Польшча выходзіць на выбарчы фінішны адрэзак
10 траўня грамадзяне Польшчы будуць абіраць прэзідэнта.

Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, на Падляшшы лідзіруе цяперашні кіраўнік краіны Браніслаў Камароўскі — 40,6% галасоў, другім ідзе прадстаўнік апазіцыйнай партыі “Права і Справядлівасць” Анджэй Дуда — 35,6%, а на трэцяй пазіцыі — вылучэнка Саюзу дэмакратычных левых сілаў Магдалена Агурэк, у якой 9,3%.
У той жа час у выбарчым штабе Камароўскага працягваюць выказваць упэўненасць у перамозе ўжо ў першым туры, — кажа дэпутат польскага Сейму, сябра парламентарнага клуба кіроўнай партыі “Грамадзянская платформа”, Аляксандр Сасна:
— Я на гэта гляджу так — гэта проста сацыялагічнае апытанне. Гэта як з чэмпіянатамі па футболе, калі прагназуюць, ставяць на тых ці іншых, а ў выніку і так чэмпіёнам часта становіцца той, хто мае досвед, хто ўжо быў чэмпіёнам. Так што гэта толькі сацыялагічнае апытанне, і думаю, што рэальную карціну пабачым 10 траўня. Агулам за пасаду прэзідэнта ў Польшчы змагаецца 11 кандыдатаў. Аднак безумоўнымі лідарамі застаюцца Браніслаў Камароўскі і Анджэй Дуда, паміж якімі і разыгрываецца асноўная выбарчая барацьба.