спрабуюць праз Беларусь трапіць на тэрыторыю ЕС. Кіраўніцтва Еўрасаюза абвінавачвае Лукашэнку ў гібрыднай атацы на еўрапейскія краіны ў адплату за ўведзеныя супраць Мінска еўрапейскія санкцыі.

Самая цяжкая сітуацыя ў лістападзе склалася на польска-беларускай мяжы. 8 лістапада да мяжы з Польшчы з боку Беларусі падышлі некалькі тысяч мігрантаў. З тых часоў яны працягваюць прадпрымаць спробы сілавога пераходу мяжы ў напрамку Польшчы, кідаючы ў памежнікаў камяні, выкарыстоўваючы слезацечны газ і асляпляючы іх лазерамі.