Расія. Штаб Навальнага высяляюць з офіса ў Маскве

Уласнік будынка ў Маскве, у якім знаходзіцца федэральны штаб апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, запатрабаваў ад яго супрацоўнікаў ужо 6 мая вызваліць памяшканне.

Навальны ў штабе. Фота EVGENY FELDMAN FOR THIS IS NAVALNY PROJECT

Навальны ў штабе. Фота EVGENY FELDMAN FOR THIS IS NAVALNY PROJECT

 Пра гэта паведаміў Рускай службе ВВС кіраўнік штаба Леанід Волкаў. Паводле яго слоў, юрысты ўласніка прыйшлі ў штаб з гэтым патрабаваннем у пятніцу, 5 мая, каля 17 гадзін па маскоўскім часе.

"Арэндадаўца прыйшоў з лістом, што з заўтрашняга дня яны скасоўваюць дамову ў аднабаковым парадку. Юрысты пайшлі вывучаць паперу — наогул наш дагавор мае на ўвазе апавяшчэнне за месяц. Арэндадаўца кажа, што ў сераду, у наступны працоўны дзень, яны нас ужо не пусцяць", — сказаў Волкаў.

Волкаў адзначыў, што гаворка ідзе менавіта пра федэральны штаб Навальнага, а не пра маскоўскі офіс, які пакуль нават не адкрыты. Цяпер федэральны штаб Навальнага знаходзіцца ў Амега-плазе, як і заснаваны апазіцыянерам Фонд барацьбы з карупцыяй, але арэндадаўцы ў памяшканняў розныя.

"Зразумела, што калі захочуць, яны нас выганяць", — дадаў ён, адзначыўшы, што ў сталіцы знайсці памяшканне аказалася складаней, чым у іншых рэгіёнах.

"Вядома, гэта непрыемна, але гэта не вельмі страшны ўдар. Калі ў рэгіёнах штабы вельмі патрэбныя, каб людзі прыходзілі туды, бралі налепкі і гэтак далей, то тут мы і з дома можам папрацаваць", — сказаў Волкаў.

У сябе ў "Фэйсбуку" ён таксама напісаў, што на гэтым тыдні ўласнікамі з розных прычынаў былі скасаваныя дамовы арэнды памяшкання для штабоў Навальнага яшчэ ў пяці гарадах — Уладзіміры, Валгаградзе, Волагдзе, Уладзівастоку і Краснадары.

Волкаў лічыць, што за скасаваннем гэтых дамоваў можа стаяць адміністрацыя прэзідэнта. Яна гэтую заяву пакуль не пракаментавала.

Навальны раней заявіў пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2018 года нягледзячы на тое, што ў яго пакуль не пагашана судзімасць па крымінальных справах, якія ён лічыць палітычна матываванымі. У сувязі з гэтым ён пачаў адкрываць штабы ў расійскіх рэгіёнах.

Адкрыццё штабоў нярэдка суправаджалася правакацыямі з боку праціўнікаў Навальнага, у некаторых гарадах на яго прыхільнікаў нападалі, а працу адкрытых ім штабоў спрабавалі сабатаваць, у прыватнасці, заліваючы дзверы мантажнай пенай.

Паводле ВВС