Расія заблакавала рэзалюцыю СБ ААН наконт стварэння трыбунала па MH17
Расія на пасяджэнні Савета бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый скарысталася правам вета на рэзалюцыю па стварэнні міжнароднага трыбунала ў расследаванні па факце катастрофы самалёта малайзійскіх авіяліній "Боінг-777" рэйса MH17 над тэрыторыяй Украіны 17 ліпеня 2014 года і гібелі 298 чалавек.
ЗША, Вялікабрытанія і Францыя падтрымалі стварэнне трыбунала, а Кітай — устрымаўся. Таксама ўстрымаліся яшчэ два непастаянных члены Савета бяспекі ААН.
У прапанаваным праекце рэзалюцыі адзначалася, што "Савет бяспекі вырашае стварыць міжнародны трыбунал з мэтай судовага пераследу асоб, адказных за злачынствы, звязаныя са збіццём 17 ліпеня 2014 самалёта малайзійскіх авіяліній рэйса MH17 у Данецкай вобласці ва Украіне, і з гэтай мэтай прымае Статут Міжнароднага Крымінальнага Трыбунала для самалёта малайзійскіх авіяліній рэйса MH17".
Адзначалася, што ўсе краіны, у тым ліку Расія, павінны супрацоўнічаць з трыбуналам.
У прыватнасці, у рэзалюцыі адзначалася, што ўсе краіны павінны ў поўнай меры супрацоўнічаць з Міжнародным трыбуналам і яго органамі ў адпаведнасці з гэтай рэзалюцыяй і Статутам Міжнароднага Трыбуналу. У гэтай сувязі адзначалася, што ўсе краіны павінны прыняць усе неабходныя меры ў адпаведнасці з іх нацыянальным заканадаўствам для рэалізацыі палажэнняў названай рэзалюцыі і Статута, у тым ліку абавязваюцца выконваць запыты дзяржаў аб дапамозе або ордэры, выдадзеныя згодна Статуту Міжнароднага Трыбунала, а таксама запытаў дзяржаў, каб інфармаваць генеральнага сакратара ААН пра такія меры.
У рэзалюцыі пазначалася, што міжнародны трыбунал фінансуецца за кошт добраахвотных ахвяраванняў.
Таксама адзначалася, што месца размяшчэння міжнароднага трыбунала вызначаецца прыняццем адпаведных пагадненняў паміж ААН і Нідэрландамі. Міжнародны трыбунал можа выбраць любое месца, калі гэта будзе неабходна для эфектыўнага ажыццяўлення ўскладзеных функцый.
Акрамя таго, Савет бяспекі звяртаўся да генеральнага сакратара ААН з просьбай выканаць гэтую рэзалюцыю тэрмінова, і прыняць усе практычныя меры, і, калі трэба, у супрацоўніцтве з урадамі Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі, Нідэрландаў і Украіны для таго, каб у самы кароткі час дзейнасць міжнароднага трыбунала стала эфектыўнай. Таксама выказвалася неабходнасць даваць справаздачу перад Саветам бяспекі па ўкараненні гэтай рэзалюцыі.
У Статуце Міжнароднага Крымінальнага Трыбунала адзначалася, што суд валодае юрысдыкцыяй ў дачыненні да ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць бяспекі грамадзянскай авіяцыі і злачынстваў у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Украіны.
Да крымінальнай адказнасці могуць быць прыцягнутыя асобы, якія спрыялі, аддавалі загады, падбухторвалі або схілялі да здзяйснення злачынства. Да гэтых асобаў могуць адносіцца ваенныя камандзіры, або асобы, якія дзейнічалі ў якасці ваенных камандзіраў. Вінаватых у здзяйсненні злачынства могуць асудзіць да пазбаўлення волі тэрмінам на 30 гадоў або да пажыццёвага зняволення. Разам з тым, дадзенае рашэнне можа быць прынята завочна, у адсутнасць падазраваных.
Раней Аўстралія, Бельгія, Малайзія, Нідэрланды і Украіна звярнуліся ў Раду бяспекі ААН з просьбай стварыць міжнародны трыбунал для прыцягнення да адказнасці вінаватых у катастрофе рэйса МН17.
Аднак прадстаўнікі Расіі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць накладаць вета на рашэнне.
Нагадаем. 17 лiпеня 2014 года ў небе над Данецкай вобласцю быў збіты самалёт Boeing-777 кампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс Амстэрдам - Куала-Лумпур. Самалёт быў збіты з зенітна-ракетнага комплексу "Бук".