У Казахстане самыя сумныя выбары
Казахстан абірае прэзідэнта, якім, без усякіх сумневаў, стане Нурсултан Назарбаеў. Пра ход кампаніі і магчымыя трэнды развіцця сітуацыі "Новаму Часу" распавёў казахскі праваабаронца Андрэй Грышын.
— Хто выступае апанентам Назарбаева на гэтых выбарах?
— Два яшчэ ўчора нікому практычна не вядомыя чалавекі. Калі адзін — Тургун Сыздыкаў — яшчэ неяк кампенсуе публічную ананімнасць сяброўствам у больш-менш раскручанай праўладнай Камуністычнай народнай партыі, то імя другога — Абельгазы Кусаінаў — увогуле нічога не кажа нават чалавеку, які цікавіцца казахскай палітыкай. Таксама не зразумела, што прымусіла былога апаратчыка КПСС, міністра транспарту, лідара афіцыйных прафсаюзаў (гэта ўсё старонкі біяграфіі Кусаінава) выступаць супраць Назарбаева. Практычна ніхто не сумняваецца, што ў апазіцыянеры Кусаінаў і Сыздыкаў пайшлі проста па разнарадцы.
— Ці неяк адчуваецца выбарчая прэзідэнцкая кампанія ў побыце?
— Перш за ўсё, само грамадства яшчэ ніколі так пасіўна не ставілася да выбараў. Гэта самыя сумныя выбары ў гісторыі. Акрамя агітацыі за Назарбаева практычна нельга знайсці рэкламу іншых кандыдатаў. Аднак і выбарчая кампанія Назарбаева хутчэй выглядае як рэпартажы з яго працоўных паездак. Запомніўся хіба што 20-тысячны мітынг студэнтаў Алма-Аты ў падтрымку Назарбаева, які рэпетавалі два дні. Аднак застацца ўбаку ад галасавання шмат у каго не атрымаецца. Афіцыёз піша, што на гэтых выбарах будзе пабіты рэкорд па яўцы. Таму як мінімум бюджэтнікам і студэнтам давядзе выконваць свой грамадзянскі доўг.
— Што можна сказаць пра выбарчыя праграмы кандыдатаў?
— Канцэптуальна яны абсалютна розныя, быццам іх аўтары жывуць у розных краінах або ізаляваных субкультурах. Камуністы пясочаць Захад за прапаганду антымаральных паводзін. Кусаінаў заклапочаны станам экалогіі. Аднак пры гэтым ніводнага слова крытыкі на адрас улады там няма. Назарбаеў піярыць сваю мадэль, альтэрнатывай якой выяўляецца вайна і хаос.
— Казахстан знаходзіцца ў зоне пакрыцця расійскіх СМІ, якія пужаюць Майданам. Мяркую, што паранойя на гэты конт характэрная і шмат каму ў Казахстане. Чаму страх перад Майданам не прымушае абывацеля актыўна ўключацца ў кампанію падтрымкі Назарбаева?
— Катэгорыя людзей, якія жывуць па прынцу "толькі б не было вайны", безумоўна, у Казахстане ёсць. Аднак яны таксама не бачаць прычын заяўляць пра сваю пазіцыю. Нашто ірваць на грудзях цяльняшку, калі ўсё роўна пераможа Назарбаеў, прычым ужо з зараз вядомымі вынікамі. За пару дзён да галасавання Елбасы заявіў, што 93 працэнты казахаў адчуваюць сябе шчасліва, як бы даслаўшы ЦВК нефармальнае пасланне наконт лічбаў, якія ён жадае пабачыць у фінальным пратаколе.
— Як паводзіць сябе апазіцыя на гэтых выбарах? Чаму яна не высунула свайго кандыдата? Як ставіцца да кампаніі Захад?
— Па сутнасці, апазіцыі ўжо няма, асабліва пасля зачысткі, пралогам якой быў бунт у Жанаазене. Фактычна, дзейнічае толькі адна апазіцыйная партыя — сацыял-дэмакарты, аднак яны адмовіліся ад удзелу. Было два блізкіх да апазіцыі незалежных кандыдаты, аднак іх знялі яшчэ на этапе т. зв. моўнага іспыту. Іспыт на веданне казахскай мовы для кандыдатаў — адзін з самых незразумелых інстытутаў у нашай палітыкі, аднак фармальна ён дазваляе дзяржаве фільтраваць нелаяльных прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Захад на выбары не звяртае ўвагі. Прыехала дэлегацыя АБСЕ, якая проста нешта моўчкі назірае.
— Што можна чакаць пасля выбараў? Нават на некаторых апазіцыйных сайтах кажуць , што такія дэманстратыўна штучныя выбары спатрэбіліся Назарбаеву не проста так. Ён фарсіраваў іх, каб пасля пад сваім кантролем правесці лібералізацыю зверху. Быццам, не за гарамі рэформа дзяржаўнай службы, а тых жа апазіцыйным эсдэкам дадуць магчымасць пасядзець у парламенце.
— Я песімістычна стаўлюся да такіх прагнозаў. У любым выпадку, наш дэпутацкі корпус проста візіруе тэксты законаў, якія пішуць у адміністрацыі. Што тычыцца рэформы дзяржслужбы, то гэта амаль ужо аксіёма — рэформу службы абяцае правесці кожны новы прэм’ер. Аднак без змены сістэмы ніякія рэформы немагчымыя. З улікам таго, што пра пераемнікаў таксама нічога не чуваць, думаю, Елбасы будзе заставацца на сваёй пасадзе як можна доўга, спадзеючыся перадаць уладу сыну.
— Акрамя законаў фізіялогіі — Назарбаеву, нагадаем амаль 75 год, ці ёсць нейкія фактары, якія могуць зламаць гэты сцэнар?
— Безумоўна, працэсы ў Расіі, якая жадае большай ступені інтэграцыі краін-сяброў ЕАЭС, у тым ліку і палітычнай, пра што сведчаць заявы пра еўразійскую валюту і інш. Наадварот, геапалітычнае паслабленне Крамля адразу ўзмоцніць у рэгіёне кітайскі вектар і зломіць цяперашні кансенсус унутры Казахстана. Нарэшце, ёсць яшчэ ісламісты. Каля 500 грамадзян Казахстана ўдзельнічае ў грамадзянскай вайне ў Сірыі. Некаторыя з іх ужо пачалі вяртацца. Натуральна, спецслужбы намагаюцца арыштаваць іх яшчэ на мяжы, аднак нейкі тузін экстрэмістаў, відавочна, усё роўна апынецца ў Казахстане, і яны могуць нарабіць усё, што заўгодна, з усімі адпаведнымі наступствамі.