Шашаль, што точыць Еўропу знутры. Венгрыя — пагроза для ЕС?
Ні для каго не сакрэт, што венгерскі прэм'ер Орбан — добры сябар Пуціна, а Пуцін люта ненавідзіць Еўропу і ўвесь калектыўны Захад. Ці не атрымаецца так, як у той прымаўцы: вораг майго сябра — мой вораг?
Венгрыя спрашчае ўезд для расіян і беларусаў, а Еўракамісія патрабуе тлумачэнняў. Пасля візіту Віктара Орбана ў Маскву Будапешт уключыў грамадзян Расиі і Беларусі ў праграму «нацыянальнай карты». Яна дазваляе працаваць у Венгрыі два гады і можа працягвацца. У Брусэлі заявілі, што гэты крок павялічвае рызыку шпіянажу.
Расійцы патрэбныя Венгрыі для будаўніцтва атамнай электрастанцыі, кажуць у Будапешце. Расійская дзяржкарпарацыя «Расатам» павінна пачаць работы па ўзвядзенні «Пакш II» у гэтым годзе, а першы з двух энергаблокаў завершаць да 2032-га. Такім чынам, грамадзянам Расіі і Беларусі Венгрыя дазволіла атрымліваць двухгадовыя віды на жыхарства, прывозіць з сабой сем'і, а праз тры гады яны змогуць запытаць ПМЖ у краіне. Акрамя таго, суіскальнікі карты не здаюць тэст на культурныя веды і не праходзяць праверку бяспекі на еўрапейскім узроўні. Паводле інфармацыі СМІ, схема ўжо ў дзеянні, піша тэлеканал «Настоящее время».
«Ужо некалькі дзён расійцы могуць уязджаць у ЕС праз Венгрыю без якіх-небудзь праверак бяспекі і бесперашкодна рухацца ў іншыя краіны ЕС. Гэта стала магчымым дзякуючы рэгістрацыі гастарбайтэраў у Венгрыі, якую ў ліпені прэм'ер-міністр Віктар Орбан пашырыў, уключыўшы грамадзян Расіі і Беларусі», – піша RND.
У Еўракамісіі заявілі, што чакаюць ад Будапешта тлумачэнняў. Хоць Еўрасаюз і не забараняў грамадзянам Расіі ўязджаць на яго тэрыторыю, шэраг мер пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ўсё-ткі ажыццявілі. Напрыклад, забаранілі прамыя рэйсы з Расіі ў ЕС, спынілі пагадненні аб спрошчаным візавым рэжыме, а траціна краін Еўрасаюза наогул перастала выдаваць візы турыстам з РФ. А яшчэ з 2022 года з многіх краін па падазрэнні ў шпіянажы выслалі расійскіх дыпламатаў і супрацоўнікаў пасольстваў. Ці не палегчыць рашэнне Будапешта працу расійскім шпіёнам? Вось галоўнае пытанне.
«Еўракамісія будзе на сувязі з венгерскімі ўладамі, каб растлумачыць сферу дзеяння гэтай схемы і тое, ці трапляе яна пад дзеянне правілаў ЕС. Як вам добра вядома, адпаведна нашай палітыцы, Расія ўяўляе пагрозу бяспецы ЕС, і, такім чынам, усе інструменты на ўзроўні Саюза, на ўзроўні дзяржаў-членаў павінны забяспечваць бяспеку Еўрасаюза», – заявіла Аніта Хіпер прадстаўніца Еўракамісіі.
Камісар ЕС па ўнутраных справах Ілва Ёхансан паведаміла, што звярнулася да міністра замежных спраў Венгрыі Шандора Пінтэра ў сувязі з такім нечаканым і рызыкоўным рашэннем Будапешта. «Расія — гэта пагроза бяспецы. Нам патрэбна большая, а не меншая пільнасць. Сёння ў лісце я прашу венгерскі ўрад растлумачыць. Калі іх схема лёгкага доступу ўяўляе рызыку, мы будзем дзейнічаць», — заявіла чыноўніца. Яна ўпэўненая, што «Расія выкарыстоўвае ўсе магчымыя неканвенцыянальныя метады для дэстабілізацыі Еўрасаюза і яго каштоўнасцей».
Як піша агенцтва «Reuters», у сваім лісце Ёхансан папрасіла Венгрыю адказаць на пытанне аб візавай схеме да 19 жніўня, «улічваючы патэнцыйную пагрозу для Шэнгенскай зоны ад гэтых аднабаковых мер». Яна таксама заявіла, што зробіць «адпаведныя высновы», калі гэты крок парушае заканадаўства ЕС або ставіць пад пагрозу функцыянаванне Шэнгенскай зоны.
У той жа час Ёхансан не ўдакладніла, да якіх менавіта дзеянняў яна можа звярнуцца. Але Еўрапейская камісія, як адзначае «Reuters», можа прыняць юрыдычныя меры супраць краіны-члена ЕС, калі яна палічыць, што было парушана заканадаўства Еўразоны.