The Wall Street Journal: Беларускі наступ Пуціна

«Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін зноў дадае непрыемнасцяў Еўропе, спачатку засяродзіўшы войскі на мяжы з Украінай, а цяпер — крызісам уцекачоў і энергетычнымі пагрозамі праз свайго хаўрусніка ў Беларусі. Заходняя Еўропа засмучаная, але ў сваёй уразлівасці ёй варта вінаваціць саму сябе», — піша The Wall Street Journal у рэдакцыйным артыкуле.

gazoprovod_1_1200x675.jpg


(...) «Прадстаўнікі польскіх сіл бяспекі абвінавацілі беларускія сілы ў дапамозе мігрантам у пераадоленні памежных загарод. Яны кажуць, што беларускія падраздзяленні арыентавалі свае вінтоўкі на польскіх ваенных і імітавалі кіданне гранат праз мяжу. Сотні мігрантаў спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу на гэтым тыдні, і тысячы застаюцца ў лагеры паблізу. Некаторыя памерлі ад нізкіх тэмператур. Цяпер Лукашэнка і разыгрывае карту энергапаставак», — гаворыцца ў артыкуле.

(...) «Гэта падобна на натхнёную Пуціным гібрыдную палітычную кампанію. Намер складаецца ў тым, каб дэстабілізаваць Польшчу і яе суседзяў, у той жа час выклікаўшы раскол унутры ЕС. Пакуль што гэтая стратэгія ў значнай ступені выклікала зваротныя вынікі. Сварка Варшавы з Брусэлем у пытаннях вяршэнства закона цяпер адышла на другі план, і Брусэль справядліва ўсклаў віну за гуманітарны крызіс на Беларусь. Адзін высокапастаўлены чыноўнік ЕС заявіў, што фінансаванне будаўніцтва памежнай сцяны з Беларуссю магчыма — Брусэль змяніў папярэднюю пазіцыю», — паведамляе газета.

«Марыянетку кантралюе Расія, — упэўненая рэдакцыя выдання. — Лукашэнка калісьці сутыкаў Расію і Захад, але пасля народных пратэстаў супраць яго ён цалкам далучыўся да Масквы. Пуцін выкарыстоўвае гэтую перавагу, накіраваўшы на гэтым тыдні расійскія стратэгічныя бамбавікі над паветранай прасторай Беларусі. Крэмль заклікаў Еўропу плаціць Мінску за прыпынак мігрантаў, абвінавачваючы ў хаосе заходняе ўмяшанне на Блізкім Усходзе. Падобны тролінг — «фішка» Пуціна: ствараць або заахвочваць узнікненне крызісу, вінаваціць ахвяру і патрабаваць саступак для вырашэння праблемы. У больш шырокім стратэгічным кантэксце Пуцін і яго паплечнік лічаць, што могуць дзейнічаць адносна беспакарана, таму што Еўропа адчайна мае патрэбу ў расійскім газе ва ўмовах энергетычнага крызісу». (...)

Газета запэўнівае, што «лепшы кароткатэрміновы падыход 3 увесці больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да такіх тавараў, як экспарт калійных угнаенняў, і аказаць ціск на краіны Блізкага Усходу, каб яны прыпынілі палёты ў Мінск. У канчатковым выніку Еўропе прыйдзецца паменшыць сваю залежнасць ад расійскай энергіі. Пакончыць з трубаправодам “Паўночны паток-2” было б добрым пачаткам, калі ў кагосьці хапіла б смеласці гэта зрабіць».

Паводле inopressa.ru, пераклад «НЧ»