Дасье ў карыкатурах: Міграцыйныя крызісы — учора, сёння, заўтра

Натоўпы ўцекачоў штурмуюць польскую мяжу з боку Беларусі. Але праблема мігрантаў старая як свет. Прапануем паглядзець на з'яву праз прызму карыкатур.


Напрыклад, у чацвёртым стагоддзі н.э. Рымская імперыя таксама сутыкнулася з міграцыйным крызісам. Яго прычынай стала арда гунаў, якая абрынулася на Еўропу з Усходу. Асабліва пацярпелі ад яе плямёны готаў, якія ўпрошвалі Рым аб прытулку. Рымскі імператар Валент прыняў іх, мяркуючы, што готы папоўняць шэрагі рымскай арміі. Бежанцаў размясцілі ў спецыяльных лагерах, аднак жыццё там стала невыносным ад голаду. Урэшце, готы падняліся на паўстанне. У гэтай вайне імператар загінуў, а готы ў 410 годзе захапілі Рым і цалкам яго разбурылі. Тая гісторыя застаецца актуальнай і сёння. Адзін нямецкі мастак палічыў, што натоўп прыхільнікаў Трампа, які зімой штурмаваў Белы дом, нагадвае арду варвараў, якія атакуюць Рым.

1_497.jpg


Але міграцыя можа мець і пазітыўныя наступствы. Адмена ў 1685 годзе французскім каралём Людовікам XIV Нанцкага эдыкта, які абараняў рэлігійную свабоду, пацягнула за сабой масавы зыход пратэстантаў (гугенотаў). Так, адна толькі Англія прыняла 650 000 бежанцаў. Краіны, якія далі ўцекачам прытулак, дзякуючы ім атрымалі новы імпульс развіцця. Аднак дабрацца да новага месца прапіскі было наканавана не ўсім. На гравюрах таго часу часта малявалі як караблі з уцекачамі церпяць крушэнне.

2_455.jpg


У 1492 годзе кіруючая каралеўская пара Іспаніі, фанатычныя каталікі Фердынанд і Ізабэла, выпусцілі дэкрэт, які паклаў пачатак выгнанню з краіны яўрэяў. Адным з выратавальных прыстанкаў для іх стала Асманская імперыя, у якую перасяліліся амаль 250 000 сефардаў (іспанскіх яўрэяў), у асноўным у гарады Салонікі і Стамбул. Іспанія ўспомніла пра сваіх былых суайчыннікаў толькі праз 500 гадоў. У 2013-м ім прапанавалі атрымаць іспанскае грамадзянства па спрошчанай працэдуры. На думку аднаго з карыкатурыстаў, у асноўным прапановай скарысталіся сефарды-фанаты вядомага іспанскага футбольнага клуба «Барселона».

3_409.jfif


Дарэчы, знаёмыя нам усім ромы — таксама былыя «нелегальныя мігранты». Яны з'яўляюцца нашчадкамі выхадцаў з паўночна-заходняй Індыі. Іх міграцыйны шлях пралягаў праз Сярэдні Усход і Візантыю, а ў 15 стагоддзі яны нарэшце дасягнулі Еўропы. А вось еўрапейцам і пяці стагоддзяў не хапіла, каб пазбавіцца ксенафобіі адносна цыган. Апошняя буйная кампанія супраць іх мела месца ў 2010-м у Францыі. Тагачасны прэзідэнт Нікаля Сарказі пачаў масавыя дэпартацыі балканскіх цыган, што выклікала шквал пратэстаў. Асудзілі паводзіны Сарказі і карыкатурысты.

4_385.png


Як вядома, менавіта мігрантам ЗША абавязаныя сваім з'яўленнем на мапе. У 1607-м група радыкальных пратэстантаў пакінула Англію ў пошуках новай зямлі. Пасля некалькіх гадоў туляння паломнікі заснавалі першую калонію на тэрыторыі Амерыкі. Вядома, дазволу абарыгенаў яны пры гэтым не пыталіся, што ў нашы дні стварыла глебу для шматлікіх жартаў. «Як доўга, вы, нелегальныя замежнікі, збіраецеся тут заставацца?», — пытаецца індзейскі правадыр у каланістаў на малюнку мастака выдання Cartoon Movement.

5_356.jpg


Між тым міграцыйнае пытанне зараз стаіць у Штатах вельмі востра. Кожную ноч амерыкана-мексіканскую мяжу перасякаюць тысячы няпрошаных гасцей. Іх часткова ловяць і вяртаюць на радзіму. Аднак паток мігрантаў не заканчваецца, паколькі перакрочыць мяжу з ЗША намагаюцца не толькі мігранты з Мексікі, але і выхадцы з бедных лацінаамерыканскіх краін. Пакуль ніякага рэцэпта рашэння праблемы няма. Пры гэтым крайнім робяць Джо Байдэна, які, калі верыць карыкатурыстам, для захавання рэйтынгу спрабуе не заўважаць маштабу крызісу.

6_247.jpg


Ну і, нарэшце, працягваецца міграцыйны крызіс у Еўропе, эпізодам якога з'яўляюцца цяперашнія падзеі на мяжы Беларусі і Польшчы. Пачынаючы з восені 2015 года мы назіраем шматразовае павелічэнне патоку бежанцаў, а таксама нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у Еўрапейскі саюз з краін Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёвай Азіі. Гэты міграцыйны крызіс з'яўляецца найбуйнейшым у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Акрамя ўсяго, ён дэманструе негатоўнасць ЕС да такога выкліку. Ілюстрацыяй гэтага з'яўляецца карыкатура, на якой намалявана аблога Еўропы мігрантамі. А што еўрапейцы? «Нам патрэбны новы роў», — лічыць абаронцы крэпасці. На жаль, у ракурсе чаканых негатыўных наступстваў глабальнага пацяплення і эпідэміі, хутчэй за ўсё трэнд будзе працягвацца. Так што да прысутнасці мігрантаў нам, здаецца, давядзецца паступова прывыкаць.

7_170.jfif