Сусветныя цікавосткі: Фрэдзі Кругеру — 40, капібары супраць багацеяў
У лістападзе адзначыў 40-годдзе фільм, які стаў крыніцай начных кашмараў не для аднаго пакалення. У Кыргызстане хочуць змяніць гімна. Але ёсць нюанс. Прадстаўнікі элітаў у Аргенцінце пакутуюць ад нашэсця капібар. А татарам у Расіі, падобна, прыгатаваны незайздросны лёс. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
40 гадоў Фрэдзі Кругеру
Аматары хорараў адзначылі важную дату — 40 гадоў таму, 9 лістапада 1984 года, у пракат выйшаў «Кашмар на вуліцы Вязаў». Фільм спарадзіў цэлую франшызу і перавызначыў жанравыя правілы. Сюжэт, нагадаем, распавядае аб групе падлеткаў, якія пакутуюць на начныя кашмары: злавесны мужчына (Фрэдзі Кругер) у паласатым швэдары, з лёзамі на пальцах пераследуе іх і спрабуе забіць.
Не ўсе ведаюць, што фільм мае рэальную базу. «Кашмар» нарадзіўся з газетнай нататкі. Рэжысёр Уэс Крэйвен прачытаў артыкул пра хлопца з Паўднёва-Усходняй Азіі, які пакутаваў ад кашмараў і адмаўляўся засыпаць на працягу многіх начэй, запэўніваючы, што гэта яго заб'е. Так ці інакш, фільм стаў бомбай. Бюджэт карціны склаў 1,8 мільёна долараў, але акупіўся ўжо ў першыя выходныя пракату. Агульныя зборы ў ЗША перавысілі 50 мільёнаў долараў. У 2021 годзе карціна была прызнана нацыянальным здабыткам ЗША. Сам Кругер стаў папулярным таварам і мемам. Па матывах фільма і сіквелаў выпускаліся цацкі, калекцыйныя фігуркі для дарослых, навалачкі, пінбольныя аўтаматы, калекцыйны гадзіннік і нават дзіцячыя піжамы. Кругер таксама пракраўся і ў лексіку СМІ: выраз «кашмар на вуліцы чагосьці» стаў крылатым у загалоўках амерыканскіх медыя. Ці варта казаць, што фільмы пра Кругера здымаюцца да гэтага часу.
Застаецца дадаць, што Фрэдзі Кругер — гэта сінтэз некалькіх рэальных вобразаў. Фрэдам Кругерам, напрыклад, звалі хулігана, які біў будучага рэжысёра ў пачатковай школе.
Гімнам Кыргызстану стане песня пра «Майдан»?
Не паспелі сціхнуць жарсці па сцягу Кыргызскай Рэспублікі, як тамтэйшае грамадства зноў прыйшло ва ўзбуджаны стан — на гэты раз з нагоды Гімна Кыргызскай Рэспублікі. Падбухторшчыкам аказаўся ўсё той жа Нурлан Шакіеў — спікер парламента, які на адным з пасяджэнняў катэгарычна заявіў: «Гімн Кыргызскай Рэспублікі будзе зменены!» Цяперашні гімн цяжка паддаецца спевам. «Нават птушкі разлятаюцца ў розныя бакі, ледзь пачуўшы гукі нашага Гімна», – пажартаваў Нурланбек Тургунбекавіч.
Гімн Кыргызстана быў зацверджаны ў канцы 1992 года, праз год пасля развалу СССР, у выніку конкурснага адбору. Але канкурсанты не ведалі, што іх цынічна падманваюць. Пераможцам «конкурсу» загадзя стала мелодыя, напісаная двума класікам кыргызскай сімфанічнай і опернай музыкі. Нягледзячы на статуснасць аўтараў, гімн атрымаўся слабым. Многія прадстаўнікі эліты нават не ведаюць яго слоў. Адным словам, Шакіеў мае рацыю ў сваіх заявах. Цяпер папулярна версія, што хутчэй за ўсё новым гімнам краіны будзе песня «Кыргызстан», якую напісаў нейкі просты сельскі настаўнік музычнай школы з далёкай кыргызскай глыбінкі. Песня сапраўды вядомая. Праўда, ёсць нюанс. Стварыць яе таго настаўніка натхніў адзін з кыргызскіх «Майданаў», калі краіна паднялася супраць рэжыму. Ці зацвердзяць улады ў якасці гімна песню, у якой услаўляецца «каляровая рэвалюцыя»?
