Расійцы ўкаранялі сваё ПЗ у дадаткі для амерыканскай арміі

Амерыканская армія выкарыстала праграмнае забеспячэнне расійскай кампаніі «Pushwoosh». Софт маскіравалі пад амерыканскую распрацоўку.

runet.jpg


«Pushwoosh» — гэта праграма для апрацоўкі даных, якую выкарыстоўваюць распрацоўшчыкі ПЗ.
На сайце кампаніі, у яе сацыяльных сетках і дакументах сказана, што фірма з'яўляецца амерыканскай, у розны час яе галоўны офіс «размяшчаўся» у Каліфорніі, Мэрылэндзе і Вашынгтоне. Аднак следчыя высветлілі, што ў рэальнасці «Pushwoosh» размяшчаецца ў Новасібірску, кампанія мае расійскую рэгістрацыю і плаціць падаткі ў казну РФ, паведамляе агенцтва «Reuters». Адрас, які пазначаны ў якасці «амерыканскага офіса» кампаніі, аказаўся адрасам дома сябра заснавальніка «Pushwoosh» Максіма Конева. У размове з журналістамі гэты чалавек прызнаўся, што не мае ніякага дачынення да бізнесу Конева і проста дазволіў выкарыстоўваць яго адрас для паштовай карэспандэнцыі. У перыяд з 2014 па 2016 гады офісам «Pushwoosh» быў неіснуючы ў Юніён-Сіці (Каліфорнія) адрас.
Таксама журналістам удалося высветліць, што кампанія вяла дзелавую перапіску ў LinkedIn з выкарыстаннем фэйкавых профіляў.
Нягледзячы на сцвярджэнне, што кампанія «не збірае канфідэнцыйныя звесткі», на «Pushwoosh» маглі ціснуць расійскія ўлады. Па ўказцы сілавікоў або спецслужбаў Расіі фірма магла перадаць сакрэтныя звесткі Крамлю. Максім Конеў, які з'яўляецца заснавальнікам «Pushwoosh», заявіў, што кампанія нібыта «не мае ніякіх сувязей з уладамі Расіі», аднак былі выяўленыя звесткі, што «Pushwoosh» атрымлівала дзяржаўную падтрымку для малога бізнесу.


У крамах «Google» і «Apple» выяўлена некалькі тысяч дадаткаў, з выгляду амерыканскіх, але насамрэч яны змяшчаюць расійскі праграмны код. Як піша «Reuters», софт, у якім ёсць код «Pushwoosh», выкарыстоўваўся або, магчыма, выкарыстоўваецца да гэтага часу ў амерыканскай арміі, а таксама ў Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў — падраздзяленні Міністэрства аховы здароўя ЗША.
Адным з дадаткаў з кодам «Pushwoosh» унутры карысталіся амерыканскія салдаты пры праходжанні баявой падрыхтоўкі на адной з ваенных баз на тэрыторыі ЗША. У амерыканскай арміі сцвярджаюць, што не выкарыстоўваюць дадзенае ПЗ з сакавіка 2022 года, але доказаў гэтаму пакуль няма.