«Ствараем добрую атмасферу»

У Вільнюсе 6–9 верасня ўпершыню літоўскія і польскія дэпутаты ў рамках Міжпартыйнай асамблеі абмеркавалі спрэчныя пытанні сумеснай гісторыі.

Фота www.www.obzor.lt

Фота www.www.obzor.lt

Увогуле, сустракацца парламентарыі абедзюх краін пачалі не так даўно. У лютым гэтага года ўпершыню за доўгі час літоўцы і палякі зноў вырашылі сабрацца разам. Адлігу ў адносінах практычна ўсе звязваюць з абраннем на пасаду прэзідэнта дастаткова ліберальнага Гітанаса Наўседы, што вырашыў размарозіць адносіны з краінай-суседкай, якую ён наведаў першай адразу пасля інаўгурацыі.

Узаемныя літоўска-польскія кантакты апошнім часам сапраўды рэзка актывізаваліся, хаця старыя праблемы пакуль таксам нікуды не падзеліся. Гэта і праблема атрымання адукацыі на польскай мове, і гарантыі прысутнасці польскай мовы ў грамадскім жыцці, і абарона польскай спадчыны, і вяртанне канфіскаваных земляў, і, нарэшце, адсутнасць фундаментальнага закона аб правах нацыянальных меншасцяў у Літве. Літоўска-польскаму дыялогу заміналі ў тым ліку і палярныя ацэнкі некаторых гістарычных падзей. І вось нарэшце ў Варшаве і Вільнюсе вырашылі, што ў гэтай галіне трэба нешта рабіць, — і прызначылі тэматычную сустрэчу.

Напярэдадні правядзення сустрэчы яе мэту паспрабаваў акрэсліць літоўскі дэпутат Арунас Гумуляўскас, які кіруе парламенцкай камісіяй нацыянальнай гістарычнай памяці і змагання за свабоду. «Палітыкі, безумоўна, не будуць умешвацца ў працэс вывучэння гісторыі, але мы, як прадстаўнікі ўлады, будзем заахвочваць гэтае даследаванне да больш актыўнага дыялогу, каб у нашай гісторыі не было такіх белых плямаў», — заявіў Гумуляўскас. Ён дадаў, што вонкавыя сілы ў выглядзе Расіі намагаюцца выкарыстаць розніцу ў гістарычных падыходах, каб сутыкнуць Варшаву і Вільнюс.

Гледзячы па рэпартажах, большасць выступаў былі вельмі агульнымі. Шмат казалі пра гістарычнае братэрства народаў, цяперашнія геапалітычныя выклікі, неабходнасць кааперацыі. «Ствараем добрую атмасферу», — растлумачыла журналістам адна з польскіх дэпутатак. Што тычыцца канкрэтыкі, то сустрэча, як піша варшаўская прэса, давяла адсутнасць у Польшчы і Літвы прынцыповых супярэчнасцяў наконт канцэпцыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. А вось знайсці агульнае бачанне міжваеннай гісторыі рэгіёну пакуль не атрымалася.

Перш за ўсё, у бакоў дыяметральна супрацьлеглае стаўленне да «акцыі Жэлягоўскага» — генерала, які з санкцыі Пілсудскага ў 1920-м «узняў бунт», стварыў дзяржаву «Сярэдняя Літва» са сталіцай у Вільні, што насуперак Версальскім дамовам далучыў да Польшчы. Польская гістарыяграфія станоўча ацэньвае ўчынкі Жэлягоўскага ды звяртае ўвагу на мясцовую этнічную палітру, сімпатыі тагачаснай Літвы на адрас бальшавікоў.

У вачах літоўцаў учынак Люцыяна Жэлягоўскага — не што іншае, як акупацыя. Нездарма ў 2017-м літоўскія нацыяналісты заклікалі высветліць маштаб шкоды, якую нанесла Польшча Літве падчас акупацыі Вільні ў 1920–1939 гадах, і патрабаваць ад Варшавы кампенсаваць яе.

Другі яблык разладу — дзейнасць на Віленшчыне ў часы Другой сусветнай вайны фарміраванняў Арміі Краёвай (АК). На тэрыторыі Літвы тады была створана асобная Віленская акруга АК агульнай колькасцю ў 9 тысяч чалавек, жаўнеры якой ваявалі галоўным чынам супраць немцаў і літоўскіх калабарацыяністаў. А вось генеральная пракуратура Літвы ў 1990-я гады абвінаваціла віленскае АК у забойстве 273 мірных жыхароў у Літве. Паводле афіцыйных літоўскіх гісторыкаў, АК замахвалася на цэласнасць літоўскай дзяржавы, не прызнаючы ўключэння Віленшчыны ў склад Літвы ў 1939-м. Нягледзячы на гэта, некаторыя літоўскія дэпутаты дапусцілі ўшанаванне так званых «праклятых жаўнераў» — удзельнікаў польскага антысавецкага супраціву ў пасляваеннай Літве.

Гледзячы па фінальным прэс-­рэлізе, кампраміс па гэтых двух эпізодах будзе знойдзены яшчэ не хутка. У прынятай сумеснай дэкларацыі адзначаецца толькі магчымасць далейшага паглыблення партнёрства і вырашэння важных двухбаковых пытанняў. З іншага боку, такога выніку трэба было чакаць, паколькі над гістарычным наратывам павінны працаваць не палітыкі, а прафесійныя гісторыкі.

Аднак у чымсьці ўдзельнікі сустрэчы прасунуліся. Прынамсі, літоўскі бок кажа, што дыялог можна будаваць на базе сцвярджэння, што «абодва народы былі ахвярамі таталітарных рэжымаў: савецкага і нацысцкага». А вось дэпутат Тадэвуш Азіевіч мяркуе, што гістарычную памяць літоўцаў і палякаў можна аб’яднаць за кошт гонару за ваенныя поспехі супраць Расіі. «Дух свабоды абедзвюх краін падштурхнуў нас да барацьбы за нашу незалежнасць. Мы ўдзельнічалі ў адных і тых жа паўстаннях, і мы памятаем нашых агульных герояў», — сказаў палітык.

Хаця беларуская тэматыка не прысутнічала ў афіцыйнай праграме, пра яе таксама казалі. Прынамсі, расійскія СМІ пішуць, што кулуарна ўдзельнікі Асамблеі абмяркоўвалі расійска-беларускія інтэграцыйныя працэсы, якія разразаюць прастору паміж Кіевам — Варшавай — Вільнюсам, што можа патэнцыйна прывесці да з’яўлення «вялікай польска-расійскай» мяжы. Таксама непакоіць іх незразумелая знешняя пазіцыя Уладзіміра Зяленскага.

Так ці інакш, падобныя міжнародныя дэпутацкія дыялогі могуць быць карыснымі для нашага рэгіёну, дзе гістарычная памяць моцна ўплывае на палітыку. Магчыма, калісьці адбудзецца і аналагічная Асамблея беларускіх і польскіх або літоўскіх парламентарыяў. Аднак для гэтага, найперш, трэба мець парламент.