Капібары супраць багацеяў
Прыкладна дзесяць год таму ў прыгарадзе Буэнас-Айрэса пад назвай Nordelta было вырашана пабудаваць раён шыкоўных віл. Так узнік гіганцкі дывелаперскі праект Nordelta — комплекс закрытых элітных катэджных пасёлкаў. Але тут у справу ўмяшаліся капібары. Паколькі ў сувязі з будоўляй у раёне зніклі драпежнікі, капібары сталі імкліва размнажацца. Цяпер яны плаваюць у азёрах і каналах цэлымі статкамі і шчыплюць траўку на самых элітных газонах краіны. Перыядычна ў сеціве ўсплываюць аўдыё са скаргамі, як капібары зжэрлі ўвесь сад, напалі на сабаку і гэтак далей. Жыхарам Nordelta гэта, натуральна, не падабаецца. Але да спадобы большасці аргенцінцаў. Падзеі ў Nordelta набылі важнае сімвалічнае і нават палітычнае вымярэнне, ператварыўшыся ў супрацьстаянне жывёлаў і багацеяў. Колькасць мэмаў на тэму супраціву капібар-рэвалюцыянераў — зашкальваюць. Прычым трэк стымулявалі самі багацеі. У адным з вірусных ролікаў на тэму капібар элітная жыхарка Nordelta выказала пагарду на адрас важнага знака Аргенціны — матэ. Маўляў, быдла п'е гэтую гадасць, а капібары ядуць гэтую траву. Так у народнай творчасці з'явіўся новы важны сімвал — матэ ў лапах капібары. Адным словам, капібары і пралетарыі ўсяго свету, яднайцеся!
Татары кшталту перуанцаў?
Прыкметны рэзананс выклікаў пасаж Роберта Нігматуліна — татарстанскага і расійскага акадэміка, члена Нацыянальнага савета Сусветнага кангрэса татараў. Журналісты папрасілі яго пракаментаваць працэс, калі ўсё менш татараў размаўляюць на роднай мове. Навуковец супакоіў грамадскасць так: «Татары ўсё роўна не знікнуць, хоць мова і знікае». Журналіст удакладніў: «Але ў якім выглядзе яны захаваюцца? Рускамоўны народ, які захаваў сваю татарскую ідэнтычнасць? Як, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы перуанцы, што гавораць на іспанскай мове…» Нігматулін адказаў: «Так, так…»
Тыя, для каго моўнае пытанне ў Татарстане важнае, адразу зацікавіліся, хто ж такія перуанцы. Аказваецца, гэта хутчэй палітычная нацыя, чым этнічная. У этнакультурных адносінах яны складаюцца з дзвюх груп: нашчадкаў еўрапейцаў і іх метысаў з карэннымі перуанцамі і з прадстаўнікоў этнічных груп кечуа, аймара, сельва і г.д. Дык вось, іспанамоўнымі з'яўляюцца менавіта крэолы і метысы. Ці гэта значыць, што татараў чакае лёс іспанамоўных метысаў «індзейцаў», якія ўжо даўно асіміляваныя? Як бачым, перспектыва не прыемная. Так ці інакш, эксперты пішуць, што ў Расіі пачалася папулярызацыя наратываў, кшталту «народ не памірае разам з мовай». То-бок, гэта накіравана на тое, каб усе яе нярускія народы ператварыць менавіта ў нейкіх «крэалізаваных метысаў».