Расія. Дзярждума адхіліла законапраект аб штрафах і арышце за камін-аўт

Большасць дэпутатаў пры галасаванні ўстрымаліся, ні адзін з парламентарыяў супраць ініцыятывы не выказаўся.



statedumabig.jpg

Фота з сайта www.gayrussia.eu

Дзяржаўная Дума Расіі ў мінулую пятніцу, 19 лютага, адхіліла законапраект аб штрафах за публічную дэманстрацыю нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, як тое вынікае з інфармацыі на сайце ніжняй палаты парламента. Раней гэты праект быў адхілены камітэтам Дзярждумы па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, паведамляе GayRussia.Ru.

Законапраект прадугледжваў увядзенне штрафу ад 4 да 5 тысяч рублёў за дэманстрацыю "сваіх скажоных сексуальных густаў у грамадскіх месцах". За такія дзеянні, учыненыя на тэрыторыі адукацыйных і культурных устаноў, прапаноўвалася караць арыштам да 15 сутак.

У першым чытанні за законапраект прагаласаваў 101 дэпутат, а астатнія ўстрымаліся. У выніку ініцыятыва была адхіленая па прычыне недастатковай колькасці галасоў у падтрымку. Характэрна, што ні адзін дэпутат Дзярждумы супраць законапраекта не прагаласаваў,

Законапраект аб увядзенні адміністрацыйнай адказнасці за "публічнае выказванне нетрадыцыйных сексуальных адносін" быў унесены ў Думу ў кастрычніку 2015 года. Ініцыятарамі праекта сталі дэпутаты КПРФ Іван Нікітчук і Мікалай Арэф'еў.

Аўтары праекта выказалі меркаванне, што асаблівую небяспеку прапаганда гомасексуалізму прадстаўляе "для дзяцей і юнакоў, часам асабліва схільных да унушэння", бо "агрэсіўнасць прасоўвання гомасексуальных поглядаў, у тым ліку пад прыкрыццём абароны правоў чалавека, мае яўна правакацыйны характар". Яны таксама звязалі гомасексуальнасць з педафіліяй.

Праект дакумента быў раскрытыкаваны прадстаўнікамі грамадскасці. У "Адзінай Расіі" адзначалі, што для абароны традыцыйных каштоўнасцяў Дзярждума ўжо прыняла адзін закон — аб забароне прапаганды гомасексуалізму, і гэтага дастаткова.

Дэпутат Дзмітрый Гудкоў таксама адзначаў, што пры сустрэчы ў Дзярждуме дэпутаты нярэдка абдымаюцца і цалуюцца, і задаў пытанне, ці могуць такія дзеянні быць прызнаныя публічным выказваннем нетрадыцыйных адносін. Аднак нават Гудкоў не прагаласаваў супраць ініцыятывы. Ён, як і большасць дэпутатаў, устрымаўся.