Вайсковы пераварот у Турцыі
Увечары 15 ліпеня прэм'ер-міністр Турцыі Біналі Йылдырым заявіў, што ў краіне адбылася спроба перавароту з боку часткі вайскоўцаў.
Масты праз праліў Басфор перакрытыя. Інфармагенцтвы паведамляюць, што ў Анкары чутная страляніна, над горадам бачныя ваенныя самалёты і верталёты. Паведамляецца таксама, што побач з гарадскім аэрапортам стаяць танкі.
Агенцтва Рэйтэр перадавала, што турэцкія ваенныя абвясцілі пра захоп улады ў краіне. Яны сцвярджалі, што гэта зроблена "дзеля захавання вяршэнства закона, дэмакратычнага парадку і захавання правоў чалавека", перадае ВВС.
"Улада ў краіне цалкам перахопленая", — таксама гаворыцца ў заяве вайскоўцаў, якая была зачытаная на турэцкім тэлеканале NTV. Таксама вайскоўцы сцвярджалі, што ўсе міжнародныя абавязацельствы Турцыі застануцца ў сіле.
Пазней стала вядома, што кіраўнік Генштаба Турцыі Хулусі Акар узяты ў закладнікі ў будынку яго ведамства ў Анкары, паведамляе France Press.