У Польшчы створаць скансэн савецкіх помнікаў
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы хоча стварыць скансэн савецкіх помнікаў.
Музэй помнікаў часоў ПНР пабудуюць, хутчэй за ўсё, у мясцовасці Борнае Сулінова ў Заходнепаморскім ваяводстве. З такой прапановай да ІНП выступілі мясцовыя ўлады. На тэрыторыі гэтай гміны пасля вайны была пабудаваная ваенная база савецкіх войскаў. Менавіта там мясцовыя ўлады прапануюць стварыць скансэн савецкіх помнікаў.
Дырэктар Аддзелу адукацыі ІНП Анджэй Завістоўскі распавёў Польскаму радыё, што ў выніку працэсу дэкамунізацыі польскай публічнай прасторы ўзнікла пытанне, што рабіць з дэмантаванымі аб’ектамі. Так узнікла ідэя месца, якое стане ня толькі складам старых савецкіх помнікаў, але і месцам адукацыі.
— Гаворка не пра «настальгічны Дыснэйлэнд», а пра месца, дзе моладзь зможа знаёміцца з гісторыяй і разумець, што манументы, якія называюць «помнікамі падзякі Чырвонай Арміі» былі сымбалем савецкага прыгнёту Польшчы, — гаворыць віцэ-дырэктар ІНП Павэл Укельскі.
Другое верагоднае месца размяшчэння скансэну — мясцовасць Чырвоны Бор пад Ломжай на Падляшшы. У Польшчы налічваецца каля 300 помнікаў у гонар чырвонаармейцаў, пастаўленых у часы Польскай Народнай Рэспублікі.
www.radyjo.net