Узлёт і падзенне Рышы Сунака. Дасье ў карыкатурах

Практычна роўна праз год з пачатку прэм'ерства Рышы Сунака 19 кастрычніка яго Кансерватыўная партыя пацярпела паразу ад лейбарыстаў на дадатковых выбарах у дзвюх акругах. Такі вынік значыць, што паражэнне торы на наступных выбарах у Вялікабрытаніі і адстаўка Сунака амаль прадказальныя.

1_813.jpg

Зрэшты, калі 25 кастрычніка мінулага года Сунак стаў прэм'ерам, да яго перспектываў адразу ставіліся асцярожна. Збольшага з прычыны бясконцых ракіровак, якія назіраліся на Даўнінг стрыт. Літаральна за два месяцы страцілі свае пасты аж два прэм'еры-торы Борыс Джонсан і Лізабет Трас. Нядзіўна, што рэзідэнцыя кіраўніка брытанскага ўрада нагадала мастаку газеты Dallas Morning Star прахадны двор.

Праўда, нейкія спадзяванні наконт новага прэм'ера ўсё ж фіксаваліся. Кампетэнтнасць Сунака ў пытаннях эканомікі (да гэтага ён займаў пасаду міністра фінансаў) магла дапамагчы супакоіць рынкі і даць краіне час на перадышку. Многім імпанаваў малады ўзрост палітыка і тое, што ён быў першым у брытанскай гісторыі прэм'ер-міністрам індуісцкага веравызнання. Так, аўстрыйскі мастак Мар’ян Камінскі яўна спадзяваўся, што Сунак будзе наватарам. Нядзіўна, што графік намаляваў як Сунак вымятае з офісу прэм’ера і клоўнскія чаравікі (сімвал Джонсана) і туфлі (сімвал Трас).

2_748.jpg

Аднак па ходзе аказалася, што радыкальна перафарматаваць курс папярэднікаў новаму прэм'еру не ўдалося. Напрыклад, ён працягнуў лінію на разрыў адносін з ЕС, хаця 60 працэнтаў брытанцаў сёння лічаць Brexit памылкай. Карыкатурыст выдання Reddit адрэагаваў на гэта малюнкам, на якім прэм'ер расстрэльвае суайчыннікаў, якія выступаюць за рэінтэграцыю краіны ў склад ЕС.

3_665.png

Ударам па прэстыжы кабінета Сунака аказаўся законапраект аб высылцы нелегальных мігрантаў у афрыканскую Руанду. Ідэю раскрытыкавалі ўсе, хто мог. У тым ліку, мастакі. На гэтым малюнку рэсурсу Cartoon Movement Сунак адразае са ствала дрэва з надпісам «правы чалавека» такія галінкі як «права на прытулак», «права на прыватнае жыццё» і г. д.

4_615.jpg

20 ліпеня 2023 года адбыліся дадатковыя выбары ў Палату абшчын у трох акругах, якія лічыліся надзейнай апорай кансерватараў. І хоць былую акругу Борыса Джонсана партыі з цяжкасцю ўдалося ўтрымаць, паразы ў двух іншых былі ўспрынятыя як катастрофа. На адной з акруг пройгрыш стаў найбуйнейшай з 1945 года стратай большасці (на папярэдніх выбарах у гэтай акрузе кансерватары атрымалі верх, апярэдзіўшы лейбарысцкага кандыдата на 20 137 галасоў). Каментуючы вынікі выбараў, мастак The Independent выявіў прэм'ера, які спрабуе хутка пазбавіцца слядоў партыйнай вечарынкі, што мела месца напярэдадні прайграных выбараў.

5_579.jpg

Нейкім чынам кабінет Сунака працягвае рабіць памылку за памылкай. У верасні ён адтэрмінаваў пераход краіны на электрычныя аўтамабілі на пяць год. Гэтае рашэнне выклікала крытыку не толькі грамадства, але і буйнога бізнесу, які ўжо інвеставаў у вытворчасць электрамабіляў. На гэтым малюнку Сунак выкарыстоўвае стары метад запраўкі машыны, вырваўшы разетку.

6_431.jpg


У прынцыпе, адзін год прэм'ерства занадта малы тэрмін, каб рабіць глабальныя ацэнкі. Аднак у выпадку Сунака і кансерватараў падобна на тое, што вердыкт вынесены. Брытанцам надакучылі скандалы і прэм'ерская чахарда ў лагеры торы. Яны расчараваныя тым, што новы прэм’ер працягвае рабіць тыя ж рэчы, што і папярэднікі. У той жа час лейбарысты, якія на гэты раз строга трымаюцца палітыкі левага цэнтра, выглядаюць прывабна. Фактычна Сунак сваім правальным курсам рыхтуе каранацыю для Кіра Стармера, лідара лейбарыстаў, — іранізуе мастак выдання The Times.

7_309.jpg