Тымчук: Праблему Данбасу вырашыць толькі вайна
Магчымасці вырашыць канфлікт на Данбасе дыпламатычным сродкамі на дадзены момант вычарпаныя, перакананы вайсковы эксперт, дэпутат Вярхоўнай Рады, каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Украіны Дзмітры Тымчук.
У мінулую суботу ў Мінску адбылася чарговая сустрэча Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Сустрэча завяршылася безвынікова, а АБСЕ абвінаваціла ў зрыве мінскіх
перамоваў сепаратыстаў, якія «нават не былі гатовыя абмяркоўваць рэалізацыю рэжыму спынення агню».
Дзмітры Тымчук падкрэслівае, што з самага пачатку мінскага працэсу, з верасьня 2014 году, лічыў усе дамовы «фількавай граматай», за якой нічога не стаіць:
«Любыя перамовы і нейкі мірны дыялог магчымыя толькі пры адной умове: калі Расійская Федэрацыя прызнае сваю адказнасць за падзеі на Данбасе. Тады мы будзем разумець, якія гарантыі
могуць даваць бакі перамоваў. Цяпер нават падчас гэтых сарваных перамоваў пачыналіся банальныя звады: маўляў, не таго прыслалі з Кіева, патрэбен Парашэнка. Але тут пытанне: чаму Украіна павінна
пасылаць нейкага сапраўды ўпаўнаважанага прадстаўніка, калі статус саміх прадстаўнікоў ДНР і ЛНР, як і статус гэтых арганізацыяў, абсалютна незразумелы? Калі ідзе размова пра нейкія гарантыі, то
абодва бакі павінны прызнаваць сваю адказнасць — і Украіна, і Расія, без якой гэтыя падзеі не могуць адбывацца. На дадзены момант, на жаль, мы не бачым ніякай магчымасці вырашаць пытанне
вайны на Данбасе ў дыпламатычным полі. Адпаведна, застаецца толькі варыянт збройнага супрацьстаяння і сілавога вырашэння пытання».
Між тым афіцыйны Кіеў раз за разам вяртаецца да мінскага фармату і падкрэслівае неабходнасць захавання мінскіх дамоўленасцяў.
Паводле слоў Тымчука, украінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка тым самым хоча даказаць Захаду, што Украіна імкнецца ў першую чаргу мірным шляхам вырашыць канфлікт на Данбасе.
«І гэта зразумела: калі б мы рабілі стаўку на сілавое вырашэнне праблемы (што аб’ектыўна з'яўляецца адзіным выхадам), то Еўропа і ЗША наўрад ці нас бы так падтрымлівалі,
як сёння».
На думку Тымчука, сённяшнія мэты Крамля на Данбасе абсалютна відавочныя: максімальна пашырыць тэрыторыю, якую кантралююць баевікі ДНР і ЛНР, з наступным замарожваннем канфлікту, як у
Прыднястроўі.
Паводле svaboda.org