Суніты супраць шыітаў
Усё часцей чуваць тэзіс, што канфлікт на Блізкім Усходзе пераходзіць у міжканфесійную вайну паміж шыітамі і сунітамі. Пра прычыны супрацьстаяння і сцэнары развіцця падзей разважае азербайджанскі эксперт Намік Мамедаў.
— У двух словах: што за чорная котка прабегла паміж шыітамі і сунітамі?
— У двух словах складана, але… Шыіты з’явіліся ў выніку барацьбы за ўладу пасля смерці Прарока. Праўда, не адразу, а праз некалькі стагоддзяў. Нашчадкі паплечнікаў Прарока, якія змагаліся за ўладу, пасварыліся з некаторымі плямёнамі. Гэтая варожасць праз пару стагоддзяў вылілася ў стварэнне асобнага напрамку ў ісламе — шыізм, які стварыў інстытут імамаў (нашчадкаў) па лініі Прарока, чаго не прызнаюць суніты. У рэальнасці шыізм прыдуманы персамі як апраўданне для барацьбы супраць арабаў, якія раней заваявалі Персію і прымусілі тубыльцаў прызнаць іслам. Так што рэальная прычына варожасці — гэта канфлікт паміж персамі і семітамі, які цягнецца больш за дзве тысячы гадоў і пачаўся значна раней за з’яўленне ісламу.
Існуе таксама варожасць паміж персамі і цюркскімі плямёнамі як вынік мангола-татарскага нашэсця, у якім бралі ўдзел цюркі. Традыцыя негатыўнага стаўлення да туркаў так і засталася ў памяці персаў: яны заўсёды ставіліся да турак з недаверам і заўсёды ваявалі з імі, дапамагаючы рускім войскам у руска-турэцкіх войнах. Вось амаль у двух словах прычына канфлікту: персы заўсёды ваявалі супраць арабаў, а затым ужо і супраць турак.
— Аднак туркі не ваююць з іранцамі.
— Турэцкі прэм’ер Эрдаган вядзе вайну з іранамоўнымі курдамі. Дастаецца таксама хрысціянамі і прадстаўнікам розных сектаў. Па маіх звестках, у Турцыі ідзе вайна супраць меншасцяў. Так было сто гадоў таму, і зараз усё паўтараецца. Генацыд армянаў быў кветачкамі ў параўнанні з пагалоўным знішчэннем шыітаў у Турцыі, як сёння гэта робіць Ісламская дзяржава і Эрдаган.
— Чаму шыіцка-суніцкія адносіны абвастрыліся менавіта зараз?
— Думаю, тут адыгрываюць ролю два фактары — рэсурсы і дэмаграфія. Справа ў тым, што гэтыя народы — суседзі, жывуць побач і традыцыйна спрачаюцца за рэсурсы. У паўночных раёнах Сірыі даўно ніхто не жыве: усю ваду, якая паступала з Турцыі праз рэкі Еўфрат і Тыгр, «выпіваюць» туркі. Праз гэта сірыйцы з туркамі канфліктуюць не адно дзесяцігоддзе. У Емене ў паўднёвай частцы, дзе жывуць шыіты, таксама няма вады: усю ваду, якая паступае з поўначы, забіраюць вахабіты для сваіх патрэб. І там таксама даўно ідзе вайна.
Другі фактар — дэмаграфія. Насельніцтва Блізкага Усходу павялічылася амаль у дзесяць разоў за апошнія 60 гадоў. Такая шчыльнасць пры бедных водных і іншых рэсурсах абавязкова вядзе да выбуху. Тым больш адміністратыўныя межы, абазначаныя пасля Першай сусветнай вайны, не адпавядаюць межам зонаў, дзе кампактна пражываюць прадстаўнікі этнічных і рэлігійных групаў.
— Мы бачым, што вялікія дзяржавы актыўна ўмешваюцца ў канфліктны рэгіён. Якія мэты яны пераследуюць?
— Па сутнасці Францыя, Вялікабрытанія, ЗША, СССР, і яго пераемнік Расія, заўсёды прысутнічалі ў рэгіёне. У іх самыя розныя матывы для інтэрвенцый. Думаю, апошнім часам у іх з’явілася яшчэ адна прычына для актывізацыі сваёй прысутнасці. Пачалася глабальная вайна за рэсурсы, у тым ліку за нафтавыя запасы, на якія багаты Блізкі Усход. У дадатак вайна сама па сябе выгадна глабальным гульцам, паколькі скарачае здабычу і спажыванне гэтых рэсурсаў мясцовым насельніцтвам, не кажучы пра тое, што робіць рэгіянальныя дзяржавы больш слабымі і залежнымі.
— Якімі могуць быць развязка і вынік канфлікту?
— Пра развязку казаць цяжка, у тым ліку таму, што зараз пачынаецца новая фаза канфрантацыі. Я маю на ўвазе нараджэнне расійска-іранскага альянсу. У Маскве рыхтуюцца адчыніць пасольства курдаў, што яўна не спадабаецца Анкары і будзе мець наступствы. Акрамя таго, упершыню інтарэс да зоны канфлікту праявіў Кітай, які даўно набывае нафту ў Ірана. Нарэшце, трэба чакаць рэакцыі Захаду на актыўную падтрымку Масквой рэжыму Асада. Думаю, у канфлікт таксама будуць уцягвацца і іншыя суседнія краіны.
Дарэчы, менавіта пашырэннем геаграфіі канфлікту, на маю думку, выклікана апошняе рэзкае астуджэнне адносін Азербайджана з Захадам. Гутарка пра выхад Азербайджана з ініцыятывы «Усходняе партнёрства», пагрозы асабістых санкцый супраць азербайджанскага кіраўніцтва з боку Брусэля і г.д. Стаўленне да Захаду ў нас змянілася даволі рэзка, на працягу толькі аднаго года. Ёсць версія, што Аліеву на Захадзе далі зразумець — прыйшоў час, калі трэба прымыкаць да іх блоку, а палітыка нейтралітэту больш не будзе працаваць. Аналагічную прапанову зрабілі і ў Маскве. Рэжым Ільхама Аліева трапіў у пастку. Адсюль і істэрыка. Сітуацыя для кіраўніцтва ў Баку выглядае яшчэ больш крытычнай з-за эканамічнага крызісу. Азербайджанская эканоміка вельмі пацярпела з-за падзення коштаў на нафту. Заробкі тут скараціліся за год амаль удвая. Таму сітуацыя зараз вельмі напружаная.