Рэферэндумы ў ХХІ стагоддзі. Дасье ў карыкатурах
27 лютага ў Беларусі прайшоў так званы рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю. У гэтым стагоддзі ў свеце рэферэндумаў быў ужо амаль тузін. Прапануем успомніць найбольш рэзанансныя.
Рэферэндум аб незалежнасці Чарнагорыі і выхадзе яе са складу Дзяржаўнага Саюза Сербіі і Чарнагорыі адбыўся 21 траўня 2006 года. 55,5% удзельнікаў апытання прагаласавалі за незалежнасць Чарнагорыі і 44,5% аддалі свае галасы супраць. Пасля гэтага Дзяржаўны Саюз Сербіі і Чарнагорыі спыніў сваё існаванне. Безумоўна, суверэнітэт Чарнагорыі наўрад ці быў магчымы без звяржэння сербскага прэзідэнта Мілошавіча ў 2000 годзе ў выніку масавых пратэстаў у Бялградзе. Адзін з мастакоў пабачыў тую падзею такім чынам.

А вось на рэферэндуме па пытанні аб статусе Пуэрта-Рыка, які быў праведзены 6 лістапада 2012 года, наадварот, перамаглі праціўнікі незалежнасці карыбскага архіпелага. 61,3% галасоў былі за статус паўнавартаснага амерыканскага штата. Гэта чацвёрты рэферэндум наконт гэтага з 1967, 1993 і 1998 гадоў. Урад Злучаных Штатаў афіцыйна не адрэагаваў і не адказаў на галасаванне. Такім чынам, гэты рэферэндум не дазволіў дабіцца значнага прагрэсу ў змене статус-кво. Інакш, як пажартаваў адзін з мастакоў, амерыканскі сцяг павінен быў выглядаць вось так.

У сакавіку 2014 года ва ўкраінскім Крыме пад кантролем расійскага войска адбыўся «рэферэндум», на якім каля 96,77% удзельнікаў галасавання нібыта выступілі за незалежнасць ад Украіны і далучэнне да Расіі. Пра далучэнне і было абвешчана праз два дня. Зрэшты, яно не было прызнана большасцю краін свету. Заходнія карыкатурысты бачылі гэтае мерапрыемства наступным чынам.

Рэферэндум па пытанні незалежнасці Шатландыі прайшоў 18 верасня 2014 года. Грамадзянам Вялікабрытаніі і Еўрапейскага саюза, якія пастаянна пражываюць у Шатландыі, было прапанавана адказаць на пытанне: «Ці павінна Шатландыя стаць незалежнай краінай?». Большасць выбаршчыкаў, якія з'явіліся на ўчасткі, прагаласавалі супраць незалежнасці Шатландыі, і тая засталася ў складзе Вялікабрытаніі. Але трэба прызнаць, што шатландцы не здаліся і рыхтуюцца да новага плебісцыту. Незалежнасць стала для многіх шатландцаў ідэяй фікс, што арыгінальна падкрэсліў адзін з мастакоў. Пад традыцыйнай спадніцай шатландца напісана «незалежнасць».

У Каталоніі, нягледзячы на актыўнае супрацьдзеянне Мадрыду і сіл правапарадку, 2 кастрычніка 2017-га прайшоў рэферэндум аб незалежнасці. У выніку перамаглі прыхільнікі суверэнітэту. Аднак урад волевыяўленне народа праігнараваў. Самым відавочным вынікам галасавання сталі сотні пацярпелых у сутыкненнях з паліцыяй. Гэтай тэме прысвяціў працу адзін з графікаў.

Ну і нарэшце рэферэндум пра выхад Вялікабрытаніі з ЕС у 2016-м. Прэм'ер Дэвід Камерон пагадзіўся на яго правядзенне выключна для таго, каб спадабацца праваму электарату. Аднак нечакана ў выніку перамаглі прыхільнікі Brexit, што прымусіла кіраўніка кабміну пайсці ў адстаўку. З таго часу Лондан і Брусель дагэтуль не могуць знайсці формулу таго, як будуць выглядаць іх адносіны ў будучыні, што актыўна высмейвае прэса. Фактычна, як выявіў адзін з мастакоў, гэта быў скок у бездань.

Як бачым, у ХХІ стагоддзі рэферэндумы маюць самыя непрадказальныя наступствы. Паглядзім, што прынясе плебісцыт 27 лютага.