Польшча заявіла, што мяжу патрулююць п’яныя беларускія памежнікі

У Міністэрстве абароны заходніх суседзяў Беларусі заявілі, што некаторыя беларускія памежнікі знаходзяцца на варце ў стане алкагольнага ап’янення, перадае Радыё Свабода.

8ca9e8f3_ecbb_4c12_8ae5_c7c48f0ee884_cx0_cy10_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што зафіксавала на відэа п’янога беларускага памежніка. На стужцы бачна, як чалавек у вайсковай форме просіць польскага памежніка перадаць яму цераз агароджу з калючага дроту цыгарэты. Мужчына заўважна хістаецца і спрабуе размаўляць на ангельскай і польскай мовах, выкарыстоўваючы вядомыя яму словы.
Польскі памежнік адказаў, што не паліць, на што беларускі паведаміў, што лічыць суразмоўцаў «братамі».Польскае міністэрства абароны адзначае, што гэта нібыта ўжо не першы выпадак, калі іх патруль сустракае п’яных беларускіх памежнікаў.
Напярэдадні прадстаўнік памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі, каментуючы абстаноўку на мяжы, заявіў аб зацікаўленасці з боку Польшчы ў «актывізацыі двухбаковых кантактаў, у аснове якіх ляжыць прынцып канструктыўнага дыялогу».
У Польшчы гэтага не пацвярджаюць. Наадварот, прэм’ер-міністар краіны Матэвуш Маравецкі ў нядзелю наведаў Эстонію і Літву і ў чарговы раз заявіў пра гібрыдную агрэсію і дэзынфармацыю супраць краін Еўразвязу з боку рэжыму Лукашэнкі.