Транспартны крызіс і гора расійскіх дальнабойнікаў (відэа)

Расійскія фуры, якія не хочуць бачыць ва Украіне, трапяць у Нямеччыну… праз мора. Рэпартаж «Белсату» з мяжы.

Часова адмяніць узаемную забарону на транзіт цяжкавікоў дамовіліся расійскі ды польскі бакі падчас чарговай сустрэчы. Паездкі дазволілі да 15 красавіка.

Цяпер жа большая частка грузавікоў перапраўляецца праз Балтыйскае мора — з літоўскай Клайпеды ў нямецкі Кіль. У пачатку месяца ў Клайпедзе было каля 300 фураў, цяпер колькасць зменшылася, бо запрацаваў дадатковы паром.

«Цяпер у нас у тэрмінале знаходзяцца 150-160 фураў. І мы думаем, што да 24 лютага мы іх накіруем у Нямеччыну», — кажа Вайдас Клумбіс, прэс-сакратар кампаніі «DFDS Seaways», якая ладзіць паромную пераправу з Клайпеды.

Ехаць жа праз тэрыторыю Украіны расейскія перавознікі не рызыкуюць, і прычыны зразумелыя.

«Украіна не пусціла, арыштавалі машыну. 9 машынаў было ў закладніках. 5-6 машынаў ішлі першымі, а мы за ўкраінскімі кіроўцамі ішлі. Яны нас проста перакрывалі ў вёсках. Людзі выходзілі, кідалі вілы, лапаты», — кажа кіроўца.

Абмежаванні перавознікаў, якія сталі вынікам канфлікту паміж Расіяй ды Польшчаю з Украінай, адбіліся не толькі на лагістычных фірмах, але і на кіроўцах.

«Мы не на акладзе. Мы за свае грошы харчуемся. Што зарабілі? Праехалі 400 кіламетраў, зарабілі 40 еўраў? А колькі пакінулі на межах украінскіх, спалілі салярку — хто за гэта будзе плаціць? Ніхто!» — распавядае іншы кіроўца.

Наўрад ці выратуе сітуацыю і часовае аднаўленне руху перавознікаў праз Польшчу. З сённяшняга дня расейскія фуры могуць мінаць польскую мяжу, але калі не зрабіць ніякіх захадаў, праз два месяцы праблема паўстане ізноў.

Спрабуючы нібыта абараніць свой уласны рынак, Масква робіць грузаперавозкі з Еўропаю для сваіх жа перавознікаў значна даражэйшымі. Пытанне, ці сапраўды гаворка ідзе пра эканамічныя інтарэсы, ці чарговую, выключна палітычную вайну з Захадам?

belsat.eu