Пуціну падарылі карту, дзе «Украіны няма». Выявілася, што яна там ёсць, а вось Расіі…
Старшыня Канстытуцыйнага суда Расіі Валерый Зоркін прывёз Уладзіміру Пуціну старадаўнюю карту, «складзеную самімі французамі», якая павінна была апраўдаць прэтэнзіі Масквы на Украіну. Але нешта пайшло не так.
«Выявілася, што ў нас у Канстытуцыйным судзе знайшлася копія карты XVII стагоддзя, складзеная пры Людовіку XIV, гэта значыць, гэта сярэдзіна, нават пачатак другой сярэдзіны XVII стагоддзя, складзеная самімі французамі. Чаму я прывёз яе? Уладзімір Уладзіміравіч, там няма Украіны!» — сказаў Валерый Зоркін.
«Чаму я ўсё ж рызыкнуў вам паказаць [карту]? Таму што шмат было спекуляцый наконт таго, дзе вытокі, дзе, як і што ўтварылася», — дадаў 80-гадовы старшыня Канстытуцыйнага суда, які займаў гэтую пасаду і пры прэзідэнце Ельцыну, і пры Пуціну, піша «экстрэмісцкая» ў Беларусі першая беларуская «газета з карцінкамі».
Пуцін у адказ паўтарыў сваю думку з прамовы, з якой ён выступіў у ноч нападу на Украіну, што да стварэння УССР «ніякай Украіны не было ў гісторыі чалавецтва».
«Ну, мы ведаем, што гэтыя землі проста ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, а потым папрасіліся ў склад Маскоўскага Царства, вось і ўсё, і апынуліся ў складзе Маскоўскага Царства. А ўжо потым, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, пачалі ўтварацца ўсякія квазідзяржаўныя ўтварэнні, а савецкая ўлада стварыла Савецкую Украіну. Гэта добра вядома ўсім. Да гэтага ніякай Украіны не было ў гісторыі чалавецтва», — сказаў Уладзімір Пуцін, які, напэўна, думае, што гэта апраўдвае ягоныя прэтэнзіі на тэрыторыю суверэннай дзяржавы.
А вось Крым тады быў асобнай дзяржавай. Там знаходзілася Крымскае Ханства, крымскія татары і дагэтуль застаюцца карэнным народам паўвострава.
А тэрыторыя, дзе пасля будзе размешчаны родны для Пуціна Пецярбург, пазначана як Інгрыя і належыць Швецыі. Не ўваходзіла тады ў склад Расіі і Сібір. Яе, як і Каўказ, Масковія каланізавала пазней.