Андрэй Суздальцаў: Крэмль не дасць грошай Лукашэнку
Крэдыту МВФ, калі ён і будзе атрыманы, не хопіць нават на пагашэнне бягучых даўгоў.
Пра гэта расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў распавёў у інтэрв'ю “Радыё Рацыя”, каментуючы шанцы Лукашэнкі на атрыманне грашовых траншаў ад Расіі і МВФ:
- На нядаўняй канферэнцыі ў Маскве пад назвай “Беларускі дыялог” абмяркоўвалі гэтае пытанне і прагучала меркаванне, што Крэмль пакуль не дасць грошай. Тут ёсць і фінансавыя прычыны, і палітычныя. Мы бачым, што сустрэча кіраўнікоў Расіі і Беларусі ў Сочы таксама была даволі няпростая, хоць беларускі бок затым і заяўляў пра нейкую расійскую падтрымку. Праўда, Масква пра гэта афіцыйна нічога не казала і ціха прамаўчала.
- Атрымліваецца, беларускім уладам у першую чаргу трэба спадзявацца на крэдыт Міжнароднага валютнага фонду?
- Тут трэба разумець, што, калі МВФ і дасць грошы, усе яны пойдуць на тое, каб аддаць у гэтым годзе пазыкі. Ды і гэтых не хопіць. Так што на Расію ў Лукашэнкі застаюцца вялікія надзеі па-ранейшаму. Але, па маіх звестках, Крэмль даваць крэдыт пакуль не плануе.
- Няўжо Масква пакіне без грошай свайго бліжэйшага "саюзніка"?
- А вось тут пытанне: саюзнік ці што? У Расіі ёсць такія настроі, і ёсць меркаванні, што беларуская ўлада ў апошні час займае антырасійскую пазіцыю. Некаторыя нават кажуць, што беларускі кіраўнік усё больш стаў нагадваць Януковіча. Расія дала таму крэдыт — і што далей? Не вярнуў — і не верне.
Паводле: Белорусский партизан