Венгрыя спрасціла ўмовы ўезду для расіян і беларусаў

Пасля візіту Віктара Орбана ў Маскву Будапешт уключыў грамадзян РФ і Беларусі ў праграму так званай «нацыянальнай карты» — яна выдаецца для ахвотных працаваць у Венгрыі на два гады з магчымасцю падаўжэння. Уладальнікаў венгерскіх «нацыянальных карт» не правяраюць на ўзроўні ЕС, таму рашэнне Будапешта ўжо выклікала занепакоенасць у суседніх краінах.

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан (злева) сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Крамлі 5 ліпеня 2024 года. Фота AFP

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан (злева) сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Крамлі 5 ліпеня 2024 года. Фота AFP

Улады Венгрыі «без лішняга шуму» спрасцілі ўмовы ўезду на тэрыторыю краіны для расіян і беларусаў.

Цяпер грамадзяне Расіі і Беларусі ўключаны ў праграму так званай «нацыянальнай карты» (адзін з тыпаў віду на жыхарства ў Венгрыі), якая дазваляе ўладкавацца на працу ў любых галінах і перавезці з сабой сям'ю, піша Deutsche Welle. 

Рашэнне было прынята ўрадам Венгрыі яшчэ ў пачатку ліпеня. Раней дзеянне праграмы распаўсюджвалася толькі на грамадзян Сербіі і Украіны. З 9 ліпеня «нацыянальнай картай» могуць карыстацца грамадзяне Расіі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Малдовы, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі.

«Нацыянальная карта» выдаецца на два гады і можа працягвацца неабмежаваную колькасць разоў. Праз тры гады пражывання ўладальнік карты можа запытаць пастаянны від на жыхарства ў Венгрыі. 

Акрамя таго, суіскальнікі карты не здаюць тэст на культурныя веды і не праходзяць праверку бяспекі на еўрапейскім узроўні.

Як адзначае выданне RND, гэта выклікае занепакоенасць у суседзяў Венгрыі, што такім чынам у Еўрасаюз могуць пранікнуць шпіёны або тэрарысты. 

Дэпутат Еўрапарламента Сяргей Лагадзінскі ў гутарцы з RND заявіў, што прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан «падрывае еўрапейскую міграцыйную сістэму і ў той жа час робіць сябе служкай Крамля». Пры гэтым ён адзначыў, што лічыць няправільным «таўраваць усіх расійскіх грамадзян».

Нагадаем, з пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну шэраг краін Еўрасаюза (напрыклад, Латвія, Эстонія, Літва, Польшча, Чэхія, Фінляндыя) закрылі ўезд і перасталі выдаваць грамадзянам РФ нават кароткатэрміновыя турыстычныя візы.

Глядзіце таксама

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан лічыцца адным з апошніх саюзнікаў Уладзіміра Пуціна ў Еўропе. Ён неаднаразова выступаў за працяг супрацоўніцтва Еўрасаюза з Расіяй і крытыкаваў ды зацягваў вылучэнне вайсковай дапамогі Украіне. 

У ліпені 2024 года Орбан адправіўся з «міратворчай місіяй» у Кіеў, Маскву і Пекін. Так, 2 ліпеня Орбан знаходзіўся з «мірнай місіяй» у Кіеве, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, а 5 ліпеня ў Маскве правёў перамовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Орбан прапанаваў Зяленскаму спыніць агонь, і толькі потым пачаць перамовы з Расіяй, ад чаго ўкраінскі бок, зразумела, адмовіўся. 

Пасля сустрэчы з Пуціным Орбан заявіў, што пазіцыі Украіны і Расіі вельмі далёкія адна ад адной, але праца павінна працягвацца.

Пасля візітаў у Кіеў і Маскву Орбан сустрэўся з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам у Пекіне з «мірнай місіяй» і з былым прэзідэнтам ЗША і кандыдатам у прэзідэнты Дональдам Трампам у Фларыдзе.

Пасля гэтага «нібыта мірныя намаганні» Орбана раскрытыкавалі ў Еўрапарламенце. А з-за перамоваў Орбана ў Маскве і Пекіне Еўрасаюз байкатаваў сустрэчы высокага ўзроўню, якія павінны былі адбыцца ў Венгрыі як краіне, якая цяпер старшынюе ў ЕС (нагадаем, Венгрыя з 1 ліпеня старшынстваваць у Еўрасаюзе паўгода).

Глядзіце таксама

Паводле Deutsche Wellemeduza.iowww.radiotavisupleba.ge