«Турэцкі гамбіт»: хунта і яе наступствы

Калі незаангажавана паглядзець на актуальныя падзеі ў Турцыі, падаецца, што мы сталі сведкамі аднаго з самых вялікіх кур’ёзаў у гісторыі. Праўда, наступствы яго будуць вельмі сур’ёзнымі.

tur_90417504_mediaitem90417503.jpg


Таіп Эрдаган, які як ніхто ў свеце пераследаваў сацыяльныя сеткі, застаўся пры ўладзе выключна дзякуючы ненавісным Facebook і Twiiter. Яго зварот выходзіць на вуліцы, які быў распаўсюджаны праз мабільныя прылады, мабілізаваў грамадскасць на выступы супраць хунты і змяніў баланс сіл. Аднак, нягледзячы на ўсю кур’ёзнасць гэтай гісторыі, яна сфармулявала шэраг сур’ёзных пытанняў, практычны адказ на якія можа цалкам змяніць не толькі цяперашні турэцкі, аднак і глабальны палітычны пейзаж.


erd_90415931_hi034087506.jpg

Зварот Эрдагана да насельніцтва нават у тэлевізары паказвалі праз тэлефон

Ці застанецца ў Турцыі пасля 15 ліпеня традыцыя вайсковых пераваротаў?


Нагадаем, што турэцкае войска выступае ў краіне сярод іншага нейкім вышэйшым палітычным арбітрам-рэгулятарам, захоўваючы за сабой негалоснае права зрынаць урады, якія, на думку генералаў, адышлі ад рэспубліканскай спадчыны Атацюрка. Вайсковыя перавароты адбываліся, напрыклад, у 1980 і 1997 гадах. Плёткі пра тое, што ў казармах незадаволеныя эрдаганаўскай палітыкай мяккай ісламізацыі, мусіраваліся даўно. Так, у 2011-м пачаўся судовы працэс над шэрагам генералаў, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы путчу.
Ці дыскрэдытуюць падзеі апошняй ночы ў вачах грамадства ідэю ўмяшальніцтва арміі ў палітыку? Калі так, то Эрдаган можа запусціць больш хуткую  трансфармацыю Турцыі ў нейкі неаасманскі праект.

Ці будзе ў Турцыі хапун?


Паводле афіцыйнай версіі, прырода путчу — унутраныя разборкі ўнутры турэцкай эліты (за спробай перавароту нібыта стаіць група Фетулаха Гюлена, турэцкага алігарха і імама, які жыве ў эміграцыі. Між тым, шмат хто баіцца, што Эрдаган выкарыстае спробу перавароту як алібі для кампаніі рэпрэсій супраць сваіх палітычных апанентаў. Перш за ўсё гэта тычыцца курдаў і левых партый. У сувязі з гэтым уздымаецца нават версія пра тое, што сам Эрдаган і справакаваў пераварот, каб даць падставу для маштабнай зачысткі і выратаваць свой рэйтынг, які моцна абваліўся пасля серыі апошніх тэрактаў.

Якім будзе фармат адносін Анкары з Захадам?


Нягледзячы на тое, што ўсе заходнія сталіцы асудзілі выхадку вайскоўцаў, нейкі прысмак няшчырасці ўсё ж адчуваецца. Турцыя вельмі моцна інтэграваная ў NATO, і цяжка ўявіць, што калегі турэцкіх генералаў па Альянсу нічога не падазравалі. Таксама незразумелая роля амерыканскіх структур бяспекі, якія не маглі не сачыць за тым, што робіць Фетулуах Гюлен, цэнтральны офіс якога знаходзіцца ў ЗША. У гэтым плане ў Крамлі спадзяюцца, што Эрдаган зробіць рашучы крок ў бок Масквы.

Ці будзе ў Турцыі грамадзянскай вайна?


Нягледзячы на рэляцыі чыноўнікаў Эрдагана пра перамогу над мяцежнікамі, сітуацыя ў комплексе застаецца малазразумелай. Прынамсі з турэцкай сталіцы ўвесь ранак 16 ліпеня прыходзілі навіны пра сутычкі з путчыстамі. Калі кропкі супраціву атрымаецца лакалізаваць, не выключаны працяг барацьбы ў выглядзе падполля. Прычым тое падполле будзе мець някепскія шансы перафарматавацца ў нешта больш сур’ёзнае — з улікам велізарнай колькасці сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў, якія паўсталі цяпер перад кіраўніцтвам Турцыі. Унутраная турэцкая канфрантацыя будзе іграць на руку курдам, які атрымліваюць карт-бланш на як мінімум стварэнне сваёй адміністратыўнай аўтаноміі.

tur_90417761_034090162_1.jpg

Фота AFP

Ці будзе новая хваля мігрантаў у Еўропу?


Нават калі справа ў Турцыі не дойдзе да грамадзянскай вайны, рост сацыяльна-эканамічнай напружанасці здольны падштурхнуць частку 2,2 мільёнаў сірыйскіх мігрантаў, якія знаходзяцца цяпер у Турцыі, шукаць лепшага месца пад сонцам. Наўрад ці Еўропа здольная вытрымаць новы націск мігрантаў без эканамічных і палітычных катаклізмаў, якія храналагічна прыйдуцца на выбарчыя кампаніі ў Францыі і ФРГ. У такім выпадку Brexit, ад наступстваў якога працягвае трэсці фінансавыя рынкі свету, падасца проста дробяз’ю.

Ці зменіцца палітычная дыскусія ва Украіне?


Ні для каго не сакрэт, што адна са сталых фішак украінскіх палітычных дэбатаў — тэма пагрозы вайсковага перавароту, за якім могуць стаяць ветэраны АТА, незадаволеныя карупцыяй і «антысацыяльным» курсам рэжыму Парашэнкі. Апошнім часам інсінуацый вакол сцэнару путчу ўзнікла больш — праз рост тарыфаў і справу аднаго з камандзіраў батальёну «Айдар», якога спрабавалі засудзіць за марадзёрства (аднак пасля пратэстаў хутка амніставалі). Тое, як рашуча міжнародная супольнасць асудзіла ўчынкі турэцкіх вайскоўцаў, можа паўплываць на амбіцыйныя планы ўкраінскіх жаўнераў-радыкалаў і прымусіць іх шукаць кампрамісныя схемы вырашэння існуючых праблемаў.
Гэта першы (аднак далёка не поўны) шэраг пытанняў, якія дадаў у глабальную палітычную павестку дня турэцкі палітычны крызіс. Застаецца сачыць за далейшым развіццём падзей.