Польшча можа стаць сусветнай сталіцай рынку дронаў
Нацыянальны цэнтр даследавання і развіцця Польшчы пачаў праграму па падтрымцы інавацыйнасці дронаў.
Нацыянальны цэнтр даследавання і развіцця Польшчы пачаў праграму па падтрымцы інавацыйнасці беспілотных лятальных апаратаў. Варшава хоча ператварыць вытворчасць дронаў у сваю спецыяльнасць і зарабляць на гэтым.
Падставы да аптымізму сур’ёзныя — у вытворчасці дронаў польскія навукоўцы дасягнулі вельмі добрых вынікаў.
— У нас ёсць вялікія авіяканцэрны, але вакол іх вырасла шмат прыватных фірмаў, пакуль малых, але яны дынамічна развіваюцца. У нас выдатныя навуковыя і інжынерскія кадры, — сказаў падчас адкрыцця праграмы “INNOSBZ” віцэ-прэм’ер Польшчы Яраслаў Говін.
У рамках гэтай праграмы ўрад прызначыў 50 млн. на даследаванні звязаныя з тэхналогіяй дронаў. Частка гэтых грошай будзе прызначаная на стварэнне беспілотных пасадачных пляцовак і наводных платформаў.
Сістэмы, якія будуць створаныя ў рамках праграмы Нацыянальнага цэнтра даследавання і развіцця будуць выкарыстоўвацца паліцыяй, пажарнікамі, памежнікамі, ляснікамі і шэрагам прадпрыемстваў. Яны могуць дапамагаць адпаведным службам падчас крызісных сітуацый: выкрыцця паводак, дастаўкі сродкаў для жыцця, аўтаматычным выкрыванні пажараў у цяжкадаступных месцах. Дзякуючы дронам можна назіраць за аб’ектамі, камунікацыйнымі шляхамі і кантраляваць пагрозы для экалогіі.
У рамках праекта “INNOSBZ” зацікаўленыя кампаніі змогуць атрымаць грант ад дзяржавы — ад 2 да 20 млн. злотых.
У 2020 годзе сусветны рынак дронавых тэхналогій складзе больш за 127 мільярдаў долараў. Гэта прагноз польскага аддзелу кансалтынгавай фірмы PWC. Сёння гэтай тэхналогіяй усё часцей карыстаецца сельская гаспадарка, транспартны і інфраструктурны сектары.
Польшча ў 2013 годзе першай у свеце ўвяла рэгуляцыю камерцыйнага выкарыстання дронаў, гаворыць Міхал Мазур з PWC.
М. Мазур распавёў:
— Дзякуючы гэтаму Польшча становіцца калыскай камерцыйнага выкарыстання дронаў. Ужо цяпер фірмы будаўнічага сектара, страхавыя кампаніі і інфраструктурныя, рэалізуюць першае выкарыстанне дронаў у сваіх аперацыйных працэсах.
Дзякуючы дронам можна сачыць за будовай, кантраляваць дзяржаўную мяжу, дастаўляць тавары, ежу і пошту. Эксперт Адам Віснеўскі кажа, што толькі на сусветным сельскагаспадарчым рынку патэнцыял камерцыйнага выкарыстання дронаў перакрочвае 32 мільярды долараў.
А. Віснеўскі адзначыў:
— У рамках так званага дакладнай сельскай гаспадаркі мы можам, па-першае, збіраць інфармацыю наконт ураджаю дзякуючы мультыспектральным датчыкам. Можна правесці аналіз глебы і стварыць базу дадзеных вырошчваемых раслін. Дзякуючы гэтаму можна хутчэй дазнавацца пра змены і ў выніку павялічваць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі.
Паводле эксперта, тэхналогія дронаў становіцца ўсё больш таннай і ўсё больш фірмаў і асобаў могуць ёю скарыстацца.
А. Вісьнеўскі прыгадаў:
— 15 гадоў таму, калі быў выбух масавага выкарыстання дронаў, пераважна ў мілітарных мэтах, самы маленькі дрон каштаваў ад 250 тысяч долараў і больш. Цяпер жа можна пайсці ў краму за вуглом і купіць так званы “камунійны дрон”, які дораць дзецям на першае прычасце. Цана такога дрона — 4 тысячы долараў. Ён можа перадаваць сігнал HD на адлегласць 2–3 кіламетры.
Выкарыстанне дронаў у Польшчы рэгулюе Закон аб авіяцыі і пастановы. На сакавік гэтага года Упраўленне грамадзянскай авіяцыі выдала больш за 2,2 тысячы кваліфікацыйных пасведчанняў. У Польшчы зарэгістраваныя 23 фірмы, якія праводзяць курсы ўпраўлення дронам.
Дарэчы, менавіта ў Польшчы кансалтынгавая кампанія PwC размясціла свой першы цэнтр бізнэс-вырашэнняў для дронаў — Drone Powered Solution. Рашэнне пра гэта было прынятае з-за сучасных польскіх законаў, якія дазваляюць шырока выкарыстоўваць беспілотныя апараты.
hwww.radyjo.net