Расія выйдзе з Балонскай сістэмы
Міністр навукі і вышэйшай адукацыі РФ Валерый Фалькоў заявіў, што ведамства мае намер адмовіцца ад Балонскай сістэмы і распрацаваць сваю ўласную сістэму вышэйшай адукацыі, у аснове якой будуць ляжаць «інтарэсы нацыянальнай эканомікі».
Ён адзначыў, што да Балонскай сістэмы трэба ставіцца як да «перажытага этапу». Расія далучылася да Балонскага працэсу 19 верасня 2003 года. Гэты працэс прадугледжвае двухступенную сістэму вышэйшай адукацыі з падзелам на бакалаўрыят і магістратуру, нагадвае АФН.
Кіраўнік Расадукнагляду Анзор Музаеў падкрэсліў, што адмова павінна быць паэтапнай, а выпускнікоў аб гэтым неабходна папярэдзіць хаця б за два гады.
«Тут галоўнае — зноў не нарабіць памылак, якія прывядуць у першую чаргу да таго, што пацерпяць ад гэтага ў нас студэнты, якасць ведаў і гэтак далей», — адзначыў ён.
Спікер ніжняй палаты Дзярждумы Вячаслаў Валодзін на пленарным пасяджэнні 25 траўня заявіў, што ўсе фракцыі падтрымліваюць выхад Расіі з Балонскай сістэмы.
«Наколькі мне вядома, усе фракцыі падтрымліваюць пазіцыю міністра навукі вышэйшай школы. Ва ўсіх ёсць разуменне, што нам неабходна выходзіць з Балонскай сістэмы», — сказаў ён.
Валодзін дадаў, што тэма адмовы ад Балонскай сістэмы «цалкам відавочна» патрабуе хутчэйшага разгляду і прапанаваў дэпутатам не адкладаць пачатак яе абмеркавання.
Старшыня камітэта Дзярждумы па навуцы і вышэйшай адукацыі Сяргей Кабышаў, у сваю чаргу, заявіў, што ў камітэта ўжо ёсць «дарожная карта» па змене сістэмы адукацыі.
«Заява міністра навукі і вышэйшай адукацыі — вынік паслядоўнай пазіцыі і прынцыповай пазіцыі камітэта, мы неаднаразова абмяркоўвалі гэта з міністрам, у тым ліку і з кіраўнікамі некаторых фракцый Дзярждумы. Ужо ёсць на гэтую тэму “дарожная карта”, як мы будзем рухацца», — сказаў Кабышаў.
Балонская сістэма мае на ўвазе прызнанне дыпломаў аб вышэйшай адукацыі ў Еўропе і свеце. Беларусь была прынятая ў Балонскі працэс у 2015 годзе «авансам», а ў 2022-м, як і Расія, выключаная з гэтага працэсу.