Віктар Орбан прапанаваў адрадзіць Вялікую Венгрыю для барацьбы з Бруселем
Венгрыя адзначыла соты юбілей Трыанонскай дамовы, у выніку якой, як частка экс-імперыі Габсбургаў, яна страціла прыкладна 70 працэнтаў сваёй тэрыторыі.
![p_366244_3_slidertop2.jpg p_366244_3_slidertop2.jpg](/img/v1/images/p_366244_3_slidertop2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Хаця большасць жыхароў страчаных тэрыторый былі славянамі або румынамі, многія венгры таксама засталіся па-за межамі бацькаўшчыны. Трыанон да гэтага часу з’яўляецца траўмай для венгерскага грамадства, чым ахвотна карыстаюцца мясцовыя правыя і еўрафобы, у тым ліку кансерватыўны ўрад Віктара Орбана.
Аднак гэтым разам акцэнты нечакана змяніліся. Замест таго, каб патрабаваць уз’яднання венграў, афіцыёз усталяваў сувязь паміж дамовай стогадовай даўніны і спробамі лібералаў пазбавіць народы Еўропы суверэнітэту.
Паводле словаў спікера венгерскага парламента (чальца партыі Орбана), «у той час, як 100 гадоў таму сумнеў выклікала “існаванне венгерскай нацыі”, сёння ў Бруселі ставяць пад сумнеў існаванне ўсіх нацый у Еўропе». А Віктар Орбан увогуле прапанаваў для барацьбы з Бруселем адрадзіць Вялікую Венгрыю ў выглядзе кааліцыі краін, якія ўваходзілі ў склад венгерскай дзяржавы.
Паводле замежнай прэсы