Шкілеты з шафы Хілары

Заява Хілары Клінтан пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта адразу дала старт пошукам шкілетаў у яе шафе. Прапануем падборку самых папулярных кампраматаў на фаварыта прэзідэнцкай кампаніі ЗША 2016 года.



hillarypresident041115.jpg

Палітычная неразборлівасць

Цяперашні лідар дэмакратаў прыйшла ў палітыку ў 13 гадоў, калі ўпершыню пачала ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях у якасці валанцёра. Спачатку маладая міс Родхам (яе дзявоцкае прозвішча) пад уплывам бацькі была прыхільніцай рэспубліканцаў. Прычым такім фанатычным, што нават удзельнічала ў 1964 годзе ў кампаніі Бары Галдуотэра — самага правага кандыдата ў гісторыі ад рэспубліканцаў на пасаду прэзідэнта. Зенітам яе кар’еры ў шэрагах рэспубліканцаў стала старшынства ў клубе маладых рэспубліканцаў у родным каледжы. Аднак, паступіўшы ў 1968 годзе ў Ельскі ўніверсітэт, Хілары нечакана радыкальна змяніла погляды і на выбарах 1972-га ўжо падтрымлівала Джорджа Макгаверна — найбольш левага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі ў гісторыі.

Махінацыі з нерухомасцю

Хілары Клінтан мае дачыненне да вельмі сумнеўных аперацый з нерухомасцю. У 1977 годзе Клінтаны інвеставалі грошы ў стварэнне сямейнага курорту Whitewater, які праз некалькі гадоў збанкрутаваў пры загадкавых абставінах. Пры гэтым адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі курорту пакончыў жыццё самагубствам. У 1996 годзе пра тую падзею з-за публікацый у прэсе ўзгадалі, і давялося праводзіць дадатковае следства, у выніку якога Біл і Хілары, праўда, давялі сваю невінаватасць. Так ці інакш, з-за таго, што Клінтаны трапіла пад следства, яны сталі першай прэзідэнцкай парай у гісторыі ЗША, у якой агенты ФБР узялі на ўсялякі выпадак адбіткі пальцаў.

Карупцыя

Падазраваць у карупцыі Клінтанаў пачалі ў 1993 годзе пасля таго, як яны правялі адзін год у Белым Доме. Высветлілася, што некаторыя функцыі па арганізацыі падарожжаў прэзідэнта (раней гэта была сфера адказнасці асобнага дэпартаменту) былі перададзеныя фірмам у Арканзасе, за якімі стаялі сябры Біла і Хілары. Прычым Хілары, быццам, і займалася перадачай дарагіх кантрактаў сваім знаёмым.

Прагматызм замест маралі

Шматлікія амерыканскія біёграфы згодныя, што Хілары і Біл Клінтан ніколі не кахалі адзін аднаго. Іх саюз узнік выключна на агульных палітычных амбіцыях. Прынамсі, да сустрэчы з Білам Хілары сустракалася з актывістам рэспубліканскай партыі Дэвідам Рупертам. Як прызнавалася пасля Хілары, раман не меў перспектывы з-за таго, што ёй не падабалася адсутнасць у Дэвіда вялікіх амбіцый. Увогуле, называць сябе місіс Клінтан Хілары стала толькі ў 1980 годзе, пасля пачатку кампаніі на пасаду губернатара Арканзаса, у якой удзельнічаў яе муж. Пасля таго, як выбухнуў скандал наконт сувязяў яе мужа з Монікай Левінскі, Хілары адмовілася падаць на скасаванне шлюбу, што магло значыць яе сыход з вялікай палітыкі. У сувязі з гэтым кансерватары кажуць, што абранне асобы з такой біяграфіяй на пасаду прэзідэнта створыць для жанчын кепскую мадэль паводзін.

Нетрадыцыйная сексуальная арыентацыя

Хілары даўно падазраюць у тым, што яна лесбіянка. Такія высновы робяцца сыходзячы з яе напорыстай манеры, адсутнасці цікавасці да сваёй знешнасці ў падлеткавым узросце, прынцыпу падбору яе персаналу, сярод якога шмат мускулістых жанчын. Некаторыя сацыёлагі лічаць, што Абама атрымаў больш галасоў, чым Хілары падчас праймерыз, паколькі выглядаў больш па-жаноцку. Тыя ж сацыёлагі сцвярджаюць, што Хілары Клінтан з-за сваёй сексуальнай прыроды ў палітыцы імітуе агрэсіўны стыль мужчыны, правакуючы праціўніка на адкрыты бой. На іх думку, у выпадку абрання Хілары на пасаду прэзідэнта, ЗША чакае шэраг войнаў. У сваю чаргу, крытыкі версіі пра сексуальную нетрадыцыйнасць Клінтан звяртаюць увагу на дастаткова мяккую знешнюю палітыку ЗША ў часы, калі Клінтан займала пасаду сакратара адміністрацыі Абамы. На іх думку, пераезд Хілары Клінтан у Белы дом працягне тэндэнцыю калапсу ЗША як сусветнага лідара.

Халатнасць

Гэта самы свежы кампрамат на Хілары, які ўсплыў на старонках прэсы прыкладна паўгода таму. У халатнасці яе абвінавацілі пасля таго, як стала вядома, што палітык выкарыстоўвае асабістую электронную скрыню для перасылкі дакументаў стратэгічнай важнасці для краіны. Праціўнікі дэмакратаў ўпэўненыя, што практыка такога абмену лістамі магла дапамагчы ісламскім тэрарыстам арганізаваць які-небудзь замах. Праўда, ніякай канкрэтыкі яны не называюць. 

Хлусня

Не вялікі, аднак важны аргумент супраць кандыдатуры Хілары Клінтан звязаны з выпадкамі, калі яна хлусіла. Так, у 1995 годзе Хілары сустрэла славутага альпініста Эдмунда Хілары (першы, хто пакарыў Эверэст). У размове яна сказала, што яе бацькі назвалі дачку Хілары ў гонар суразмоўцы. Гэта была відавочная хлусня, паколькі Эдмунд Хілары ўзняўся на самую вялікую гару на планеце ў 1953 годзе, а Хілары нарадзілася ў 1947-м. Праўда, пазней у якасці апраўдання, яна распавяла, што гэта гісторыя — сямейны міф.

Французскае паходжанне

Найбольш экзатычным кампраматам на Хілары ёсць версія пра яе французскія карані. Пасля таго, як Жак Шырак адмовіўся ўдзельнічаць у вайсковай кампаніі супраць Іраку ў 2002 годзе, для амерыканцаў характэрныя масавыя антыпатыі на адрас усяго французскага. Між тым архіварыусы мяркуюць, што продкі Хілары прыехалі ў ЗША з цяперашняга канадскага Квебеку (пра гэта сведчаць такія імёны ў яе генеалагічным дрэве, як Пікард, Бушэ і інш). Па сутнасці, калі добра пашукаць, Хілары сапраўды амерыканка французскага паходжання. Наколькі французская тэма з’яўляецца плямай для біяграфіі палітыка, цяжка сказаць. Пакуль ні гэты і ніякі іншы са загаданых кампраматаў не здолеў пахіснуць лідарства Хілары Клінтан у прэзідэнцкай кампаніі.