Танцаў больш не будзе. У Аўстрыі затрыманы расійскі шпіён

У Аўстрыі затрыманы расійскі шпіён, кіраўнік МЗС Карын Кнайсль адмяняе паездку ў Маскву.

 

У жніўні гэтага года Пуцін быў на вяселлі кіраўніка аўстрыйскага МЗС Карын Кнайсль, якая цяпер адмаўляецца ехаць у Расію. Фота GETTY IMAGES

У жніўні гэтага года Пуцін быў на вяселлі кіраўніка аўстрыйскага МЗС Карын Кнайсль, якая цяпер адмаўляецца ехаць у Расію. Фота GETTY IMAGES

Па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі затрыманы адстаўны палкоўнік узброеных сіл Аўстрыі. Паведамляецца, што ён мог зарабіць на перадачы сакрэтнай інфармацыі 300 тысяч еўра.

70-гадовага палкоўніка падазраюць у працы на замежную выведку на працягу 20 гадоў, паведамляе аўстрыйскае выданне “Kronen Zeitung”, спасылаючыся на дадзеныя прадстаўніка аўстрыйскага Мінабароны.

Газета адзначае, што "падазраваны дзейнічаў вельмі прафесійна". Будучы ў адстаўцы, ён займаў "непрыкметную пасаду" ў штабе аўстрыйскай арміі.

Выданне піша, што палкоўнік павінен быў збіраць інфармацыю аб аўстрыйскіх ВПС, артылерыйскіх сістэмах, аб міграцыйнай сітуацыі, а таксама дэталёвую інфармацыю пра шматлікіх аўстрыйскіх высокапастаўленых вайскоўцаў. Кожныя два тыдні ён кантактаваў з расійскім бокам з чалавекам па імі "Юры", адзначае выданне.

Паводле дадзеных выдання “Die Presse”, падазраваны быў завербаваны яшчэ ў 1988 годзе.

Міністр абароны Аўстрыі Марыа Кунасек заявіў, што інфармацыя пра затрыманага з'явілася "некалькі тыдняў таму" ад адной з еўрапейскіх спецслужбаў. "Пакуль мы не можам сказаць, адзінкавы гэта выпадак ці не", — заявіў ён.

Паводле яго слоў, былы афіцэр перадаў контрвыведнікам свой ноўтбук, які зараз вывучаецца.

Кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што "непрыемна здзіўлены" інфармацыяй пра затрыманне экс-палкоўніка.

Увечары ў пятніцу пасол Аўстрыі ў Расіі Ёханэс Айгнер прыбыў у МЗС Расіі. Ён адмовіўся даваць якія-небудзь каментары журналістам.

 

Танцы скончыліся?

Міністр замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль, на чыім вяселлі нядаўна гуляў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, адмяніла паездку ў Маскву, якая павінна была адбыцца 2 снежня, і выклікала прадстаўнікоў расійскай амбасады для тлумачэнняў.

Расійская амбасада не стала каментаваць навіну пра затрыманне. Расійская Служба знешняй разведкі (СВР) таксама адмовілася ад каментароў.

Прадстаўнік пракуратуры Зальцбурга Роберт Хальцляйтнер паведаміў РИА Новости, што ведамства пачало расследаванне па гэтай справе.

"Мы правяраем паведамленне ва ўсіх кірунках, асабліва — у кірунку выдавання дзяржаўных таямніц. Гэта злачынства, якое ў нас караецца да 10 гадоў зняволення", — сказаў ён.

Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц заявіў, што лічыць: падазрэнні ў дачыненні да экс-палкоўніка пацвердзяцца. Ён дадаў, што меркаваны шпіён пачаў сваю дзейнасць з 1990-х гадоў і мог займацца ёю аж да цяперашняга часу.

"Такія выпадкі, не істотна, ці адбываюцца яны ў Нідэрландах, ці Аўстрыі, не палепшаць адносін паміж Расій і Еўрасаюзам. Шпіянаж непрымальны, і расійскі шпіянаж ў Еўропе непрымальны, ён падпадае асуджэнню", — прыводзіць словы канцлера ТАСС.

"Цяпер юстыцыя павінна ўсталяваць, ці пацвярджаецца падазрэнне. Далейшыя дзеянні мы абмяркуем з нашымі еўрапейскімі партнёрамі", — дадаў Курц.

Аўстрыя — адна з нямногіх еўрапейскіх краін, якія знаходзяцца ў сяброўскіх адносінах з Расіяй. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін у жніўні гэтага года нават з'ездзіў на вяселле кіраўніка МЗС Карын Кнайсль і станцаваў з ёй. А ўрадавая кааліцыя ў краіне сфарміраваная з удзелам крайне правай "Партыі свабоды", якая сімпатызуе расійскім уладам.

Паводле ВВС