У Варшаве прайшло шэсце апазіцыі (фота)
У Варшаве прайшло масавае шэсце, арганізаванае Камітэтам Абароны Дэмакратыі сумесна з апазіцыйнымі партыямі.
Старшыня Камітэта Абароны Дэмакратыі Матэвуш Кіёўскі падчас сваёй прамовы на шэсці зазначыў, што амаль усе польскія апазіцыйныя рухі аб’ядналіся разам супраць дзейнага ўрада:
Шэсце сабрала велізарную колькасць людзей. Паліцыя называе лічбу 45 тысяч удзельнікаў, у той самы час Варшаўская ратуша гаворыць ажно пра 240 тысяч маніфестантаў. Старшыня апазіцыйнай партыі “Грамадзянская Платформа” Гжэгаж Схетына адзначыў, што антыўрадавае шэсце стала найвялікшай дэманстрацыяй з часоў упадку камунізму:
Ужо некалькі месяцаў у Польшчы трывае напружаная палітычная сітуацыя. Апазіцыя лічыць, што партыя “Права і Справядлівасць”, якая выйграла парламенцкія выбары ў 2015 годзе, уводзіць элементы дыктатуры. У той самы час кіроўная партыя звінавачвае апазіцыю ў тым, што яна не змагла згадзіцца з вынікам выбару польскіх грамадзянаў і праз гэта ўшчыняе авантуру, якая шкодзіць Польшчы. Апроч антыўрадавых воклічаў, на шэсці гучаць праеўрапейскія лозунгі. “Польшча ёсць і будзе ў Еўропе”.
Удзельнікі шэсця лічаць, што Яраслаў Качыньскі і кіроўная партыя “Права і Справядлівасць” знішчаюць дэмакратыю, а таксама спрабуюць вывесці Польшчу з Еўропы:
– Дэмакратыя – гэта найважнейшая рэч, дзеля якой можна і трэба змагацца. Не – дыктатуры, не – хлусні.
– Сёння парушаюцца ўсе правы. І гэта выклікае абурэнне народа – людзі бунтуюць. Нават аб’ядналася ўся апазіцыя.
– Я думаю, што маем права баяцца сітуацыі, якая склалася сёння. Праблема палягае на тым, што ўлада кажа адно, а робіць іншае.
– Я памятаю часы Польскай Народнай Рэспублікі. І скажу так: у параўнанні з сённяшняй сітуацыяй, не так ужо і дрэнна тады было.
Акрамя шэсця апазіцыі, у Варшаве прайшло шэсце нацыяналістаў, а таксама Парад Шумана – традыцыйная штогадовая праеўрапейская маніфестацыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Варшава