«Гэта пісанне — здрада беларускаму народу», — гісторыкі пра афіцыйны артыкул
«Хутка выбары — трэба прагнуцца перад Расіяй, у тым ліку і ў гістарычнай сферы. І гэтыя іхныя пісанні — фактычна здрада», — ацаніў артыкул афіцыйных гісторыкаў і сілавікоў Алесь Краўцэвіч на «Свабодзе».
У жнівеньскім нумары дзяржаўнага часопіса «Беларуская думка» з’явіўся артыкул афіцыйных гісторыкаў і сілавікоў «Да пытання аб гістарычнай палітыцы». У ім пералічваюцца спосабы «скажэння гісторыі Беларусі»: «штучнае раздзіманне тэмы трагедыі палітычных рэпрэсій 1920–1930 гадоў», «трактоўка падзелаў Рэчы Паспалітай як трагедыі страты незалежнасці беларусаў» — ажно 14 пунктаў.
Аўтары — вядомыя афіцыйныя гісторыкі і сілавікі:
- акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Каваленя,
- дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч,
- намеснік Дзяржсакратара Рады бясьпекі, генерал-маёр Уладзімер Арчакоў і
- начальнік упраўлення сакратарыяту Рады бяспекі Аляксей Банькоўскі.
«Аўтары артыкула
лічаць, што маніпуляцыі — гэта добра, і спадзяюцца, што тэрмін “гістарычная
палітыка” дапаможа гэта схаваць»
На думку гісторыка Аляксея Братачкіна, сімптаматычна і цікава выглядае ў гэтым артыкуле саюз сілавікоў і адміністрацыі Інстытуту гісторыі НАН.
«Гэта сведчыць, што дыскусіі немагчымыя, а афіцыйная гістарычная навука не мае аўтаноміі і працуе як спецыфічны дзяржаўны сэрвіс. Па-другое, гэтая спроба звязаць гісторыкаў і сілавікоў у адно цэлае паказвае страту манаполіі афіцыйных гісторыкаў на веды і гістарычны наратыў».
На думку Аляксея Братачкіна, выглядае гэта так, нібыта людзі з савецкага мінулага паспрабавалі вырашыць сучасныя задачы, але ім не хапае ведаў, яны не ў стане знайсці новую мову і карыстаюцца архаічнымі спосабамі кантролю над грамадскай думкай. Гісторыкі-прапагандысты вырашылі скарыстаць тэрмін «гістарычная палітыка», але яны не разумеюць усіх яго кантэкстаў, лічыць Братачкін.
«Гісторыкі з крытычнымі поглядамі разглядаюць гэты тэрмін і яго паходжанне ў якасці спробы палітыкаў уплываць на гістарычную веду і ўяўленні ў грамадстве, і гавораць пра неабходнасць барацьбы з маніпуляцыямі з боку розных палітычных актараў і эліт. Аўтары артыкула з “Беларускай думкі” лічаць, што маніпуляцыі — гэта добра, і спадзяюцца, што тэрмін “гістарычная палітыка” дапаможа гэта схаваць», — піша Аляксей Братачкін.
«Гэта ідэалогія Расеі, а не ідэалогія Беларусі»
Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч кажа, што артыкул гэты пісалі наагул не гісторыкі, а ідэолагі — прапагандысты, якія прывыклі пісаць з савецкіх часоў яшчэ па інструкцыях ЦК КПБ.
«Цяпер пішуць па інструкцыі
Адміністрацыі прэзідэнта, і, як вынікае з гэтага канкрэтнага артыкула, — яшчэ і
Рады бяспекі. Яны ўсе на зарплаце, яны не могуць выжыць, каб быць незалежнымі,
свабоднымі і самастойнымі. Яны будуць пісаць тое, што ім загадаюць. Гэта людзі
без уласнай думкі, без сумлення, без навуковага гонару. Ніхто з гэтых
гісторыкаў — ні Каваленя, ні Даніловіч — не выклікае павагі як навуковец.
Адзіны сапраўдны беларускі гісторык старэйшага пакалення, які выклікае шчырую
павагу, — Захар Шыбека, і той у Ізраілі, — выказаў сваё меркаванне Алесь
Краўцэвіч.
На яго думку, ідэалогія абавязкова павінна быць. Не бывае ні краіны, ні народу без ідэалогіі. Але гаворка ідзе пра тое, што нацыянальная ідэалогія зыходзіць з інтарэсаў свайго народу і сваёй краіны.
«Гэтая ідэалогія, якую яны прапагандуюць і пішуць на пунктах, — ідэалогія Расіі, а не ідэалогія Беларусі. А тое, што зараз адбываецца, мяркую, звязана з інтэграцыйнымі працэсамі, што ў Расіі трэба выпрошваць прэферэнцыі, танную нафту. Хутка выбары — трэба прагнуцца перад Расіяй, у тым ліку і ў гістарычнай сферы. І гэтыя іхныя пісанні — фактычна здрада, я не пабаюся гэтага слова, беларускаму народу, здрада беларускай дзяржаве», — перакананы прафесар Алесь Краўцэвіч.