The New York Times: Або НАТА мусіць ваяваць ва Украіне, або трэба ўгаварыць Кіеў здацца
«Узброіць Украіну або капітуляваць» — каментар пад такім загалоўкам апублікаваў ва ўплывовай амерыканскай газеце «Нью-Ёрк таймс» Бэн Джуда.
Расія і Украіна вядуць вайну, піша ён. Пуцін не пакінуў Захаду добрых опцый, прызнае ён, але і рабіць нешта трэба. Варыянты ёсць два, абодва яны рызыкоўныя. Або ўзбройваць Украіну, або прымусіць
Кіеў здацца і дазволіць Пуціну адкраіць сабе ад Украіны столькі тэрыторыі, колькі ён захоча.
Захад павінен быць з Украінай сумленным. Краіну абнадзейвалі будучым сяброўствам у Еўрасаюзе і НАТА. Кіеў да гэтага імкнецца, але пры гэтым Захад не дае Украіне сродкаў для вядзення вайны, ад
выніку якой залежыць само існаванне дзяржавы.
Украіну знішчаюць. Яе эканоміка зруйнаваная. А войска не вытрымае наступу Расіі. Украінцы шукаюць паратунку ў рамантычным нацыяналізме і рыхтуюцца да партызанскай вайны.
Яшчэ некалькі месяцаў без істотнай заходняй падтрымкі, і Украіна страціць баяздольнае ядро сваёй арміі, папярэджвае аўтар. А разам з ім страціць і веру ў Захад. На змену ёй прыйдзе пачуцце
здрады. Украіна можа ператварыцца ў еўрапейскую Сірыю.
Мы не можам такога дапусціць, піша «Нью-Ёрк таймс». Трэба змірыцца з тым фактам, што далейшае пашырэнне Еўрасаюза і НАТА можа адбыцца коштам непрамой вайны з Расіяй —
і трэба быць гатовым весці такую вайну.
Логіка патрабуе, каб у Кіеў прыбылі заходнія вайсковыя дарадцы, каб Украіна атрымала поўны доступ да звестак разведкі і спадарожнікавага назірання. Трэба пастаўляць зброю і беспілотнікі. Калі
расійскія танкі рушаць глыбей за Данбас, каб захапіць для Расію сухаземную дарогу ў Крым, трэба нават быць гатовым да размяшчэння войскаў НАТА.
Безумоўна, такі шлях тоіць вялізныя рызыкі, прызнае аўтар. Расія тады ўдарыць па Украіне з усёй сілай. Амерыканскаму і брытанскаму спецназу прыйдзецца тады ўзяць пад кантроль аэрапорты Кіева і
Адэсы. Але Пуцін можа паўтарыць тое, што Расія ўжо зрабіла ў Прышціне ў 1999: скінуць дэсант, каб атачыць іх.
Калі ж Захад не гатовы ісці на такія рызыкі, піша «Нью-Ёрк таймс», тады трэба ўгаварыць украінцаў развітацца з іх смяротна небяспечнымі ілюзіямі. Не трэба тады, каб украінскую
моладзь намарна малола расійская мясарубка.
Адзіны шлях тады — каб Захад змусіў Украіну здацца. Украіна цалкам залежыць ад грошай МВФ, таму вымушаная будзе падпарадкавацца. Тады трэба сказаць Кіеву, каб ён змірыўся з fait
accompli, што Расія вычленіла сабе новую «Асецію» ў Данбасе— або МВФ адключыць грошы. Тады трэба суцешыць украінцаў: лёс Грузіі нумар два не найгоршы.
Калі ісці гэтым другім шляхам, мы ўратуем тысячы жыццяў, піша газета. Але гэта будзе поўны разгром Захаду. Расія адновіць свой імперскі статус. Краіны былога СССР вернуцца пад кантроль Расіі, а
Захад, такім чынам, прызнае права Расіі напасці на любую з гэтых краін і змяніць іх межы па сваім жаданні.
Расія разбурыць сусветны парадак, створаны пасля паразы СССР у халоднай вайне. Амерыкі ў свеце перастануць баяцца. Ворагі Амерыкі — ад Кітая да Ірана — ясна прачытаюць гэты
сігнал.
Дый сама Расія на Украіне не спыніцца. Пуцін будзе імкнуцца аслабіць НАТА і, як толькі адчуе слабінку, пойдзе далей. Будзе толькі пытаннем часу стварэнне новых зон «замарожаных
канфліктаў» у краінах Балтыі, дзе жыве рускамоўнае насельніцтва. Польшча будзе вымушана дзейнічаць так, нібы НАТА няма, і ствараць абарончы альянс у Балтыйскім рэгіёне. Варшава, магчыма,
можа нават стварыць буферную зону ў Заходняй Украіне.
Няма лёгкага выйсця з сітуацыі ва Украіне, піша аўтар газеты. Але нельга, каб тысячы ўкраінцаў гінулі праз ваганні Захаду. Трэба быць сумленнымі з імі ў тым, што Захад не хоча весці новую
халодную вайну з Расіяй за незалежнасць Украіны. Але калі мы змусім украінцаў здацца, падсумоўвае ён, то здацца павінны і НАТА, і Еўропа, і ліберальная дэмакратыя. Вось перад якім выбарам стаіць
свет.