У Вільні насупраць Музея ахвяраў генацыду зрабілі пляж

Для тых, хто не можа паехаць на адпачынак за мяжу або на літоўскае ўзмор'е, у цэнтры Вільні, на Лукішкскім пляцы, быў адкрыты штучны пляж Open Beach.

Пляж у цэнтры Вільні насупраць Музея ахвяраў генацыду © DELFI / Andrius Ufartas

Пляж у цэнтры Вільні насупраць Музея ахвяраў генацыду © DELFI / Andrius Ufartas

Віленчукі і госці літоўскай сталіцы тут змогуць не толькі адпачыць пасля працы, пазагараць, пачытаць кнігу, але і на вялізным экране Telia глядзець фільмы, серыялы і тэлевізійныя праграмы.
Гэта адказ Вільні на каранцінныя абмежаванні. На Open Beach ёсць усе неабходныя атрыбуты — лежакі, парасоны, валейбольная пляцоўка, распранальня і нават працоўныя месцы з бясплатным інтэрнэтам, сказана ў прэс-рэлізе муніцыпалітэта.
«Разнастайныя абмежаванні адкрываюць новыя магчымасці. Пасля таго, як былі закрытыя мяжы, з'явілася магчымасць адпачываць у Вільні і зноўку адкрыць для сябе горад. А тое, што пляж адкрыўся на Лукішкскім пляцы, нагадвае нам вялікую радасць святкавання волі. Напоўнены жыццём штучны пляж — гэтая заява Вільні пра тое, што свабода атрымала перамогу», — сказаў мэр сталіцы Рэмігіюс Шымашус.
Пляж плошчай 1660 кв. м з панядзелка насыпалі на Лукішкскім пляцы, сюды прывезлі каля 300 куб. м пяску. Пляж будзе дзейнічаць усё лета.
Аднак ідэя пляжу на Лукішкскім пляцы натхніла і парадавала не ўсіх. У сацыяльных сетках ідуць дыскусіі аб тым, ці сапраўды гэта адпаведнае для пляжу месца. Бо пляж знаходзіцца побач з Музеем ахвяраў генацыду, фасад якога выходзіць амаль на Лукішскі пляц. У народзе яго клічуць яшчэ Музеем КГБ, бо месціцца ён у будынку былога Камітэта дзяржбяспекі Літоўскай ССР. Гэта адзіны падобны музей на абсягах былога Саюза. Вязніца, якая існавала тут з 1940 па 1991 год і дзе больш за 1000 чалавек было знішчана толькі з 1944 да пачатку 1960-х, захавалася ў нязменным выглядзе. Дэпутаты-кансерватары выступілі з патрабаваннем спыніць ініцыятыву па стварэнні пляжа ў гэтым месцы.
Апроч таго на Лукішскім пляцы 22 сакавіка 1864 года павесілі кіраўніка антырасійскага вызвольнага паўстання на Беларусі Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 паўстанцаў. 
Паводле delfi.lt