У Нагорным Карабаху пройдзе рэферэндум аб новай канстытуцыі і новай назве краіны
У непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспубліцы (НКР) абмяркоўваецца праект новай канстытуцыі, якая прадугледжвае яе перайменаванне ў Рэспубліку Арцах.
Грамадскае абмеркаванне праекта канстытуцыі плануецца завяршыць да 20 лістапада, пасля чаго яго вынесуць на рэферэндум.
«Гэта азначае, што суб'ект у канстытуцыі мяняецца. Ажыццяўляецца тое, пра што мы гаварылі на працягу многіх гадоў, што настаў час вярнуцца да нашай гістарычнай, сапраўды армянскай назвы. І гэта знайшло сваё адлюстраванне ў першым артыкуле праекта новай канстытуцыі», — сказаў у інтэрв'ю мясцоваму тэлебачанню старшыня камісіі па канстытуцыйных рэформах, спікер парламента самаабвешчанай НКР Ашот Гулян.
Паводле яго слоў, новая канстытуцыя прадугледжвае цэнтралізаваную прэзідэнцкую форму праўлення з шырокімі паўнамоцтвамі заканадаўчай улады.
Па дзеючай канстытуцыі, прынятай у 2006 годзе, цяперашняя форма праўлення ў непрызнанай рэспубліцы — паўпрэзідэнцкая.
Абедзве канстытуцыі дапускаюць выкарыстанне і назвы Нагорны Карабах, і Арцах. У адрозненне ад дзеючай, у праекце новай канстытуцыі першым пунктам запісана Рэспубліка Арцах.
«Я не бачу прынцыповай розніцы ў гэтым перайменаванні. Арцах як назва рэспублікі выкарыстоўваецца і ў праекце новай, і ў дзеючай канстытуцыі. Абедзве канстытуцыі дапускаюць выкарыстанне абодвух назваў»,— адзначыў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Модус Вівэндзі» Ара Папян.
Па словах каардынатара фонду армянскіх даследаванняў «Ані» Татула Акапяна, перайменаванне нічога не мяняе: «Як да гэтага часу абедзве назвы выкарыстоўваліся, так і будуць выкарыстоўвацца».
«Магчыма, падчас нашых армянскіх абмеркаванняў больш правільна будзе выкарыстоўваць назву Арцах. Але якую б назву мы ні далі, у міжнародных структурах Карабах застанецца Карабахам», — лічыць Акапян.
Аб змене канстытуцыі НКР загаварылі пасля пачатку працэсу змены формы ўлады ў Арменіі, дзе ў снежні 2015 года адбыўся канстытуцыйны рэферэндум, паводле афіцыйных вынікаў якога большасць грамадзян адобрыла пераход да парламенцкай формы кіравання.
Кампанія па змяненні канстытуцыі Арменіі суправаджалася масавымі пратэстамі. Апазіцыя абвінаваціла ўлады ў фальсіфікацыі вынікаў і сцвярджала, што мэта змены канстытуцыі — стварэнне ўмоў для падаўжэння улады прэзідэнта Сержа Саргсяна, другі і апошні тэрмін якога на гэтай пасадзе заканчваецца ў 2018 годзе.
Новая канстытуцыя дае яму магчымасць захаваць сваю ўладу ў якасці старшыні парламента, прэм'ера ці кіраўніка кіроўнай Рэспубліканскай партыі Арменіі (РПА).
У траўні 2016 года ўказам прэзідэнта непрызнанай НКР Бако Саакяна была створана спецыяльная камісія па канстытуцыйным рэформам, якая павінна была распрацаваць і прадставіць прэзідэнту праект канстытуцыі — для пераходу ў Карабаху, як і ў Арменіі, да парламенцкай формы кіравання.
Аднак улады Карабаха змянілі сваё рашэнне, і камісія распрацавала канцэпцыю канстытуцыйных рэформаў, у якой, наадварот, абгрунтоўвалася неабходнасць узмацнення ў НКР прэзідэнцкай формы кіравання.
Афіцыйна гэтая неабходнасць тлумачылася тым, што, хоць «канстытуцыя 2006 года даказала сваю жыццяздольнасць і спрыяла станаўленню шэрагу канстытуцыйна-прававых інстытутаў і Нагорна-Карабахскай Рэспублікі як суверэннай, дэмакратычнай і прававой дзяржавы», за гэты час паўстала неабходнасць «далейшага паляпшэння прававога рэгулявання канстытуцыйных нормаў».
Улады непрызнанай рэспублікі сцвярджаюць, што гэтая неабходнасць «прадыктавана новымі рэаліямі грамадскага жыцця, новымі імператывамі забеспячэння бяспекі і прагрэсу краіны і павінна спрыяць павышэнню эфектыўнасці кіравання, умацаванню суверэнітэту краіны, далейшаму развіццю дэмакратычных працэсаў».
Улады адзначаюць, што пасля так званай чатырохдзённай вайны ў Карабаху, якая адбылася ў пачатку красавіка 2016 года на лініі супрацьстаяння азербайджанскіх і армянскіх сіл і якая забрала жыцці больш за дзвюх сотняў чалавек з абодвух бакоў, сталі гучаць галасы супраць парламенцкай формы праўлення. Шмат хто лічыў яе непрымальнай для «Карабаха, які фактычна знаходзіцца ў стане вайны».
Паводле BBC