Супраць пятага мандату!

У Алжыры намер прэзідэнта Абдэль Азіза Бутэфлікі атрымаць пяты мандат выклікаў беспрэцэдэнтную палітычную дэстабілізацыю.

Фота www.cfr.org

Фота www.cfr.org

Лепшы сродак зразумець цяперашні палітычны працэс у Алжыры, напэўна, — экскурс у гісторыю СССР, а дакладней, у часы «застою». Разам з танным «Агдамам» і хітамі Пугачовай іх атрыбутам была вялікая колькасць анекдотаў пра Брэжнева.  

«Дарагі Леанід Ільіч» сам даваў для гэтага падставы. Нават у афіцыйнай хроніцы ён выглядаў вельмі кепска, у прамовах блытаў словы, часам слаба арыентаваўся, што ў выніку і выклікала камічны эфект. Прычым, як зараз вядома, сам палітык быў не супраць пайсці на пенсію, аднак гэта не падабалася яго атачэнню. У эліце існавалі розныя фракцыі і групоўкі, медыятарам паміж якімі ў сілу статусу і аўтарытэту мог быць толькі генсек.

Нешта падобнае назіраецца сёння ў Алжыры, якім ужо два дзесяцігоддзі кіруе Абдэль Азіз Бутэфліка. Слова «кіруе» выкарыстана тут умоўна, паколькі наўрад ці краінай можа кіраваць асоба, якая пасля інсульту ў 2012-м не можа хадзіць, ледзь гаворыць і амаль не выходзіць з еўрапейскіх шпіталяў. Але, як і ў выпадку з Брэжневым, адпускаць Бутэфліку, якому споўнілася 82 гады, на заслужаны адпачынак кіруючыя кланы не жадаюць. Таму, калі надышоў час заканчэння чацвёртай кадэнцыі кіраўніка дзяржавы, яго кулуарна вырашылі вылучыць на пяты тэрмін. Адпаведная заява была зробленая адным з клеркаў урада 10 лютага.

Грамадства ўспрыняла навіну з вялікім расчараваннем. Многія алжырцы, мяркуючы па прэсе, стаміліся ад сітуацыі, калі краінай, прыкрываючыся Бутэфлікам, кіруе ананімная група чыноўнікаў. Лічыцца, што такая форма ўлады з’яўляецца крыніцай вельмі моцнай карупцыі. Новы прэзідэнт, маўляў, мог бы палепшыць сітуацыю на антыкарупцыйным фронце. Моладзь спадзявалася, што сыход Бутэфлікі адкрые шмат кар’ерных ліфтаў. Аднак 10 лютага ўсім спадзяванням прыйшоў канец.

Хаця спачатку пратэсты супраць пятага тэрміну прэзідэнцтва абмежаваліся запісамі і мемамі ў інтэрнэце. Напрыклад, нехта здолеў адрэдагаваць старонку, прысвечаную прэзідэнту, у Wikipedia. Да агульнай інфармацыі пра тое, што Абдэль Азіз Бутэфліка — прэзідэнт, палітык і гэтак далей, дадалося слова «мумія». Дырэкцыя Wikipedia, натуральна, хутка тую «мумію» прыбрала, аднак на гэты час пра хуліганскі ўчынак ведаў увесь Алжыр.

А пасля адбыўся сапраўдны цуд. Нечакана абурэнне ў сацыяльных сетках перарасло ў адкрыты пратэст. Геаграфія маніфестацый супраць пятага мандату хутка пашырылася на ўсе буйныя гарады краіны. Іх кульмінацыя здарылася напярэдадні 3 сакавіка, калі Бутэфліка павінен быў зарэгістравацца ў якасці кандыдата ў мясцовым ЦВК. Лічылася, што беспрэцэдэнтная пратэстная хваля паўплывае на канчатковае рашэнне пра балаціроўку.

Асобна спадзяваліся маніфестанты на Парыж — галоўнага партнёра і саюзніка Алжыру. Складнік іміджу Эмануэля Макрона — падтрымка дэмакратыі. Акрамя таго, пратэсты супраць пятага тэрміну падтрымала вялікая камуна выхадцаў з Алжыру, галасы якой уплываюць на вынікі выбараў. Аднак Францыя вырашыла трымаць дыстанцыю ад алжырскай фронды. Хіба прадстаўнік Саўміну выказаў надзею, што «хуткія выбары будуць імпульсам для вырашэння праблем Алжыру».

Паўплывала гэта або не на алжырскую адміністрацыю, аднак у выніку Бутэфліка ўсё ж быў зарэгістраваны. Хаця на факт пратэстаў ён сапраўды адрэагаваў — апублікаваў ліст, у якім заявіў, што пачуў галасы дэманстрантаў і паабяцаў: яго пяты тэрмін будзе апошнім, а наступныя выбары адбудуцца датэрмінова. Алжырцам паабяцалі таксама, што выбары пройдуць дэмакратычна.

Калі нехта і верыў у гэтыя словы, то вельмі нядоўга. Адно з абяцанняў прэзідэнта (забяспечыць справядлівыя выбары) было парушана ледзь не адразу. Паводле закону, кандыдат павінен асабіста падаць дакументы ў ЦВК. Па словах мясцовага старшыні ЦВК, Бутэфліка так і зрабіў. Аднак усёй краіне вядома, што ў гэты час ён знаходзіўся ў шпіталі ў Швейцарыі. Пасля такой дэманстратыўнай хлусні ўлады хваляванні пачаліся зноў.

alzyr_1.jpg

Праўда, ёсць пытанне — наколькі хопіць у пратэстоўцаў імпэту? Справа не толькі ў жорсткіх паліцэйскіх рэпрэсіях. Культура вулічнага пратэсту ў Алжыры вельмі слабая. У тым ліку таму, што з нейкага часу пратэст сышоў у інтэрнэт. Гэты спецыфічны момант графічна пракаментаваў мясцовы карыкатурыст. На яго малюнку паліцыянт заклікае дэманстрантаў тэрмінова разысціся і вярнуцца ў сацыяльныя сеткі. Напэўна, на гэта і робіць стаўку ўлада, якая марыць пра пяты мандат і забываецца пра ролю брэжнеўскага застою ў калапсе СССР.