Польшча мае намер адгарадзіцца ад Беларусі сцяной да сярэдзіны 2022 года
Польшча да канца першай паловы будучага года мае намер значна ўмацаваць мяжу з Беларуссю, паведаміў кіраўнік польскага МУС Марыюш Камінскі.
![f23b4414ad242ad90ecb7066a0611903.jpg f23b4414ad242ad90ecb7066a0611903.jpg](/img/v1/images/f23b4414ad242ad90ecb7066a0611903.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Мы хочам, каб загарода была ўсталяваная да канца першага паўгоддзя 2022 года, гэта будзе збудаванне даўжынёй 180 км, вышынёй 5,5 м, там будуць выкарыстаны самыя сучасныя рашэнні», — цытуе міністра Interfax.by.
«Уздоўж ракі Буг мы выкарыстоўваем сістэмы бяспекі іншага тыпу», — дадаў ён.
Па словах міністра, цяпер мяжу з Беларуссю ахоўваюць 13 тысяч вайскоўцаў, 4,5 тысяч памежнікаў і 2 тысячы паліцэйскіх. «Нас пастаянна правакуюць, але нашы службы падрыхтаваныя добра», — адзначыў Камінскі.
Ён таксама паведаміў, што «лагер (мігрантаў) ля мяжы разрастаецца і знаходзіцца пад кантролем беларускіх службаў, якія дастаўляюць патрэбныя матэрыялы».
Сітуацыя на мяжы Польшчы і Беларусі ўскладнілася ў мінулы панядзелак, калі да мяжы з Польшчай з беларускага боку падышлі некалькі тысяч мігрантаў з краін Блізкага Усходу, якія жадаюць перабрацца ў ЕС. Польскія афіцыйныя асобы назвалі тое, што адбываецца, самым складаным момантам з пачатку крызісу на мяжы.
Польшча, Літва і Латвія ў апошнія месяцы фіксуюць узмоцненую плынь мігрантаў, якія спрабуюць праз Беларусь трапіць на тэрыторыю ЕС. У Еўрасаюзе вінавацяць Беларусь у тым, што менавіта яна стварыла хаос блізу межаў ЕС, паколькі не пускае назад нелегальных мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі, якія спрабуюць трапіць у Еўрасаюз, але атрымліваюць адмову.
Краіны Балтыі абвінавачваюць улады Беларусі ў арганізацыі плыняў мігрантаў і называюць гэта «гібрыднай агрэсіяй». Той жа пазіцыі прытрымліваецца і Еўракамісія.