Прыгоды іспанскага інтэрфронту

Іспанскія муніцыпальныя і аўтаномныя выбары 24 мая зменяць палітычны пейзаж у краіне. Будзе перафарматаваная не толькі левая, але і правая сцэна. Пацясніць кансерватараў мае шанец маладая партыя «Грамадзяне».



mas_podemos_spain.jpg

У кантэксце хуткіх выбараў у Іспаніі модна пісаць пра феномен левага руху «Podemos». Прычына інтарэсу — пазітыўная дынаміка (рух з нуля за пару гадоў вырас у рэйтынгах да 15–20 працэнтаў), незвычайная гісторыя стварэння («Podemos» паўстаў з ініцыятывы маладых выкладчыкаў) і арыгінальны механізм прыняцця рашэння — адкрытая электронная дэмакратыя. Між тым, паралельна «Podemos» набірае моц яшчэ адна структура, якая таксама паўстала знізу.

Гаворка пра партыю «Грамадзяне», якая нарадзілася ў Каталоніі ў 2006 годзе. Гісторыя «Грамадзян» падобная на гісторыю фармавання Інтэрнацыянальных франтоў у Прыбалтыцы, які ўзніклі ў часы перабудовы як рэакцыя рускамоўных на нацыянальнае адраджэнне тытульнай нацыі. Аналагічна Прыбалтыцы, у Каталоніі ў 2005 годзе пасля прыняцця пакету моўных законаў актывізаваліся іспанскамоўныя жыхары: будучы індустрыяльна развітым краем, Каталонія доўгі час прыцягвала працоўных мігрантаў з усіх куткоў Пірэнеяў.

У 2005 годзе група іспанскамоўных інтэлектуалаў і журналістаў Каталоніі заклікала да стварэння платформы, якая будзе змагацца супраць «прымусовага нацыяналізму». Перш за ўсё яе ініцыятарам не падабалася абавязковае выкарыстанне каталонскай мовы ў афіцыйным справаводстве. Праіснаваўшы год у фармаце асацыяцыі, праціўнікі каталанізацыі вырашылі зрабіць наступны крок і заснавалі партыю, якую ахрысцілі «Грамадзяне — Грамадзянская партыя» (Ciudadanos — Partido de la Ciudadanía). Лідарам партыі быў абраны 26-гадовы юрыст Альберт Рывера, які застаецца старшынёй да сённяшняга дня. Праз год на выбарах у рэгіянальны парламент «Грамадзяне» атрымалі першыя дэпутацкія мандаты.

Заснавальнікі партыі прыдумалі практыку ўключаць у свой выбарчы спіс выключна людзей, якія ніколі не мелі дэпутацкага вопыту. Гэта і іншыя ноу-хау прыцягнулі да «Грамадзян» інтарэс за межамі Каталоніі.

За апошнія пяць гадоў у шэрагу буйных гарадоў і рэгіёнаў, дзе каталонскае пытанне з’яўляецца абсалютна неактуальным, з’явіліся дэпутаты ад «Грамадзян». У мінулым годзе партыя прарвалася ў еўрапарламент, атрымаўшы каля трох працэнтаў галасоў. На лютаўскіх выбарах у Андалузіі партыю Альберта Рыверы падтрымалі каля 9 працэнтаў (4-я па колькасці пададзеных галасоў партыя па выніках галасавання).

Адначасова на першае месца ў раскрутцы іміджу «Грамадзян» выйшла тэма грамадскага кантролю над уладай і яе кадравае абнаўленне. На месцах «Грамадзяне» таксама часта рэкламуюць сябе як партыя, якая найбольш эфектыўна шукае адказы на рэальныя праблемы грамадства.

Другім парадоксам «Грамадзян» стала змена каардынат партыі ў палітычным спектры. «Грамадзяне» нараджаліся як партыя левацэнтрысцкага кшталту. На ўстаноўчым з’ездзе было абвешчана, што галоўнымі каштоўнасцямі для партыі ёсць ліберальны прагрэс і дэмакратычны сацыялізм. Увогуле, галоўныя задачы партыі: роўнасць рэгіёнаў (гэта прадугледжвае ліквідацыю аўтаномій), роўнасць правоў грамадзян без уліку іх мовы, гендэрнай, рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці, сацыяльна-эканамічнага статусу. «Грамадзяне» намагаюцца таксама трымаць дыстанцыю ад іспанскіх дзяржаўнікаў, асу­джаючы ідэю ўнітарнай Іспаніі.

Аднак з-за запыту на новыя палітычныя сілы і крызісу кансерватыўнай Народнай партыі да «Грамадзян» пацягнуліся правыя выбаршчыкі. Найбольш выразна гэты працэс адбываецца ў камуне Валенсія, дзе кандыдат ад «Грамадзян», паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, выйшаў на першае месца па папулярнасці на фоне падзення рэйтынга «Народнай партыі» (РР). Поспех «Грамадзян» на майскіх выбарах можа ператварыць іх у самую перспектыўную правую сілу ў Іспаніі. Тым больш, што перыядычна з’яўляюцца чуткі наконт магчымага блоку «Грамадзян» з вядучай ліберальнай партыяй — «Саюз за прагрэс і дэмакратыю». Праўда, пакуль спробы дыялогу не мелі поспеху.

З іншага боку, дрэйф «Грамадзян» у правым накірунку стварыў новыя рызыкі для арганізацыі. Ідэйная размыстасць «Грамадзян» прымушае іх спікераў увесь час лавіраваць, каб, як гаворыцца, быць і вашым, і нашым. Напрыклад лідар партыі ўмудрыўся спачатку падтрымаць аднаполыя шлюбы, а пасля заявіць, што «гомасексуалізм — чужая тэма для іспанскага соцыуму». Таксама няма канкрэтнай пазіцыі па пытанні карыды. Пасля таго, як кіраўніцтва «Грамадзян» падтрымала забарону карыды, прызнаўшы яе крывавым і антыэкалагічным спортам, партактыў на месцах выступіў супраць такога рашэння, паколькі, на іх думку, такая забарона супярэчыць праву грамадзян на вольны выбар.

Яшчэ адным слабым месцам «Грамадзян» застаецца інерцыйнае факусаванне на каталонскай праблематыцы. Адпаведна праграме, дасюль галоўная задача «Грамадзян» — «супрацьстаянне ўдушэнню, якое прадстаўляе для каталонскага грамадства навязванне яму нацыянальнай ідэнтыфікацыі».

Чым закончацца прыгоды іспанскага Інтэфронту, стане лепш зразумела пасля выбараў 24 мая. З улікам турбулентнай прыроды цяперашняй іспанскай палітыкі, чакаць можна чаго заўгодна. На думку палітолагаў, нават не перамога, а добры вынік «Грамадзян» на выбарах здольны падарваць пазіцыі кансерватараў-дзяржаўнікаў на правым флангу і надаць новы імпульс дыскусіі пра федэралізацыю Іспаніі.