У Ізраілі каля паўмільёна чалавек выйшлі на пратэсты
Паводле звестак арганізатараў дэманстрацый, колькасць незадаволеных судовай рэформай склала каля паўмільёна чалавек. Толькі на пратэсную акцыю ў Тэль-Авіве выйшлі каля 250 тысяч чалавек.
Па ўсім Ізраілі ўчора, 11 сакавіка, прайшлі масавыя пратэсты супраць судовай рэформы, піша выданне Times of Israel.
Наступны чацвер абвешчаны «днём эскалацыі супраціву». Лідар апазіцыі Яір Лапід заявіў, што ў той час, як Ізраіль сутыкаецца з «вялікімі праблемамі» і «самым вялікім крызісам у сваёй гісторыі», урад «страціў цікавасць» да праблем краіны. «Адзінае, што цікавіць урад, — гэта працягваць разгром ізраільскай дэмакратыі і адзінства ізраільскага народа», — сказаў Лапід.
Дэманстранты зладзілі беспрэцэдэнтны дзень пратэстаў — яны заблакавалі цэнтральную шашу Аялон у Ізраілі на працягу прыкладна дзвюх гадзін і закрылі дарогі да аэрапорта Бэн-Гурыён. Адначасова адбываліся мітынгі, забастоўкі, блакады дарог па ўсёй краіне.
Меншыя мітынгі прайшлі па меншай меры ў 95 розных месцах па ўсім Ізраілі, у тым ліку ў Іерусаліме, Ашдодзе, Эфраце, Мадыіне, Нетаніі.
Арганізатары сцвярджаюць, што каля 240–250 тысяч чалавек сабраліся ў Тэль-Авіве і яшчэ каля 250 тысяч у 100 іншых месцах па ўсёй краіне, у тым ліку каля 20 000 — каля рэзідэнцыі прэзідэнта ў Іерусаліме.
«Гэта самая масавая ноч пратэсту ў гісторыі дзяржавы Ізраіль», — гаворыцца ў заяве арганізатараў.
У Іерусаліме прайшла асобная дэманстрацыя правых супраць цяперашняга пакету рэформаў і за кампраміс, трэці раз за апошнія тыдні такая акцыя праводзіцца па ініцыятыве былога міністра Ёаза Хэндэля.
Арганізатары пратэсту ў суботу заявілі, што ў сераду яны паспрабуюць сарваць запланаваны вылет прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху ў Берлін гэтак жа, як яны спрабавалі перашкодзіць яго паездцы ў Рым у гэтыя выхадныя, калі аўтамабілі, якія ехалі з хуткасцю слімака, забілі дарогі да аэрапорта. Гэта прымусіла прэм'ера ехаць на верталёце ў аэрапорт.
Учорашнія мітынгі былі ў асноўным мірнымі, паліцыя затрымала жыхара Нетаніі па падазрэнні ў тым, што ён кінуў петарду ў дэманстрантаў у цэнтральным прыбярэжным горадзе. Па словах прэс-сакратара паліцыі, у аднаго з падазраваных пры затрыманні знайшлі яшчэ адну петарду. У Тэль-Авіве былі затрыманыя некалькі пратэстоўцаў пры спробе заблакаваць трасу.
З-за чаго адбываюцца пратэсты?
Пратэстоўцы выступаюць супраць рэформы, у выніку якой урад можа атрымаць права вырашальнага голасу пры выбары суддзяў і абмежаваць магчымасці Вярхоўнага суда па адмене дырэктыў або законаў. Таксама многія дэманстранты выступаюць за адстаўку прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, які знаходзіцца пад следствам па некалькіх справах аб карупцыі.
- У пачатку лістапада 2022 года перадвыбарчы блок, які ўзначальвае Біньямін Нетаньяху, перамог на пазачарговых парламенцкіх выбарах пасля таго, як папярэдняя кіруючая кааліцыя распалася. У канцы снежня 2022 года парламент Ізраіля зацвердзіў новы ўрад краіны. У СМІ сфармаваны Кабінет міністраў называлі «самым правым у гісторыі краіны». З тых часоў у Ізраілі некалькі месяцаў працягваюцца пратэсты супраць новага ўрада.
- Лідар партыі «Лікуд» Біньямін Нетаньяху ўзначальваў урад Ізраіля больш за 15 гадоў. Ён сышоў з пасады прэм'ер-міністра ў 2021 годзе пасля таго, як не змог сфармаваць чарговы кааліцыйны кабінет па выніках выбараў.
- Акрамя гэтага, Нетаньяху з'яўляецца фігурантам трох спраў аб карупцыі. Яго абвінавачваюць у махлярстве, хабарніцтве і злоўжыванні даверам.
Паводле www.timesofisrael.com, meduza.io